У нашага Стэпавага ваўка было так, што, адчуваючы сябе то ваўком, то чалавекам, ён, як усе, у кім замясіліся два пачаткі, быў адмысловы ў тым, што, калі быў ваўком, чалавек у ім чакаў, будучы назіральнікам і суддзёю, а калі быў чалавекам, акурат тое ж самае рабіў воўк. Напрыклад, калі Гары, як што ён быў чалавек, азарала яркая думка і ён насіў у сабе вытанчаныя, высакародныя пачуцці альбо ўчыняў так званае дабро, дык воўк у ім адразу ж ашчэрваўся, смяяўся і з крывавым здзекам паказваў яму, які ён пацешны і карыкатурны, як не красіць увесь гэты рафінаваны спектакль стэпавага звера, ваўка, які выдатна ведае, што яму да душы, а менавіта - гойсаць адзінцом па стэпах, часам хлябтаць кроў альбо ўгоньвацца за ваўчыхай, - і любы чалавечы ўчынак, убачаны воўчымі вачыма, рабіўся тады страшэнна смешным і недарэчным, дурным і марным. Але якраз бо тое самае здаралася і тады, калі Гары адчуваў сябе ваўком і трымаўся ваўком, калі ён паказваў людзям зубы, калі адчуваў нянавісць і смяротную варожасць да ўсяго людства, да іх ілжывай манернасці, да іх перапсаваных нораваў. Тады ў ім насцярожваўся чалавек, і чалавек сачыў за ваўком, называў яго жывёлай і зверам, і засмучаў, і атручваў яму любую радасць ад яго простай, здаровай і дзікай ваўчынай ухваткі.
Вось як яно было ў Стэпавага ваўка, і можна сабе ўявіць, што жыццё ў Гары было не вельмі прыемнае і шчаслівае. Але гэта не азначае, што ён быў нешчаслівы ў нейкай асаблівай меры, хоць яму самаму менавіта так і здавалася, бо кожны ж чалавек лічыць пакуты, якія выпалі на яго долю, найвялікшымі. Так нельга казаць ні пра каго. І той, у кім няма ваўка, не канечне шчаслівы менавіта з гэтай прыгоды. Ды і ў самым нешчаслівым жыцці пракідаюцца свае вельмі светлыя часіны і свае кветачкі шчасця сярод пяску і камення. Так было і ў Стэпавага ваўка. Большасцю ён бываў вельмі няшчасны, гэтага не аспрэчыш, і рабіў няшчаснымі іншых - калі любіў іх, а яны яго. Бо ўсе, каму здаралася палюбіць яго, бачылі толькі адзін ягоны бок. Шмат хто любіў яго як тонкага, разумнага і самабытнага чалавека і потым, калі раптам ашчэрваўся ў ім воўк, жахаліся і запаняверваліся. А не выявіць яны не маглі, бо Гары, як і кожны, хто хацеў, каб яго любілі ўсяго цалкам, не мог схаваць за ілжою ваўка менавіта ад тых, чыя любоў мела для яго вагу. Але былі і такія, якія любілі ў ім якраз ваўка, якраз свабоду, дзікасць, небяспечную неацуглянасць, і іх ён зноў жа страшэнна расчароўваў і засмучаў, калі раптам выяўлялася, што гэты дзікі, злосны воўк - яшчэ і чалавек, яшчэ і сумуе па дабрыні і ласцы, яшчэ і хоча слухаць Моцарта, чытаць вершы і мець чалавечыя ідэалы. Менавіта гэтыя «такія» звычайна і перажывалі асабліва вялікае расчараванне і асаблівую злосць і прыкрасць, і таму Стэпавы воўк уносіў ва ўсе чужыя лёсы, да якіх прычыняўся, сваю дваістасць і раздвоенасць.
Але хто думае, нібыта ведае Стэпавага ваўка і здольны ўявіць сабе яго жалю вартае, растурзанае супярэчнасцямі жыццё, той памыляецца, ён ведае далёка не ўсё. Ён не ведае (а правілаў жа без выключэнняў няма, і адзін грэшнік пры нагодзе мілейшы Богу за дзевяноста дзевяць праведнікаў), што ў Гары таксама ж бывалі шчаслівыя выключэнні, што ў ім часам воўк, а часам чалавек дыхаў, думаў і адчуваў на поўніцу сваёй сілы, што, бывала, нават у вельмі рэдкія часіны, яны заключалі мір і жылі ў добрай згодзе, прычым не проста адзін спаў, калі другі чуваў, а абодва падтрымлівалі адзін аднаго і кожны рабіў другога ўдвая мацнейшым. Часам і ў жыцці Гары, як усюды ў свеце, усё звыклае, буднае, знаёмае і правільнае мела, здавалася, адзіную мэту - адпачыць хвіліну-другую, прыпыніцца і саступіць месца нечамусь незвычайнаму, цуду, мілаце. А ці палягчалі, а ці памякчалі гэтыя кароткія, рэдкія часіны шчасця ліхую долю Стэпавага ваўка, ці ўраўнаважваліся пакута і шчасце, ці кароткае, але моцнае шчасце тых нячастых часінаў, не кажучы ўжо, ці перакрывала ўсю сукупнасць пакутаў, - гэта ўжо іншае пытанне, над якім хай варочаюць глуздамі людзі, якія прывыклі да марнай траты часу. Думаў над ім часта і Стэпавы воўк, і гэта былі яго пустыя і бескарысныя дні.