Але тут след укінуць яшчэ адну заўвагу. Людзей тыпу Гары на свеце - пропадзь, і да гэтага тыпу належаць, у прыватнасці, многія мастакі. Ува ўсіх гэтых людзей дзве душы, дзве істоты, боскі пачатак і д'ябальскі, матчына і бацькава кроў, здольнасць да шчасця і здольнасць да пакуты змяшаліся і перамяшаліся ў іх гэтак сама варожа і бязладна, як чалавек і воўк у Гары. І гэтыя людзі, чыё жыццё досыць неспакойнае, адчуваюць часам у свае рэдкія імгненні шчасця такую сілу, такую неверагодную прыгажосць, шумавінне імгненнай талані падымаецца часам настолькі высока і сляпуча над морам пакуты, што прамяні ад той кароткай успышкі шчасця даходзяць і да іншых і іх зачароўваюць. Так, каштоўным лятучым шумам над морам пакуты, узнікаюць усе тыя творы мастацтва, дзе адзін пакутнік на гадзіну падняўся над сваім лёсам аж так высока, што ягонае шчасце ззяе, як зорка, і ўсім, хто бачыць гэтае ззянне, яно здаецца нечым вечным, здаецца яго асабістай марай пра шчасце. Ува ўсіх такіх людзей, як бы ні называліся іхнія дзеі і творы, жыцця, калі шчыра, бадай што і няма, гэта значыць, іхняе жыццё не ёсць быццё, не мае пэўнай формы, яны не героі, не мастакі, не мысляры ў тым разуменні, у якім іншыя з'яўляюцца суддзямі, урачамі, шаўцамі альбо настаўнікамі, не, іхняе жыццё - гэта вечны, пакутлівы рух і хваляванне, яно няшчаснае, яно стурзанае і растурзанае, яно жахлівае і бессэнсоўнае, калі не лічыць сэнсам якраз тыя рэдкія падзеі, дзеі, думкі, творы, што ўспыхваюць над хаосам іхняга жыцця. У асяроддзі людзей гэтага тыпу ўзнікла небяспечная і страшная ідэя, што, можа, усё жыццё чалавечае - проста ліхая памылка, праматчын скідзень, дзікі, жахліва няўдалы эксперымент прыроды. Але ў іх жа асяроддзі ўзнікла і другая ідэя - што чалавек, магчыма, не проста жывёла, надзеленая пэўным розумам, а дзіця багоў, якому наканавана неўміручасць.
У кожнага чалавека ёсць свае прыкметы, ёсць адмысловыя рысы, у кожнага свае даброці і заганы, у кожнага - свой смяротны грэх. У Стэпавага ваўка гэта тое, што ён быў чалавекам вечара. Раніца ў яго была кепскай парою, якое ён баяўся і якая ніколі не прыносіла яму нічога людзкага. Ніколі ў жыцці раніцай ён не быў па-сапраўднаму вясёлы, ні разу не было, каб з раніцы ён зрабіў нешта добрае, раніцай яму ніколі не прыходзіла ў галаву ніякай добрай думкі, ні разу з раніцы ён і сабе нічога добрага не рабіў, не тое што, каб яшчэ і іншым. Толькі пасля полудня ён патроху цяплеў і ажыўляўся, і адно толькі ўжо падвечар, і тое ў добрыя дні, бываў плённы, дзейсны, а часам палкі і радасны. З гэтым і была звязана яго патрэба ў самоце і незалежнасці. Ніхто ніколі не адчуваў больш за яго пільнай патрэбы ў адзіноце. Яшчэ замаладзь, калі быў бедны і цяжка зарабляў на хлеб, ён галадаў і насіў на сабе ўсякія транты, але затое меў хоць якую там, але ж незалежнасць. Ён ніколі не прадаваўся ні за грошы, ні за якія даброты, ні жанчынам, ні магутам свету гэтага і, каб захаваць сваю свабоду, сотні разоў адкідаў тое, што іншыя лічылі ягоным шчасцем і выгодай. Нічога на свеце не было яму больш ненавісным і страшным, чым простая подумка, што што след яму засесці нейкую пасаду, неяк размеркаваць дзень і год, падпарадкоўвацца іншым. Кантора, канцылярыя, службовае памяшканне былі яму страшныя, як смерць, а самае кашмарнае, што магло прысніцца, быў палон казармы. Ён умеў ухіляцца ад усяго гэтага, часам цаною вялікіх ахвяраў. Тут праяўлялася яго сіла і годнасць, тут ён быў непахісны і непадкупны, тут яго нораў быў цвёрды і адназначны. Аднак з гэтай годнасцю былі зноў жа цесна звязаныя яго пакуты і лёс. Адбывалася з ім тое, што адбываецца з усімі: чаго ён шукаў і да чаго імкнуўся самымі глыбіннымі памкненнямі сваёй натуры, якраз яно і выпадала яму, але ў такой вялікай дозе, што ўжо не ішлося людзям на ніякае дабро. Спачатку гэта было яго марай і шчасцем, потым стала горкай доляй. Хто любіць уладу, памірае ад улады, хто любіць срэбра, памірае ад грошай, раб - ад рабства, шукальнік асалодаў - ад асалодаў. Так і Стэпавы воўк марнеў і гібеў ад сваёй незалежнасці. Ён дамогся жаданай мэты, ён рабіўся ўсё больш і больш незалежны, ніхто не мог яму нічога ўказаць, ні да кога ён не меўся прыстасоўвацца і, як яму паводзіцца, вызначаў сабе сам. Кожны моцны чалавек канечне дасягае таго, шукаць чаго собіць яго толькі ягоная ж натура. Але сярод дасягнутай свабоды Гары раптам адчуў, што свет неяк злавесна пакінуў яго ў спакоі, што яму, Гары, не да людзей і нават не да самога сябе, што ён спакваля задыхаецца ва ўсё больш пустым паветры адзіноты і ізаляцыі. Сталася так, што быць аднаму і быць незалежным - гэта ўжо не ягоная мара, не ягоная мэта, а ягоная доля, яго наканаванне - што чароўнае жаданне задумана і не можа быць адменена, што ён ужо нічога больш не паправіць, як бы ні прагнуў таго ў нудоце, як бы ні памыкаўся добрай воляй і гатовасцю да яднання з супольнасцю: цяпер яго пакінулі сам-насам з сабою. Пры гэтым ён зусім не абуджаў нянавісці і не быў агідны людзям. Больш за тое, у яго было вельмі шмат сяброў. Многім ён падабаўся. Але гэта была толькі сімпатыя і ветлівасць, яго запрашалі, яму дарылі дарункі, ліставаліся з ім мілымі пісьмамі, але збліжацца ніхто не збліжаўся, яднання не ўзнікала нідзе, ніхто не хацеў ды і не быў здольны дзяліць з ім ягонае жыццё. Вакол было цяпер паветра адзінокіх, тая ціхая атмасфера, тое аддаленне асяроддзя, тая няздатнасць да кантактаў, супроць чаго не мае сілы нават самая палкая воля. Гэта была, нябось, ці не самая важная пазнака яго жыцця.