Выбрать главу

Іншай адмысловасцю была яго прыналежнасць да самагубцаў. Тут след зазначыць, што няправільна называць самагубцамі толькі тых, хто сапраўды канчае з сабою. Сярод гэтых шмат нават такіх, якія робяцца самагубцамі, так бы мовіць, толькі чыста тэарэтычна, выпадкова, бо самагубства не ёсць іх унутраная патрэба. Сярод людзей не надта яркіх, людзей бляклага лёсу, сярод стадных людзей шмат хто накладвае на сябе рукі, але сваім складам і характарам яны зусім не належаць да тыпу самазабойцаў, і зноў жа вельмі многія, бадай, ці не большасць з тых, хто па сутнасці сваёй уваходзяць у тып самагубцаў, насамрэч ніколі самахоць не ідуць з жыцця. «Самагубца» - а Гары быў якраз такі - не мусова павінен жыць у асабліва цесных стасунках са смерцю, так можна жыць і не будучы самазабойцам. Але самагубцу ўласціва тое, што ён глядзіць на сваё «я» - няважна з поўным на тое правам, а ці не, - як на нейкі небяспечны, ненадзейны і бездапаможны ўтвор прыроды, што ён здаецца сабе вельмі неабароненым, нібыта стаіць на вузкай вяршыні скалы, дзе дастаткова маленькага знешняга штуршка альбо малюпасенькай унутранай слабінкі, каб сарвацца ў бездань. Лёс гэтага тыпу пазначаны тым, што самагубства для іх найбольш верагодны спосаб памерці, прынамсі, у іх уяўленні. Прычынай такой настраёвасці, прыкметнай ужо ў ранняй маладосці, пагатоў у астатнім жыцці, не ёсць нейкі няма ладу які асаблівы недахоп жыццёвай сілы, наадварот, сярод «самагубцаў» пракідаюцца незвычайна ўпартыя, жыццепрагныя і адважныя натуры. Але падобна на тое, як ёсць людзі, схільныя да гарачкі пры самай нікчэмнай хваробінцы, людзі, якіх мы называем «самагубцамі» і якія заўсёды вельмі ўражлівыя і адчувальныя, схільныя пры самым нязначным узрушэнні зацята аддавацца думкам пра самазабойства. Была б у нас навука з дастатковай мужнасцю і дастатковым пачуццём адказнасці, каб займацца чалавекам, а не проста механізмамі жыццёвых працэсаў, было б у нас нешта падобнае на антрапалогію, на псіхалогію, дык пра гэтыя факты ведалі б усе.

Сказанае намі пра самагубцаў тычыцца, вядома, адно знешняга аспекту, - гэта псіхалогія, а значыцца, вобласць фізікі. З метафізічнага гледзішча ўсё інакш і нашмат больш ясна, бо пры такім падыходзе да яго «самагубцы» паўстаюць перад намі з пачуццём віны за сваю адасобленасць, паўстаюць душамі, якія бачаць сваю мэту не ў самаўдасканаленні і сваёй дасканаласці, а ў самаразбурэнні, у вяртанні да маці, да Бога, да сусвету. Вельмі многія з гэтых натураў зусім не здольныя ўчыніць калі-небудзь рэальнае самазабойства, бо глыбока прачулі яго грэшнасць. Але для нас яны ўсё ж самагубцы, бо збавенне яны бачаць у пагібелі, а не ў жыцці і гатовыя ахвяраваць сабою, знішчыць сябе і вярнуцца да пачаткаў.

Калі ўсякая сіла можа, а часам і павінна абярнуцца слабасцю, дык тыповы самагубца, наадварот, можа ператварыць сваю ўяўную слабасць у апору і сілу, і робіць гэта даволі часта. Прыклад - Гары, Стэпавы воўк. Як і тысячам падобных да яго, думка, што чалавек самахоць можа памерці ў любую хвіліну, была для яго не проста сумнай гульнёй фантазіі, не, у гэтай думцы ён знаходзіў апору і суцяшэнне. Так, як ува ўсіх людзей ягонага тыпу, кожнае ўзрушэнне, кожны боль, кожная кепская жыццёвая сітуацыя адразу ж абуджалі ў ім жаданне адцурацца ад іх з дапамогай смерці. Але паступова ён вывеў з гэтай сваёй схільнасці цэлую філасофію, проста карысную для жыцця. Інтымнае знаёмства з думкай, што запасны выхад заўсёды адчынены, давала яму сілу, надзяляла яго цікаўнасцю да болю і нягодаў, і, калі ўжо яго шчаміла досыць туга, ён часам думаў з жорсткай радасцю, неяк злосна нават: «Цікава падзівіцца, што здольны чалавек ператрываць! Бо калі цярпенне дойдзе да крэсу, мне варта толькі адчыніць дзверы, і - дагані мяне!» Ёсць вельмі шмат самагубцаў, якім гэтая думка дадае неймавернай сілы.

З другога боку, усім самагубцам знаёмая барацьба са спакусай пакончыць самагубствам. Нейкім краёчкам душы кожны ведае, што самагубства хоць і выйсце, але ўсё-такі крыху жалю вартае і незаконнае выйсце, што, у сутнасці, прыгажэй і высакародней быць забітым самім жыццём, чым сваёй рукой. Гэта веданне, гэты закалот сумлення, якое мае тую ж самую крыніцу, што і нячыстае сумленне ананістаў, штурхае большасць самагубцаў нястомна заядацца ў барацьбе з ліхой спакусай. Яны змагаюцца, як змагаецца клептаман са сваёй пахібай. Стэпаваму ваўку таксама была знаёмая такая барацьба, ён вёў яе, шматкроць мяняючы зброю. Нарэшце, дажыўшы да сарака сямі, ён надыбаў на адну шчаслівую не без гумару подумку, якая часта ўводзіла яго ў радасць. Ён рашыў, што яго пяцідзесяты дзень народзінаў будзе тым днём, калі ён дасца сабе нарэшце пакончыць з самім сабою.