У гэты дзень, так ён пастанавіў сабе, яму будзе можна скарыстацца альбо не скарыстацца запасным выхадам, у залежнасці ад настрою. І хай з ім здарыцца што заўгодна, хай ён захварэе, згалечыцца, хай на яго зваляцца пакуты і гора - усё абмежавана тэрмінам, усё можа доўжыцца максімум гэтыя некалькі гадоў, месяцаў, дзён, а іх лік з кожным днём меншаў! І праўда, цяпер ён лягчэй пераносіў усякія непамыслоты, якія раней мучылі б яго мацней і даўжэй, а то б жа і падсеклі пад корань. Калі яму чамусьці прыпірала асабліва блага, калі да пустаты, адзіноты і здзічэласці ягонага жыцця дадаваліся яшчэ якія-колечы асаблівыя немачы альбо страты, ён мог сказаць гэтым немачам: «Пачакайце, яшчэ два гады і - дазнаеце зводу!» І потым замілавана ўяўляў сабе, як раніцай, у дзень пяцідзесяцігоддзя, прыйдуць лісты і віншаванні, а ён, упэўнены ў сваёй брытве, развітаецца з усімі сваімі нягодамі і бразне за сабою дзвярмі. Ляснуцца ж тады і ламота ў касцях, і нудота, і боль у галаве і рэзанка ў чэраве!
Застаецца яшчэ растлумачыць феномен Стэпавага ваўка ў плане яго своеасаблівых адносінаў да мяшчанства і звесці абедзве з'явы да іх асноўных законаў. За зыходны пункт возьмем, як што яно само на язык просіцца, яго ўспрыманне «мяшчанскай» сферы!
Як ён сам сабе ўяўляў, Стэпавы воўк быў па-за мяшчанскім светам, бо не вёў сямейнага жыцця і не ведаў сацыяльнага гонару. Ён адчуваў сябе то адзінокім, дзіўным самотнікам, хворым пустэльнікам, то няма ладу якой асобай з задаткамі генія, пастаўленага па-над нормамі звычайнага жыцця. Ён свядома пагарджаў мешчанінам і ганарыўся, што сам не такі. І ўсё ж у пэўным сэнсе ён жыў па-мяшчанску: меў рахунак у банку і дапамагаў бедным родзічам, апранаўся хай і нядбала, але прыстойна і някідка, стараўся ладзіць з паліцыяй, падатковай управай і іншымі ўладамі. Апрача таго нейкая моцная, тайная пацяга ўвесь час надзіла яго да мяшчанскага свету, да ціхіх, прыстойных сямейных дамоў з іх дагледжанымі садкамі, чысценькімі лесвіцамі, з усёй іх сціплай атмасферай парадку і добрапрыстойнасці. Яму падабалася мець свае маленькія заганы і вычуды, адчуваць сябе староннім у мяшчанскім асяроддзі, нейкім адшчапенцам альбо геніем, але ён ніколі не жыў і не сяліўся ў тых, так бы мовіць, правінцыях, дзе мяшчанства больш няма. Ён не адчуваў сябе вольна ні сярод людзей выключных, што карыстаюцца сілай, ні сярод злачынцаў альбо бяспраўных і не пакідаў правінцыі мяшчанаў, з нормамі і духам якое заўсёды быў звязаны, нават калі сувязь тая вылівалася ў супраціўленне і бунт. Апрача таго, ён вырас у атмасферы дробнабуржуазнага выхавання і вынес адтуль мноства ўяўленняў і шаблонаў. Тэарэтычна ён нічога не меў супроць прастытуцыі, але асабіста быў няздольны прыняць прастытутку на сур'ёзе і шчыра паставіцца да яе як да роўні. Палітычнага злачынцу, бунтаўніка альбо духоўнага спакусніка ён мог палюбіць як брата, але для якога-колечы зладзюгана, рабаўніка, забойцы, садыста ў яго не знайшлося б нічога, акрамя мяшчанскай мілажальнасці і шкадобы.
Такім парадкам, адной палавінай сваёй істоты ён заўсёды прызнаваў і пацвярджаў тое, што другой палавінай аспрэчваў і адмаўляў. Ён гадаваўся ў дагледжаным мяшчанскім доме, у строгім перайманні ўсталяваных формаў і звычаяў і часткай душы назаўсёды заставаўся прывязаны да завядзёнак гэтага свету, хоць даўно ўжо адасобіўся ў такой меры, якая ў мяшчанстве недапушчальная, і даўно вызваліўся ад сутнасці мяшчанскага ідэалу і мяшчанскай веры.
«Мяшчанства» ж, заўсёды сутны стан людзей, ёсць не што там якое, як спроба знайсці раўнавагу, як імкненне да нейтральнай сярэдзіны паміж безлічнымі крайнасцямі і полюсамі чалавечых паводзінаў. Калі ўзяць за прыклад якія-небудзь з гэтых полюсаў, скажам, процілегласць паміж святым і распуснікам, дык нашае прыпадабненне адразу станецца зразумелым. У чалавека ёсць магчымасць цалкам аддацца духоўнаму жыццю, наблізіцца да боскага пачатку, да ідэалу святога. Ёсць у яго, наадварот, і магчымасць цалкам аддацца сваім інстынктам, сваім пачуццёвым пожадзям і накіраваць усе свае высілкі на атрыманне імгненнай радасці. Адна дарога вядзе да святога, да пакутніка духу і самаадрачэння ў імя Бога. Другая дарога вядзе да распусніка, пакутніка інстынктаў, да самаадрачэння ў імя тла. Дык вось, мешчанін спрабуе жыць у міждарожжы, у памяркоўнай, ураўнаважанай сярэдзіне. Ён ніколі не адмовіцца ад сябе, не дапусціцца ні да разгулу, ні да аскетызму, ніколі не будзе пакутнікам, ніколі не згодзіцца са сваёй пагібеллю, - наадварот, яго ідэал - не самаадрачэнне, а самазахаванне, ён не імкнецца ні да святасці, ні да яе процілегласці, безумоўнасць, абсалютнасць яму нясцерпныя, ён хоча служыць Богу, але хоча служыць і разгулу, буянству, закурдайству, ён хоча быць дабрадзейным, але хоча і пажыць на зямлі ў сваю асалоду на поўную губу. Карацей, ён спрабуе асесці пасярэдзіне паміж крайнасцямі, ва ўмеранай і здаровай зоне, без лютых бураў і навальніц, і гэта яму ўдаецца, хоць і цаною той поўніцы жыцця і пачуццяў, якую дае імкненне да безумоўнасці, абсалютнасці, крайнасці. Жыць поўным жыццём можна толькі цаною свайго «я». А мешчанін нічога не ставіць вышэй за сваё «я» (вельмі, праўда, недаразвітае). Цаною поўніцы, значыць, ён дамагаецца захавання і бяспекі, атрымлівае замест апантанасці Богам спакойнае сумленне, замест асалоды - задавальненне, замест свабоды - утульнасць, замест смяротнага сквару - зацішны халадок. Таму мешчанін па сутнасці сваёй - істота са слабым імпульсам да жыцця, палахлівец, які баіцца хоць у нечым паступіцца сваім «я», - ім лёгка кіраваць. Менавіта таму ён і паставіў замест улады - большасць, на месца сілы - закон, на месца адказнасці - працэдуру галасавання.