Выбрать главу

Ясна, што гэтая кволая баязлівая істота, якія шматлікія ні былі б яе асобіны, не можа ацалець, што праз свае якасці яна не павінна граць у свеце іншай ролі, як толькі ролю статку ягнят сярод ваўкоў. І ўсё ж мы бачым, што хоць у часы, калі кіруюць натуры моцныя, мешчаніна адразу ж прыпіраюць да сцяны, ён тым не меней ніколі не гіне, а часам нават як бы і ўладарыць над светам. Як жа гэта так? Ні шматлікасць яго статку, ні дабрачынства, ні здаровы сэнс, ні арганізацыя не можа, здавалася б, выратаваць яго ад пагібелі. Таму, чые жыццёвыя сілы з самага пачатку падарваныя, не падоўжыць жыцця ніякая сіламоц на свеце. І ўсё-такі мяшчанства жыве, яно магутнае, яно квітнее. Чаму?

Адказ: праз стэпавых ваўкоў. Насамрэч жыццёвая моц мяшчанства трымаецца зусім не на ўласцівасцях яго нармальных прадстаўнікоў, а на ўласцівасцях безлічы яго аўтсайдэраў, якіх мяшчанства ў выніку расплывістасці і расцягнутасці сваіх ідэалаў уключае ў сябе. Сярод мяшчанства заўсёды жыве процьма моцных і дзікіх натураў. Наш Стэпавы воўк Гары - характэрны ўзор гэтага. Хоць развіццё ў ім індывідуальнасці, асобы зайшло далёка за даступныя мяшчанству межы, хоць асалода ад самасузірання знаёмая яму не менш за змрочную радасць нянавісці і саманенавісніцтва, хоць ён пагарджае законам, дабрачынствам і здаровым клёкам, ён усё ж у палоне ў мяшчанства і вырвацца з палону не можа. Такім парадкам, сапраўднае мяшчанства абгорнута, як ядро, шырокімі пластамі чалавецтва, тысячамі жыццяў і розумаў, што хоць і перараслі мяшчанства, што хоць і пакліканыя не прызнаваць адгаворак і лунаць у абсалюце, але затое прывязаныя да мяшчанскай сферы інфантыльнымі пачуццямі, яўна заражаныя надарванасцю жыццёвай сілы, і таму закасцянелыя ў мяшчанстве, падначаленыя яму, яму ж абавязаныя і ў нечым яму ўпакораныя. Бо мяшчанства трымаецца прынцыпу процілеглага прынцыпу вялікіх, - «хто не супроць мяне, той за мяне!»

Калі з гэтага гледзішча падзівіцца на душу Стэпавага ваўка, дык ён глядзецьмецца чалавекам, якому як індывідуальнасці, як яркай асобіне наканавана быць не-мешчанінам - усякая ж яркая індывідуальнасць абарочваецца супроць свайго «я» і схільная яго разбураць. Мы бачым, што ён надзелены аднолькава моцнымі імпульсамі і на тое, каб стаць святым, і, каб стаць разбэстай, але што праз нейкую слабкасць альбо закасцянеласць не здолеў сягнуць у дзікія прасторы сусвету, не пераадолеў прыцягнення цяжкай маці-зоркі мяшчанства. Такое яго становішча ў светабудове, такая яго скаванасць. Большасць інтелігентаў, пераважная частка мастакоў належаць да гэтага тыпу. Толькі самыя моцныя з іх вырываюцца ў космас з атмасферы мяшчанскай зямлі, а ўсе астатнія здаюцца альбо ідуць на кампрамісы, пагарджаюць мяшчанствам і ўсё ж да яго належаць, мацуюць, славяць яго, бо, зрэшты, вымушаныя сцвярджаць яго, каб неяк жыць. Трагізм гэтым незлічоным людзям не па плячы, па плячы ім, аднак, даволі-такі злашчасная доля, на кухні пекла якой дасмажваюцца і пачынаюць пладзіцца іх таленты. Тыя нямногія, што вырываюцца, дасягаюць абсалюту і слаўна гінуць, яны трагічныя, колькасць іх невялікая. А тым, што не вырваліся, чые таленты мяшчанства часта высока шануе, адчынена трэцяе царства, прывідны, але суверэнны свет - гумар. Неспакойныя стэпавыя ваўкі, гэтыя вечна горкія пакутнікі, якім не дадзена моцы, немінушча патрэбнай для трагізму, для прарыву ў зорную прастору, якія адчуваюць сябе пакліканымі да абсалютнага, а жыць у абсалютным не ўмеюць, - у іх, калі толькі іхні дух загартаваўся і стаўся пругкім у пакутах, ёсць прымірэнчы выхад у гумар. У нечым гумар заўсёды застаецца мяшчанскім, хоць сапраўдны мешчанін не здольны зразумець яго. У яго прывіднай сферы здзяйсняецца заблытаны, супярэчлівы ідэал усіх стэпавых ваўкоў: тут можна адначасова не толькі ўхваліць і святога, і разбэсту, зблізіць полюсы, але яшчэ і перакінуць гэтую ўхвалу на мешчаніна. Бо чалавек, апантаны Богам, вельмі нават можа ўхваліць злачынцу - і наадварот, але абодва яны, ды і ўсе людзі абсалютных безумоўных крайнасцяў, не могуць ухваліць нейтральную, азызлую, размякла-апоўзлую сярэдзіну мяшчанства, адзін толькі гумар, выдатнае вынаходства тых, чый максімалізм скаваны, хто амаль трагічны, хто няшчасны і пры гэтым шчодра адораны, адзін толькі гумар (можа, самае самабытнае і геніяльнае дасягненне чалавецтва) здзяйсняе немагчымае, ахопліваючы і яднаючы прамянямі сваіх прызмаў усе вобласці чалавечай натуры. Жыць у міры, быццам гэта не мір, паважаць закон і ўсё ж стаяць над ім, валодаць, «як бы не валодаючы», адмаўляцца, як бы гэта ніякая не адмова, - выконваць усе гэтыя любімыя і часта несфармуляваныя патрабаванні вышэйшай жыццёвай мудрасці здольны адзін толькі гумар.