Калі мы глянем на Стэпавага ваўка з гэтага боку, будзе зразумела, чаму ён так пакутуе ад сваёй смешнай дваістасці. Ён, як і Фаўст, лічыць, што дзве душы - гэта для адных грудзей ужо зашмат, і што яны павінны разарваць грудзі. А гэта ж якраз замала, і Гары страшна гвалціць свае грудзі, спрабуючы зразумець яе ў такім прымітыўным паказе. Гары, хоць ён і высока адукаваны чалавек, робіць прыкладна тое самае, што і дзікун, які ўмее лічыць толькі да двух. Адну частку сябе ён называе чалавекам, а другую ваўком і думае, што гэта ўсё, што ён вычарпаў сябе. У чалавека ён запіхвае ўсё духоўнае, вытанчанае альбо ж хоць культурнае, што знаходзіць у сабе, а ў ваўка ўсё імпульсіўнае, дзікае, хаатычнае. Але ў жыцці ўсё не так проста, як у нашых думках, усё не так груба, як у нашай беднай, ідыёцкай мове, і Гары ўдвайне ашуквае сябе гэтым дзікунскім метадам «ваўка». Баюся, Гары да «чалавека» адносіць цэлыя вобласці сваёй душы, якім далёка да чалавека, а да ваўка такія часткі сваёй натуры, якія даўно ўжо пераважылі ваўка.
Як усе людзі, Гары думае, быццам няблага ведае, што такое чалавек, а насамрэч гэтага не ведае, хоць часам у сне і іншых непадкантрольных станах свядомасці даўмяваецца. Каб жа ж ён не забываў сваіх здагадак, каб жа ж засвоіў іх як мага лепш! Чалавек бо не ёсць нешта застылае і нязменнае (такі быў, усутыч процілеглым здагадкам яе мудрацоў, ідэал антычнасці), а ёсць хутчэй нейкая спроба, нейкі пераход, ёсць не што іншае, як вузкі, небяспечны масток паміж прыродай і Духам. Да Духу, да Бога цягне як схаванае ў ім пакліканне, назад да маці-прыроды - самая глыбокая туга; паміж гэтымі дзвюма сіламі гойдаецца ягонае жыццё ў страху і трымценні. Тое, што людзі ў кожны дадзены момант укладваюць у паняцце «чалавек», ёсць заўсёды толькі пераходная, абыватальская дамоўленасць. Гэтая ўмоўнасць адкідае і асуджае некаторыя найбольш грубыя інстынкты, патрабуе нейкай свядомасці, нейкага пераадолення жывёльнасці ў сабе, яна не толькі дапускае, але нават абвяшчае неабходнай невялікую долю духу. «Чалавек» гэтай умоўнасці ёсць, як усякі мяшчанскі ідэал, кампраміс, нясмелая, наіўная спроба перахітрыць, з аднаго боку, ліхую прамаці-прыроду, а з другога - надакучлівага бацьку - Дух і пажыць паміж імі, ва ўтульненькай сярэдзінцы. Таму мешчанін дапускае і трывае тое, што ён называе «асобай», але разам з тым аддае асобу на волю малоха - «дзяржавы» і заўсёды сутыкае лбамі асобу і дзяржаву. Таму мешчанін паліць сёння, як ератыка, вешае, як злачынцу, таго, каму паслязаўтра будзе ставіць помнікі.