Выбрать главу

Адчуванне, быццам «чалавек» не ёсць нешта, якое ўжо склалася, а ёсць патрабаванне Духа, аддаленая, гэтак жаданая, як і страшная магчымасць, і што ідуць да яе заўсёды вельмі павольна, цаною мукі экстазаў, якраз тыя адзіночкі, якіх сёння чакае эшафот, а заўтра помнік, - гэта адчуванне жыве і ў Стэпавым ваўку. Але тое, што ён, у процілегласць свайму «ваўку», называе ў сабе «чалавекам» - гэта ўвогуле і ёсць той самы пасрэдны «чалавек» мяшчанскай умоўнасці. Так, Гары адчувае, што ёсць дарога да сапраўднага чалавека, так, часам ён нават ледзь-ледзь і памаленьку ледзь-ледзь рухаецца наперад па гэтай дарозе, плацячы за свой рух горкімі пакутамі і адзінотай. Але ўхваліць і прызнаць за сваю мэту тое высокае патрабаванне, тое сапраўднае ачалавечванне, якога шукае Дух, пайсці адной магчымай дарогай да неўміручасці - гэтага ён у глыбіні душы ўсё-такі баіцца. Ён добра адчувае: гэта павядзе да яшчэ большых пакутаў, да выгнання, да апошніх нягодаў, можа нават да эшафота, - і як ні вабіць бяссмерце ў канцы такога шляху, ён не хоча пераймацца ўсімі гэтымі пакутамі, не хоча паміраць усімі гэтымі смерцямі. Хоць ачалавечванне як мэта больш зразумелае яму, чым мяшчанам, ён засланяе вочы і быццам бы не ведае, што зацята трымацца за сваё «я», за жыццё - гэтай найбольш пэўнай дарогай ісці да смерці, тым часам як уменне паміраць, скідаць абалонку, вечна ахвяраваць сваім «я» дзеля перамен вядзе да бяссмерця. Абагаўляючы сваіх любімцаў з ліку несмяротных, напрыклад, Моцарта, ён усё-такі глядзіць на яго ўсё яшчэ мяшчанскімі вачыма і, зусім як школьны настаўнік, схільны тлумачыць дасканаласць Моцарта толькі яго высокай адоранасцю спецыяліста, а не веліччу ягонай самааддачы, яго гатовасцю да пакутаў, яго абыякавасцю да ідэалаў мяшчанства, не яго здольнасцю да той крайняй адзіноты, якая разрэджвае, якая ператварае ў ледзяны эфір космасу любую мяшчанскую атмасферу вакол таго, хто пакутуе і робіцца чалавекам, да адзіноты Гефсіманскага саду.

І ўсё ж наш Стэпавы воўк адкрыў у сабе, прынамсі, фаўстаўскую раздвоенасць, убачыў, што за адзінствам ягонага жыцця зусім не стаіць адзінства душы, а што ён у лепшым разе толькі ў дарозе, толькі ў доўгім паломніцтве да ідэалу гэтага суладдзя. Ён хоча альбо пераадолець у сабе ваўка і зрабіцца цалкам чалавекам альбо адмовіцца ад чалавека і хоць бы ваўком жыць цэльна і нераздвоена. Мабыць, ён ніколі як след не назіраў за сапраўдным ваўком, а тое ж бы ён, можа, убачыў, што і ў жывёлаў няма цэльнай душы, што і ў іх за прыгожай, падцягненай формай цела крыюцца розныя памкненні і станы, што ў ваўка ёсць унутраныя бездані, што воўк пакутуе. Не, кажучы «Назад да прыроды!», чалавек заўсёды ідзе няправільнай, пакутлівай і безнадзейнай дарогай.

Гары ніколі не зробіцца зноў цалкам ваўком, ды калі б і зрабіўся, убачыў бы, што воўк таксама не нешта простае і пачатковае, а ўжо нешта вельмі складанае. І ў ваўка ў яго воўчых грудзях жывуць дзве і больш за дзве душы, і хто прагне быць ваўком, той такі ж сама забыўлівы, як мужчына, які спявае: «Толькі дзецям дадзена шчасце!» Сімпатычны, але сентыментальны мужчына, які спявае пра шчаснае дзіцятка, таксама хоча вярнуцца да прыроды, да нявіннасці, да першакрыніцы, начыста забыўшыся, што дзеці зусім жа не шчасныя, што яны здольныя на шмат якія канфлікты, разлады і пакуты.

Назад наогул дарогі няма ні да ваўка, ні да дзіцяці. У пачатку ўсіх рэчаў няма ні нявіннасці, ні прастаты; усё створанае, нават самае простае з выгляду, ужо вінаватае, ужо разнастайнае, ужо ўкінута ў брудную плынь станаўлення і ніколі-ніколі не здолее паплысці назад. Дарога да нявіннасці, да нятворнага, да Бога вядзе не назад, а наперад, не да ваўка, не да дзіцяці, а да ўсё большай віны, да ўсё большага ачалавечвання. І самазабойства табе, гаротны Стэпавы воўча, таксама сур'ёзна не пасобіць, табе не пазбегнуць доўгай, цяжкай дарогі ачалавечвання, ты яшчэ будзеш вымушаны памнажаць сваю раздвоенасць, ускладняць сваю складанасць. Замест каб звужваць свой свет, спрашчаць сваю душу, табе давядзецца пакутліва пашыраць яе, усё больш расхінаць яе перад светам, а там, як бач, і прыняць у сябе свет, каб калі-небудзь, магчыма, дайсці да канца і спакою. Гэтай дарогай ішоў Будда, ёю ішоў кожны вялікі чалавек - хто свядома, хто несвядома, - як каму на што ўдавалася адважыцца. Усякае нараджэнне азначае аддзяленне ад сусвету, азначае абмежаванне, адасабленне ад Бога, пакутлівае станаўленне нанава. Вярнуцца да сусвету, адмовіцца ад пакутлівай адасобленасці, зрабіцца Богам - гэта азначае так пашырыць сваю душу, каб яна зноў магла абняць сусвет.

Тут гаворка ідзе не пра чалавека, якога мае на ўвазе школа, эканоміка, статыстыка, не пра чалавека, які мільённа ходзіць па вуліцах і пра якога можна сказаць тое самае, што пра пясчынкі на марскім беразе альбо пырскі прыбою: мільёнам больш, мільёнам менш - няважна, яны - матэрыял, і толькі. Не, мы гаворым тут пра чалавека ў высокім сэнсе, пра мэты і шляхі ачалавечвання, пра чароўнага чалавека, пра несмяротных. Геніяльнасць - з'ява не такая рэдкая, як гэта нам часам здаецца, хоць і не такая частая, як лічаць гісторыкі літаратураў, гісторыкі краін, а тым больш газеты. Стэпавы воўк Гары, на наш погляд, дастаткова геніяльны, каб адважыцца на спробу ачалавечвання, замест каб пры любой цяжкасці скрушліва спасылацца на свайго дурнога стэпавага ваўка.