Пры кожным такім узрушэнні майго жыцця я ў выніку нешта здабываў, гэтага не адымеш, рабіўся больш свабодны, больш духоўны, глыбейшы, але ж і больш самотны, больш незразумелы, халаднейшы. У мяшчанскім сэнсе жыццё маё было пастаянным, ад узрушэння да ўзрушэння, заняпадам, усё большым аддаленнем ад нармальнага, дазволенага, здаровага. З гадамі я зрабіўся чалавекам без пэўных заняткаў, без сям'і, без радзімы, апынуўся па-за сацыяльнымі групамі, адзін, ніхто мяне не любіў, многім я быў падазроны, быў увесь час у жорсткім канфлікце з грамадскай думкай і мараллю грамадства, і хай сабе я яшчэ жыў у мяшчанскім асяроддзі, але сваімі думкамі і пачуццямі быў ўсярэдзіне гэтага свету чужы. Рэлігія, бацькаўшчына, сям'я, дзяржава не мелі ў мяне ніякай вартасці, яны мне ніяк не абыходзілі, славалюбства навукі, мастацтвы, цэхі мяне гідзілі; мае погляды, мой густ, мой розум, якімі я колісь ззяў як чалавек адораны і папулярны, цяпер запусціліся і здзічэлі, зрабіліся падазронымі людзям. Калі ў працэсе пераменаў я і набываў нешта нябачнае і бязважкае, дык аплачваў гэта дарагою цаною, і з кожным разам жыццё маё рабілася ўсё больш цяжкім, адзінокім, небяспечным. Далібог жа, у мяне не было прычыны хацець, каб так ішло далей, каб дарога мая вяла ва ўсё больш беспаветраныя сферы, падобныя на дым у восеньскай песні Ніцшэ.
Ах во, - я добра ведаў гэтыя адчуванні, гэтыя перамены, ушыкаваныя лёсам сваім наравістым дзецям, ад якіх столькі ўсялякіх турботаў, добра бо я іх ведаў. Я ведаў іх як ганарлівы, але няўдачлівы паляўнічы ведае ўсе этапы палявання, як стары біржавік ведае ўсе этапы спекуляцыі, выйгрышу, няўпэўненасці, ваганняў, банкруцтва. Няўжо мне і праўда даводзілася праходзіць праз усё гэта? Праз усю гэту муку, праз усе гэтыя ваганні, праз усе гэтыя сведчанні нізкасці і нікчэмства свайго «я», праз усю гэтую жахлівую боязь паразы, праз увесь гэты страх смерці? Ці не лягчэй было б, ці не прасцей прадухіліць паўтор столькіх пакутаў і даць лататы? Ну так, гэта было б і прасцей, і разумней. Што б там ні пісалі наконт «самагубцаў» у брашуры пра Стэпавага ваўка, ніхто не мог пазбавіць мяне прыемнасці з дапамогай свяцільнага газу, брытвы альбо пісталета ўнікнуць паўтору працэсу, пакутлівы боль ад якога я, далібог, перажываў ужо даволі часта і глыбока. Не, чорт пабяры, ніякая сіла на свеце не прымусіць мяне яшчэ раз задрыжаць перад смерцю ад жаху, яшчэ раз перарадзіцца і пераўвасобіцца, прычым адно дзеля таго, каб здабыць нарэшце мір і спакой, а не дзеля новага самазнішчэння, не дзеля новага перараджэння! Хай самазабойства - гэта глупства, баязлівасць і подласць, хай гэта бясслаўны, ганебны выхад - любы, нават самы ганебны выхад з гэтага млына пакутаў няма ладу які харошы, тут ужо няма чаго гуляць у высакародства і гераізм, тут я стаю перад простым выбарам паміж маленькім, кароткім болем і неверагодна жорсткай, бясконцай пакутай. У сваім такім цяжкім, такім шалёным жыцці я даволі часта бываў высакародным донкіхотам і аддаваў перавагу частцы - зручнасці, а гераізм - розуму. Годзе, хопіць з мяне!