Раніца пазяхала ўжо ў вокны, свінцовая, халерная раніца дажджлівага зімовага дня, калі я нарэшце лёг. У ложак я ўзяў і сваё рашэнне. Але ўскрай свядомасці, на яе апошняй мяжы, калі ўжо я засынаў, перад мною прабліснула тая дзіўная старонка брашуры, дзе гаворка ішла пра «несмяротных», і я ўспомніў, што няраз і нават зусім нядаўна адчуваў сябе даволі блізкім да несмяротных, калі ў адным такце старадаўняй музыкі ўлавіў халодную, светлую, сурова-ўсмешлівую мудрасць несмяротных. Гэта ўзнікла, прабліснула, патухла, і цяжкі, як гара, сон атуліў мой лоб.
Прачнуўшыся пад полудзень, я адразу адчуў яснасць сітуацыі: брашурка мая і вершы ляжалі на тумбачцы, і маё рашэнне, якое даспела і памацнела за ноч у сне глядзела на мяне прыветліва-халодна з хаосу майго жыцця апошняга часу. Спяшацца не было куды, маё рашэнне памерці не было мімалётнай прыдумкай, капрызам апошняй гадзіны, гэта спелы, крамяны плод, які выспяваў і цяжэльшаў павольна і быў гатовы ўпасці ад першага ж парыву ветру лёсу, які цяпер яго ціхенька пакалыхваў.
У мяне ў дарожнай аптэчцы быў выдатны сродак ад болю, моцны прэпарат опіуму, карыстацца ім я дазваляў сабе вельмі рэдка, і маёй паўстрымлівасці часта хапала на некалькі месяцаў; гэты аглушальны сродак я прымаў толькі пры нясцерпна пакутлівым болі. На самазабойства ён, на жаль, быў непрыдатны, шмат гадоў таму назад я пераканаўся ў гэтым на практыцы. Аднойчы, падчас чарговага наплыву роспачы, я праглынуў вялікую дозу гэтага прэпарату, дастатковую, каб забіць шасцёх, але мяне гэта не забіла. Я, што праўда, заснуў і праляжаў некалькі гадзін у поўным забыцці, але потым, на жахлівае расчараванне, прачнуўся ад страшэннай рэзанкі ў жываце, званітаваў, не зусім ачомаўшыся, усю прынятую атруту і зноў заснуў, каб ужо канчаткова прачнуцца толькі ў сярэдзіне наступнага дня - мярзотна цвярозы, з выпаленым, пустым мозгам і амаль начыста адбітай памяццю. Ніякіх іншых наступстваў, акрамя часовага бяссоння і боляў у страўніку, атручэнне не мела.
Гэты спосаб, значыцца, адпадаў. Але маё рашэнне прыняло цяпер такую форму: калі ў мяне ўсё пойдзе так, што я змушаны буду скарыстацца сваім опіумным зеллем, мне дазваляецца замяніць гэта кароткае збавенне збавеннем вялікім, смерцю, прычым смерцю пэўнай, надзейнай, ад кулі альбо ад брытвы. Цяпер становішча прасветлілася; чакаць свайго пяцідзесяцігоддзя, як дасціпна раіла брашурка, трэба было, на мой погляд, надта ж бо доўга, да яго заставалася яшчэ два гады. Няважна, праз год, ці праз месяц, ці ўжо заўтра - але дзверы былі адчыненыя.
Не скажу, што «рашэнне» моцна перамяніла маё жыццё. Яно крыху з'абыякавіла мяне да хворасцяў, крыху збестурбоціла ва ўжыванні опіуму і віна. Крыху панукала да мяжы трывальнага, а і не больш за тое. Мацней дзейнічалі іншыя ўражанні таго вечара. Трактат пра Стэпавага ваўка я часам перачытваў то з захапленнем і ўдзячнасцю, быццам прызнаваў, што нейкі там маг мудра скіроўвае мой лёс, то з пакеплівай пагардай да цвярозасці трактата, які, як мне падалося, зусім не ўлічваў спецыфічнай напружанасці майго жыцця. Усё, што там сказана пра стэпавых ваўкоў і самагубцаў, магчыма, было разумна і выдатна, але яно датычылася цэлай катэгорыі, тыпу ў сваёй аснове, было таленавітай абстракцыяй; прыватны лёс такой грубай сеткай, здавалася мне, не зловіш.
Глыбей за ўсё астатняе мяне займала тая галюцынацыя, той відзеж каля царкоўнага мура, той анонс светлавых літар, які адпавядаў намёкам у трактаце. Надта ж бо шмат чаго абяцалася мне, надта ж бо моцна распалілі галасы таго невядомага свету маю дацеклівую цікаўнасць. Цэлымі гадзінамі я самазабыўна разважаў пра іх, і ўсё выразней тады чулася мне засцярога тых надпісаў: «Не ўсім!» і «Толькі вар'ятам!». Значыцца, я вар'ят, значыцца, я вельмі далёкі ад «усіх», калі тыя галасы не дасталі мяне, калі тыя светы да мяне загаворваюць. Божа, хіба ж я даўно не адлучыўся ад жыцця ўсіх, ад быцця і спосабу мысліць у нармальных людзей, хіба я даўно не адасобіўся ад іх, не звар'яцеў? І ўсё ж у глыбіні душы я выдатна разумеў гэтую ўмову вар'яцтва, гэты заклік адкінуць розум, скаванасць, мяшчанскія ўмоўнасці і аддацца бурліваму свету фантазіі, свету душы, які не ведае законаў.
Аднойчы, зноў марна пашукаўшы на вуліцах і плошчах чалавека з плакатам і прайшоўшыся некалькі разоў міма мура з нябачнай брамкай, я сустрэў у прадмесці св. Марціна хаўтурную працэсію. Разглядваючы скрушлівыя твары за катафалкам, я падумаў: дзе ў гэтым горадзе, дзе ў гэтым свеце жыве чалавек, чыя смерць была б мне стратай? І дзе той чалавек, якому мая смерць дадала б хоць каліва жальбы? Была, праўда, Эрыка, мая каханая, ну, вядома; але мы даўно жылі асобна, рэдка бачыліся, каб не пасварыцца, і цяпер я нават не ведаў, дзе яна жыве. Часам яна наязджала да мяне, і як што мы абое людзі адзінокія і нялёгкія, нечым роднасныя адно аднаму ў душы і ў хваробе душы, паміж намі ўсё-такі заставалася нейкая сувязь. Але ж ці не ўздыхнула б яна з вялікай палёгкай, калі б даведалася пра маю смерць? Гэтага я не ведаў, як не ведаў нічога і пра непахіснасць сваіх пачуццяў. Трэба жыць у свеце нармальнага і магчымага, каб ведаць што-небудзь пра такія рэчы дакладна.