Тым часам праз нейкі свой бзік я далучыўся да працэсіі і прывалокся разам з усімі жалобнікамі да могілак, архісучасных цэментных могілак з крэматорыем і рознай тэхнікай. Але нашага нябожчыка не збіраліся паліць, яго труну апусцілі на зямлю каля звычайнай ямы, і я пачаў назіраць за святаром і іншымі сцярвятнікамі з пахавальнага бюро, якія спрабавалі напісаць на сабе ўрачыстасць і скруху, але ад бянтэжлівасці, ад тэатральнасці і фальшу залішне рупіліся і дабіваліся хутчэй камічнага эфекту, я глядзеў, як целяпалася на іх чорная ўніформа і як намагаліся яны прывесці ўсю зборню ў належны настрой і прымусіць іх укленчыць перад веліччу смерці. Гэта былі марныя намогі, ніхто не плакаў, нябожчык, здаецца, нікому зусім не абыходзіў. Ніхто не пранікаўся пабожнымі пачуццямі, і калі святар называў прысутных «дарагімі сухрысціянамі», дзелавыя твары ўсіх гэтых купчыкаў, булачнікаў і іх жонак моўчкі нурыліся з сутаргавай сур'ёзнасцю, сумеўшыся, фальшыва, з адзіным жаданнем, каб хутчэй скончылася непрыемная працэдура. Што ж, яна скончылася, двое пярэдніх сухрысціян паціснулі прамоўцу руку, выцерлі аб газон чаравікі, запэцканыя мокрай глінай, у якую яны паклалі свайго нябожчыка, твары зноў набылі звычайны чалавечы выгляд, і адзін з іх здаўся мне раптам знаёмым - гэта быў, здалося мне, той з плакатам, што сунуў мне ў руку брашурку.
Як толькі я пазнаў яго, ён адвярнуўся, нагнуўся, заняўся сваімі чорнымі штанамі, акуратна закачаў іх над чаравікамі і борздзенька пашыбаваў прэч, заціснуўшы падпахай парасон. Я пабег за ім, дагнаў яго, пакланіўся яму, але ён, здаецца, не пазнаў мяне.
- А ці будзе сёння вячэрні атракцыён? - спытаўся я, спрабуючы яму па-змоўніцку падміргнуць. Але ад такіх мімічных практыкаванняў я даўно адвык, бо пры маім жыцці я і гаварыць мала што не развучыўся, я сам адчуваў, што скруціў толькі дурную грымасу.
- Вячэрні атракцыён? - прамармытаў ён і недаўмёна паглядзеў мне ў твар. - Ідзіце, даражэнькі, у «Чорны арол», калі вам так прыспічыла.
Я і праўда не быў упэўнены, што гэта той самы. Я расчаравана пайшоў далей, не ведаючы куды, ніякай мэты, ніякага памкнення, ніякага абавязку ў мяне не было. У жыцця быў агідна горкі смак, я адчуваў, як млосць, што даўно ўжо падступала да горла, дастаецца да сваёй найвышэйшай адмеціны, як жыццё выштурхоўвае і адкідае мяне. Я ашалела ішоў па шэрым горадзе, адусюль мне чуўся пах вільготнай зямлі і пахавання. Не, каля маёй магілы не будзе нікога з гэтых сычоў з іх расамі, з іх сентыментальнай траскатнёй! Ах, куды б я ні глянуў, куды б ні звярнуўся думкамі, нідзе не чакала мяне радасць, нічога мяне не клікала, не вабіла, усё смярдзела гнілой заношанасцю, гнілым задавальненнем, усё было старое, вялае, шэрае, друзлае, азызлае, тухлае, здохлае. Божа, як гэта атрымалася? Як дайшоў да гэтага я, акрылены юнак, аблашчанец муз, аматар вандровак па свеце, палымяны ідэаліст? Як змаглі яны так ціхенька падкрасціся і авалодаць мною, гэтая нянавісць да сябе і да ўсіх, гэтая аглухласць пачуццяў, гэтая нутробная ўзлаванасць, гэта гідотнае ад душэўнай пустаты і роспачы пекла?
Калі я праходзіў міма бібліятэкі, на вочы мне ўскінуўся адзін малады прафесар, з якім я раней часам гутарыў і да якога ў пару майго побыту ў гэтым горадзе нават колькі разоў заглядваў на кватэру пагаварыць з ім пра ўсходнія міфалогіі, - тады гэтая тэма мяне дужа цікавіла. Навуковец ішоў мне насустрач, а я ўжо намерыўся быў абмінуць яго. Але ён кінуўся да мяне з вялікай цеплынёй, і я ў сваім жалю вартым стане быў амаль удзячны яму за гэта. Ён вельмі ўзрадаваўся, ажывіўся і напомніў мне сякія-такія падрабязнасці нашых ранейшых дыскурсаў, сказаў, што шмат чым абавязаны мне за імпульсы, якія зыходзілі з мяне, што часта думаў пра мяне, што з таго часу яму рэдка выпадала так цікава і плённа дыспутаваць з калегамі. Спытаўся, ці даўно я ў горадзе - я зманіў: што толькі некалькі дзён, і таму не наведаў яго. Я паглядзеў на добры, з пячаткай вучонасці твар гэтага ветлівага чалавека, - сустрэча з ім увогуле смешны кур'ёз, - і, як згаладалы сабака, нацешыўся драбінкай цяпла, глытком любові, кавалачкам прызнання. Стэпавы воўк Гары расчулена выскаліўся, у яго пацяклі сліні ў сухое горла, сентыментальнасць выгнула яму спіну насуперак ягонай волі. Дык вось, я зманіў, што заехаў сюды ненадоўга па навуковых справах, няважна пачуваюся, а тое б, вядома ж, завітаў да яго. І калі ён сардэчна запрасіў мяне правесці ў яго сённяшні вечар, я з удзячнасцю прыняў запрашэнне, а потым перадаў прывітанне ягонай жонцы, і як што я так шмат гаварыў і ўсміхаўся, мне забалелі шчокі, бо ўжо адвыклі ад такой гімнастыкі. І ў той час як я, Гары Галер, заспеты знянацку і ўлешчаны, ветлівы і дагодлівы, стаяў на вуліцы, усміхаўся гэтаму ласкаваму чалавеку, гледзячы ў яго добры, блізарукі твар, другі Гары стаяў побач і пасміхаўся, стаяў, выскаляючыся, і думаў, які ж бо я дзіўны, які ж бо я вывернуты і хлуслівы тып, калі яшчэ за дзве хвіліны да таго скрыгатаў зубамі ад злосці на ўвесь астабрыдлы свет, а зараз вось, ледзь толькі мяне пальчыкам паклікаў, ледзь толькі знячэўку прывеціў шаноўны абываталь, як ужо й дужа раскіс, як ужо я расчулена патрафляю яму і кволюся, бы жывое парася, увесь цэлы растаю ад каліўца зычлівасці, павагі, ласкавасці. Так абодва Гары, абодва - постаці куды якія несімпатычныя, стаялі перад ветлівым прафесарам, пагарджаючы адзін адным, назіраючы адзін за адным, плюючы пад ногі і зноў, як заўсёды ў такіх сітуацыях, задаючы сабе пытанне: ці гэта проста чалавечае глупства і слабасць, інакш: ці гэта агулам усіхняя доля такая, а ці гэта сентыментальны эгаізм, гэта - бесхарактарнасць, гэта - неахайнасць і дваістасць пачуццяў - чыста асабістая асаблівасць Стэпавага ваўка. Калі гэта подласць агульначалавечая, што ж, хай - тады мая пагарда да свету магла абваліцца на яе з новай сілай; калі ж толькі мая асабістая слабасць, дык яна давала прычынную зачэпку да оргіі самапаганьбення.