За спрэчкаю паміж абодвума Гары прафесар быў амаль забыты; раптам ён мне зноў абрыд, і я паспяшаўся адчапіцца ад яго. Я доўга глядзеў яму ўслед, калі ён аддаляўся па голай дарожцы дабрадушлівай і крыху смешнай паходкаю ідэаліста, паходкай верніка. У душы маёй бушавала бітва, і, машынальна расціраючы азяблыя пальцы ў змаганні з затоенай падаграй, я быў вымушаны прызнацца сабе, што застаўся ў дурнях, што вось і накаркаў сабе запрашэнне на вячэру, апалове восьмай, асудзіў сябе на абмен кампліментамі, вучоную балбатню і сузіранне чужога сямейнага шчасця. Узлаваўшыся, я пайшоў дамоў, змяшаў ваду з каньяком, запіў свае пілюлі, лёг на канапу і паспрабаваў чытаць. Калі нарэшце ўдалося ўчытацца ў «Падарожжа Софіі з Мэмэля ў Саксонію», найдзівоснейшую бульваршчыну васемнаццатага стагоддзя, я раптам успомніў пра запрашэнне, і што я няголены, і што трэба апрануцца. Аднаму Богу вядома, навошта я ўсё гэта навалок сабе на галаву! Дык вось, Гары, падводзься, кідай сваю кнігу, мылься, шкрабі да крыві падбароддзе, апранайся і набірайся чалавекалюбства! Намыльваючыся, я думаў пра брудную гліністую яму на могілках, у якую сёння апусцілі на вяроўках таго незнаёмага, і пра перакошаныя ўсмешкамі твары знуджаных сухрысціянаў і не мог нават пасмяяцца з усяго гэтага. Там, каля бруднай гліністай ямы, пад дурную дудню прапаведніка, сярод дурных, збянтэжаных фізіяномій гасцей пахавання, пры бязрадасным відовішчы ўсіх гэтых крыжоў і дошак з бляхі і мармуру, сярод усіх гэтых штучных кветак з дроту і шкла, там, здавалася мне, супакоіўся не толькі той невядомы, не толькі заўтра ці паслязаўтра супакоюся і я, засыпаны, закапаны ў гразь сярод збянтэгі і хлусні ўдзельцаў працэдуры, не, так заканчвалася ўсё, уся наша культура, уся наша вера, уся наша жыццерадаснасць, якая была вельмі хворая і неўзабаве таксама будзе закапана. Цвінтаром быў свет нашай культуры, Ісус Хрыстос і Сакрат, Моцарт і Гайдн, Дантэ і Гётэ былі тут толькі цьмянымі імёнамі на паржавелых бляшаных дошках, а навакол стаялі разгубленыя і наскрозь схлушаныя памінальцы, якія шмат далі б за тое, каб зноў паверыць ў гэтыя калісьці свяшчэнныя для іх бляшаныя скрыжалі альбо сказаць хоць нейкае праўдзівае, сур'ёзнае слова роспачы і скрухі пра гэты адышлы свет, а не проста стаяць ускрай магілы са збянтэжанай ухмылкай. Ад злосці я парэзаў сабе падбародак у тым самым месцы, што і заўсёды, прыпёк ранку квасцамі, але ўсё адно мусіў быў змяніць толькі надзеты свежы каўнерык, хоць зусім не ведаў, навошта я ўсё гэта раблю, бо не меў аніякай ахвоты ісці туды, куды мяне запрасілі. Але нейкая частка Гары зноў наладзіла спектакль, назвала прафесара нічаво-парнем, захацела чалавечага паху, палічыла думку пра сустрэчу ў гасцінных гаспадароў ўвогуле натхняльнай, дапамагла мне наляпіць на падбародак англійскі пластыр, дапамагла апрануцца і завязаць патрэбны гальштук і далікатна пераканала махнуць рукою на маё сапраўднае жаданне застацца дома. І тым самым часам я думаў: гэтак, як я цяпер апранаюся і выходжу, іду да прафесара і абменьваюся з ім больш-менш ілжывымі ветлівымі вітаннямі, у сутнасці нічога такога не жадаючы, як рыхтык гэтак робіць, жыве і дзейнічае большасць людзей дзень у дзень, кожную гадзіну, яны вымушана, зноў жа таго не хочучы, робяць візіты, вядуць гутаркі, адседжваюць службовасць, заўсёды паняволі, машынальна, знехаця, усё гэта з такім самым поспехам магло б рабіцца машынамі альбо наогул не рабіцца; і ўся гэтая бясконцая механіка не дае ім крытычна - як я - паставіцца да свайго жыцця, убачыць і адчуць яго дурноту і дробязнасць, яго мярзотна выскаленую паняверку, яго бязмежную скруху і журбу. О, і яны маюць рацыю, людзі, вой як маюць, што так жывуць, што гуляюць у свае гульні і носяцца са сваімі каштоўнасцямі, замест каб супраціўляцца гэтай панылай механіцы і роспачна ўглядацца ў пустэчу, як я, зусім звіхнуты чалавек. Калі я часам на гэтых старонках пагарджаю людзьмі і высмейваю іх, дык хай жа не падумаюць, што я хачу зваліць на іх віну, звінаваціць іх, перакласці на іншых адказнасць за сваю асабістую бяду! Але ж я, зайшоўшы так далёка і стоячы на краі жыцця, дзе яно правальваецца ў цёмную бездань, я раблю несправядліва і хлушу, калі строюся перад сабою і перад іншымі, быццам гэтая механіка пашыраецца і на мяне, нібыта я таксама належу яшчэ да мілага дзіцячага свету вечнай гульні!