Выбрать главу

А вечар і праўда выдаўся раскошны. Каля дома свайго знаёмага я на хвілінку спыніўся і зірнуў угору на вокны. Вось тут жыве гэты чалавек, падумалася, працуе год у год, чытае і каментуе тэксты, шукае сувязяў паміж малаазіяцкімі і індыйскімі міфалогіямі і рады, бо верыць у вартасць сваёй працы, верыць у навуку, якой служыць, верыць у каштоўнасць чыстых ведаў, назапашвання інфармацыі, бо верыць у прагрэс, у развіццё. Вайны ён не адчуў, не адчуў, як скалануў асновы ранейшага мыслення Эйнштэйн (гэта, мяркуе ён, тычыцца толькі матэматыкаў), ён не бачыць, як вакол яго збіраюцца хмары новай вайны, ён лічыць яўрэяў і камуністаў годнымі нянавісці, ён добры, бяздумны, задаволены дзіцёнак, думае пра сябе што-та я, яму можна толькі пазайздросціць. Я набраў духу і ўвайшоў, мяне сустрэла пакаёўка ў белым фартушку, дзякуючы нейкаму прадчуванню я добра запомніў месца, куды яна прыбрала маё паліто і капялюш, пакаёўка правяла мяне ў цёплы, светлы пакой, папрасіла пачакаць, і замест каб сказаць малітву альбо заснуць, я неяк гарэзліва ўзяў першы пад рукою прадмет. Гэта быў абразок у рамцы з цвёрдай кардоннай падпоркай на круглым стале. Гэта была гравюра пісьменніка Гётэ, наравістага, геніяльна прычасанага старца з прыгожа лепленым тварам, дзе, як таму і след, былі і славутае вогненнае вока, і налёт крыху прыгладжаных вяльможнасцю адзіноты і трагізму, на якія мастак паклаў асабліва шмат намогаў. Яму ўдалося надаць гэтаму дэманічнаму старцу, без пахібы яго глыбіні, нейкі ці тое прафесарскі, ці тое акторскі выраз стрыманасці і гожасці і зрабіць з яго сапраўды прыстойнага старога гера, здольнага акрасіць сабою любы мяшчанскі дом. Карцінка гэтая, бадай што, была не дурнейшая за ўсе карцінкі такога роду, за ўсіх гэтых мілых збаўцаў, апосталаў, герояў, тытанаў духу і дзяржаўных мужоў, якія дбайна прадукуюцца рамеснікамі, яна захапіла мяне пэўнай віртуознасцю майстэрства; як бы тое ні было, ганарыстая, самазадаволеная выява старога Гётэ адразу ж разанула мяне агідным дысанансам - а я быў ужо досыць раздражнёны і распалены - паказала мне, што я ўшыўся не туды. Тут былі на месцы прыгожа стылізаваныя заснавальнікі і нацыянальныя славутасці, а не стэпавыя ваўкі.

Калі б цяпер увайшоў гаспадар, мне, мабыць, яшчэ ўдалося б прыдумаць нейкую прычыну і адкланяцца. Але ўвайшла яго жонка, і я скарыўся лёсу, хоць і прадчуваў нядобрае. Мы павіталіся, і за першым дысанансам пайшлі новыя і новыя. Яна павіншавала мяне з добрым выглядам, а я ж выдатна ведаў, як пастарэў за гады пасля нашай апошняй сустрэчы; ужо калі мы паціскалі рукі, мне непрыемна нагадаў пра гэта прыкры падагрычны боль у пальцах. А потым яна спыталася, як пажывае мая мілая жонка, і мне давялося сказаць, што жонка пакінула мяне і шлюб наш распаўся. Мы абое былі радыя, калі паявіўся прафесар. Ён таксама павітаў мяне вельмі цёпла, і ўся двухсэнсіца, увесь камізм сітуацыі неўзабаве знайшлі сабе вельмі файнае выяўленне. У руках у прафесара была газета, падпісчыкам якой ён быў, орган мілітарысцкай партыі - падбухторшчыцы вайны, і, паціснуўшы мне руку, ён кіўнуў на газету і сказаў, што ў ёй ёсць артыкул пра аднаго майго аднафамільца, публіцыста Галера, - гэта, відаць, нейкі бязродны нягоднік, ён пацяшаўся з кайзера і выказаў меркаванне, што яго радзіма вінаватая ў развязванні вайны зусім не менш, аніж варожыя краіны. Цікава, што гэта за рызыкант такі! Але цяпер ён атрымаў адлуп, рэдакцыя дала рашучы адпор гэтаму прахвосту, закляйміла яго ганьбай. Мы, аднак, перайшлі да іншай тэмы, калі прафесар убачыў, што гэтая матэрыя не цікавіць мяне, а гаспадарам нават і не наўме, што такі выпладзень пекла можа сядзець перад імі, а было ж яно ўсё як рыхтык так, такім выпладнем пекла быў я. Далібог, навошта гвалт, навошта калаціць людзей! Я пасмяяўся сам сабе, але ўжо страціў надзею на якія-колечы прыемныя ўражанні ад гэтага вечара. Я добра памятаю той момант, бо якраз жа калі прафесар загаварыў пра здрадніка радзімы Галера, паганае пачуццё прыгнечанасці і роспачы, што нарастала і памацнялася ўва мне з хаўтураў, згусла ў страшэнную цяжкасць, у фізічна пранозлівы (унізе жывата) боль, у трывожнае адчуванне наканавання. Нешта як бы падпільноўвала мяне, нейкая небяспека цікавала і падкрадвалася ззаду. На шчасце, сказалі, што вячэра гатовая. Мы перайшлі ў сталовую, і, увесь час стараючыся сказаць альбо спытаць што-небудзь бяскрыўднае, я з'еў больш, чым прывык з'ядаць, і з кожнай хвілінай пачуваўся ўсё больш паскудна. Божухны, думаў я ўвесь час, чаго мы так напінаемся? Я ясна адчуваў, што і маім гаспадарам было не па сабе і што іх ажыўленасць дорага ім абыходзілася, ці тое таму, што я скоўваў іх, ці тое праз было-якую нягоду ў доме. Яны распытвалі мяне пра такія рэчы, што адказваць шчыра, ну, аніяк не выпадала, неўзабаве я зусім заблытаўся ў хлусні і змагаўся з агідай пры кожным слове. Нарэшце, каб звесці іх убок, я пачаў расказваць пра пахаванне, сведкам якога сёння быў. Але я не знайшоў правільнага тону, мае патугі на гумар былі жалю вартыя, мы разыходзіліся ў розныя бакі ўсё больш і больш, ува мне рагатаў, ашчэрваючыся, стэпавы воўк, і за дэсертам усе трое больш маўчалі.