Узгадаю адно такое з яго апошніх выказванняў, зрэшты, нават не тое, каб выказванне, бо гэта быў толькі кінуты ім лёткі позірк. У актавай зале ўніверсітэта меўся выступіць з дакладам адзін вядомы філосаф і гісторык культуры, чалавек з еўрапейскім імем, і мне ўдалося ўгаварыць Стэпавага ваўка, які спачатку энергічна аднекваўся, паслухаць той даклад. Мы пайшлі разам і ў зале сядзелі побач. Падняўшыся на кафедру і пачаўшы лекцыю, прафесар сваім франтаватым і мітуслівым выглядам расчараваў многіх слухачоў, якія спадзяваліся ўбачыць тут мала ці не прарока. Калі ён дзеля разгону сказаў некалькі ласкавых слоў у адрас слухачоў і падзякаваў аўдыторыі за аншлаг, Стэпавы воўк кінуў на мяне кароткі позірк, чым выказаў свой скепсіс што да гэтых слоў і наогул да прамоўцы з ягонай прамовай, - о, гэта быў незабыўны і жахлівы зірк, пра сэнс якога можна напісаць цэлую кнігу! Што гэтым ён не толькі крытыкаваў канкрэтнага прамоўцу, знішчаючы славутага чалавека сваёй забойчай, хай сабе і мяккай іроніяй, - і не гаварыцьмем, гэта дробязь. Сваёй яснасцю ён прасвечваў не толькі асобу мітуслівага прамоўцы, не толькі паўсталы момант сітуацыі, спадзяванні і настрой публікі, крыху прэтэнцыёзны загаловак абвешчанай лекцыі - не ж, позірк Стэпавага ваўка пранізваў увесь наш час, усю мітусню, увесь кар'ерызм, усю марнасць, усю напыжанасць павярхоўнай, надуманай духоўнасці - ай, што тут казаць, ягоны позірк сягаў глыбей, быў скіраваны нашмат далей, чым толькі на пахібы нашага часу, нашай духоўнасці, нашай культуры. Ён цаляў у сэрца ўсяго чалавецтва, за ўсяго адну-адненькую секунду ён ярка высветліў сумненні мысляра, можа нават мудраца, у годнасці, у сэнсе чалавечага жыцця наогул. Гэты позірк казаў: «Вось якія мы блазны кірмашовыя! Вось які ён, той ваш чалавек!» - і любая славутасць, любы розум, любыя дасягненні духу, любыя чалавечыя прэтэнзіі на веліч і даўгавечнасць ішлі ў пропадзь і аказваліся блазнотай!
Але ж гэта я забег далёка наперад і, шчыра кажучы, насуперак сваім намерам і волі, ужо сказаў самае істотнае пра Галера, хоць спачатку збіраўся накідаць ягоны партрэт толькі збольшага, а потым ужо няспешна і паслядоўна распавесці пра маё з ім знаёмства.
Але раз ужо я выперадзіў самога сябе, дык, бадай што, будзе залішне далей высільвацца наконт загадкавай «нетутэйшасці» Галера і падрабязна расказваць, як я паступова адчуў і спазнаў прычыны і сэнс гэтай страшэннай нетутэйшай адзіноты. Так будзе лепш, бо сваю ўласную пярсону мне хацелася б па магчымасці засланіць у цень. Не хачу ні спавядацца, ні расказваць розныя прыгоды, ні акідацца ў псіхалогію, хачу толькі як відавочца дадаць сякія-такія штрыхі да партрэта гэтага дзіўнага чалавека, ад якога засталіся нататкі пра Стэпавага ваўка.
Ужо з першага позірку, калі ён увайшоў праз цётчыныя шкляныя дзверы, па-птушынаму адкінуў галаву і пахваліў прыемны пах нашага дома, я змеціў у незнаёмым нешта адмысловае, і першая мая наіўная рэакцыя была - агіда. Я адчуў (і мая цётка, адрозна ад мяне чалавек не разумовы, адчула прыкладна тое ж самае) - я ж адчуў, што ён хворы, ці тое душэўна, ці тое нейкай хваробай характару, і ўласцівы здаровым людзям інстынкт прымусіў мяне абараняцца. З часам гэтыя абарончыя адносіны змяніліся на сімпатыю з маёй глыбокай павагі да таго, хто так доўга пакутаваў і чые асамотненасць і ўнутранае паміранне адбываліся ў мяне на вачах. У гэты час я ўсё больш і больш усведамляў, што хвароба гэтага пакутніка грунтуецца не на нейкіх заганах ягонай натуры, а, наадварот, на вялікім багацці яго сілы і задаткаў, якія не спавіліся ў гармоніі. Я зразумеў, што Галер - геній пакуты, што ён у духу некаторых выказванняў Ніцшэ выпрацаваў у сабе геніяльную, неабмежаваную, вусцішна страшную здольнасць да пакутніцтва. Разам з тым я зразумеў, што глеба ягонага песімізму не пагарда да свету, а пагарда да сябе самога, бо пры ўсёй знішчальнасці ягоных меркаванняў пра заведзеныя парадкі альбо пра людзей ён ніколі не меў сябе за выключэнне, свае стрэлы ён пускаў найперш у самога сябе, ён ненавідзеў і адмаўляў сябе ў першую чаргу.
Тут я павінен, аднак, уставіць адну чыста псіхалагічную зацемку. Хоць я і вельмі мала чаго ведаю пра жыццё Стэпавага ваўка, у мяне ёсць прычыны лічыць, што шчыралюбныя, але строгія і вельмі пабожныя бацькі і настаўнікі выхоўвалі яго ў тым духу, які ў аснове сваёй мае тэзіс «зацісканне волі». Дык вось, знішчыць асобу, заціснуць і задушыць волю ў гэтым выпадку яўна не ўдалося, вучань быў занадта моцны і наравісты, надта ганарысты і разумны. Замест каб знішчыць яго асобу, удалося толькі навучыць яго ненавідзець самога сябе. І супроць сябе самога, супроць гэтага нявіннага і высакароднага аб'екта ён праз цэлае сваё жыццё скіроўваў усю геніяльнасць сваёй фантазіі і сілу свайго розуму. Бо ў тым якраз, нягледзячы ні на што, ён быў праўдзівы хрысціянін і праўдзівы пакутнік, што ўсякую рэзкасць, усякую крытыку, усякую з'едлівасць, усякую нянавісць, на якую толькі быў здольны, ён найперш накідваў на самога сябе. Што да ўсіх астатніх людзей, дык ён упарта рабіў самыя гераічныя і самыя сур'ёзныя спробы любіць іх, ставіцца да іх справядліва, не ўчыняць ім болю, бо то ж «палюбі блізкага свайго» ўелася ў яго так глыбока, як і нянавісць да самога сябе - дакладна тое самае і прыводзіць да такой самай ізаляцыі і да такой самай роспачы, як і зацяты эгаізм.