Выбрать главу

Мы вярнуліся ў той першы пакой выпіць кавы і гарэлкі, - можа, гэта нам крыху дапамагло б. Але тут князь паэтаў зноў запаў мне ў вочы, хоць яго ўжо пераставілі на камоду. Я не мог адвязацца ад яго, і, выдатна чуючы ў сабе галасы перасцярогі, зноў узяў яго ў рукі і пачаў з ім гутарыць. Я быў проста апантаны адчуваннем, што гэтая сітуацыя нязносная, што вось цяпер я павінен альбо сагрэць і заняць гаспадароў, наладзіць іх на сябе, альбо давесці ўсё да выбуху.

- Будзем спадзявацца, - сказаў я, - што жывы Гётэ выглядаў не так! Гэтая пыха, гэтая фанабэрыстая пастава, гэтая какетлівая годнасць, гэты свет святой сентыментальнасці пад покрывам мужнасці! Можна, вядома, вельмі яго недалюбліваць, я таксама часта недалюбліваю старога важніка, але маляваць яго так - не, гэта ўжо занадта.

Наліўшы кавы з глыбокай пакутай на твары, гаспадыня паспяшалася выйсці з пакоя, і яе муж крыху збянтэжана, крыху дакорліва сказаў мне, што партрэт Гётэ належыць яго жонцы і што яна яго бясконца любіць.

- І хай вы аб'ектыўна нават маеце поўную рацыю, чаго я, дарэчы, не лічу, бадай што, вам не трэба было выказвацца так рэзка.

- Тут ваша праўда, - прызнаў я. - На жаль, гэта мая звычка, мая загана - выбіраць заўсёды як мага больш рэзкія словы, што, да слова ж кажучы, рабіў і Гётэ ў свае лепшыя часіны. Вядома, гэты саладжавы, абыватальскі, раздураны салонны Гётэ ніколі не ўжыў бы рэзкага, трапнага, дакладнага выразу. Прашу даравання ў вас і ў вашай жонкі - перадайце ёй, што я шызафрэнік. А заадно дазвольце адкланяцца.

Агаломшаны гаспадар спрабаваў нешта плямкаць пра тое, якія цудоўныя і цікавыя былі нашы ранейшыя гутаркі, і што мае здагадкі наконт Мітры і Крышны зрабілі на яго тады глыбокае ўражанне, і што ён спадзяваўся сёння зноў... ну, і так далей. Я падзякаваў яму і сказаў, што гэта вельмі мілыя словы, але, на жаль сёння ў мяне зусім адпалі і цікавасць да Крышны, і ахвота весці вучоныя дыскурсы, і сёння я маніў яму шмат разоў, напрыклад, што ў гэтым горадзе я не некалькі дзён, а некалькі месяцаў, але жыву самотна і ўжо не магу бываць у прыстойных дамах, бо, па-першае, я ўвесь час не ў гуморы ад падагры, па-другое, звычайна п'яны. Далей, каб ужо была поўная яснасць, я павінен далажыць шаноўнаму гаспадару, што ён мяне сёння вельмі пакрыўдзіў. Ён стаў на дурную, тупалобую, вартую якога-небудзь гультаяватага афіцэрыка, а не вучонага, пазіцыю рэакцыйнай газеткі ў адносінах да поглядаў Галера. А гэты Галер, гэты «тып», гэты бязродны прахвост не хто там хто які, а менавіта ж я сам, і справы нашай краіны і цэлага свету ішлі б куды лепш, калі б хоць тыя нямногія, хто здольны думаць, сталі на бок розуму і любові да свету, замест каб слепа і апантана рвацца да новай вайны. Во, так бо, і - з Богам, пане спадару!