Выбрать главу

З гэтымі словамі я ўстаў, развітаўся з Гётэ і з прафесарам, сарваў з вешалкі свае рэчы і сам рвануў. Уголас выў у мяне ў душы зларадны воўк, вялікі скандал разгараўся паміж двума Гары. Мне адразу з'яснілася, што гэты непрыемны вечар клаўся на мяне куды большым значэннем, чым на абуранага прафесара; яму ён быў расчараваннем, прыкрым эпізодам, а мне апошнім правалам і ўцёкамі, развітаннем з мяшчанскім, маральным, вучоным светам, поўнай перамогай стэпавага ваўка. І развітваўся з імі як уцякач, як пераможаны, прызнаючы сябе банкрутам, развітваўся без ніякага суцяшэння, без адчування перавагі, без гумору. З усім ранейшым светам і з ранейшай радзімай, з буржуазнасцю, маральнасцю, вучонасцю я развітваўся акурат жа так, як развітваецца хворы на язву страўніка са смажанай свінінай. Як асатанелы бег я пад ліхтарамі, у шалёнай і смяротнай тузе. Які гэта быў немарасны, ганебны, ліхі дзень, з раніцы да вечара, ад могілак да сцэны ў доме ў прафесара! Навошта? Чаму? Ці ёсць сэнс абкладацца іншымі такімі днямі, зноў сёрбаць той самы кулеш? Няма! І сёння ж уначы я пакончу з усёй гэтай камедыяй. Ідзі дахатанькі, Гары, і шарахні сабе па горле! Годзе адкладваць.

Я кідаўся па вуліцах, мяне гнала бяда. Вядома, мая дурасць - аплёўваць добрым людзям акрасу іх салона, дурасць і няветлівасць, але інакш я не мог, не мог болей трываць іх прымітыўнага, ілжывага, чыннага жыцця. А як што не мог больш трываць і адзіноты, так мне здавалася, бо кампанія з самім сабою мне дарэшты апрыкрала, бо я біўся і задыхаўся ў беспрасветнасці свайго пекла, дык якое ж тут магло быць выйсце? Не было выйсця, ніякага не было. О, маці і бацька, о, далёкі свяшчэнны агонь маладосці, о, тысячы радасцяў, парыванняў і мэтаў цэлага майго жыцця! Нічога з гэтага ў мяне не засталося, нават каяння, даліся ў знакі толькі агіда і боль. Ніколі яшчэ, здавалася мне, сама патрэба жыць не раніла так, як у гэты вось час.

Я адпачыў у нейкім нудным шынку на прадмесці, выпіў там вады з каньяком і пабег далей, гнаны д'яблам, угору і ўніз па крутых вулках старога горада, па прысадах, праз вакзальную плошчу. «З'ехаць!» - падумаў я, зайшоў на вакзал, памусоліў вачыма вывешаныя на сцяне расклады, выпіў крыху віна, паспрабаваў сабрацца з думкамі. Усё бліжэй і выразней бачыў я цяпер прывід, які палохаў мяне. Гэта было вяртанне дамоў, у мой пакой, гэта была патрэба змірыцца з роспаччу! Ад яе не ўцячы, колькі ні бегай, не ўцячы ад вяртання да маіх дзвярэй, да стала з кнігамі, да канапы з партрэтам маёй каханай на сцяне, не ўцячы ад таго імгнення, калі трэба будзе ўзяць брытву і смыкануць сабе па горле. Усё выразней паўставала перад мною гэтая карціна, і ўсё выразней, пад шалёны стукат сэрца адчуваў я самы вялікі страх на свеце - страх смерці! Так, у мяне быў неверагодны страх перад смерцю. Хоць я і не бачыў іншага выйсця, хоць агіда, пакута і роспач сціснулі з усіх бакоў, хоць ужо нічога не магло прывабіць, даць мне надзею і радасць, я адчуваў невыказны жах перад смерцю, перад апошнім імгненнем, перад абавязкам холадна рэзаць брытвай сваю плоць!

Я не бачыў спосабу збегчы ад таго, што мяне палохала. Нават калі сёння ў барацьбе роспачы з бояззю пераможа боязь, дык усё роўна заўтра і штодзень перад мною зноў будзе стаяць роспач, ды яшчэ патроеная маёй пагардай да сябе. Так я і буду зноў хапацца за брытву і зноў адкідаць яе, пакуль нарэшце не адбудзецца тое... Дык лепш ужо сёння! Я ўгаворваў сябе, як дзіця малое, разумнымі довадамі, але дзіця не слухалася, яно ўцякала, яно хацела жыць. Зноў мяне рыўкамі матала па горадзе, я абыходзіў сваю кватэру коламі, увесь час думаючы пра вяртанне і ўвесь час адкладваючы яго. Час ад часу я затрымліваўся ў кабаках, то на адну чарку, то на дзве, а потым мяне зноў насіла па горадзе, размашыста кружляла вакол маёй мэты, вакол брытвы, вакол смерці. Часам, смяротна стаміўшыся, я прытыкаўся на лаўку, на край фантана, на тумбу, чуў, як стукаціць сэрца, выціраў з лоба пот, бег зноў, у смяротным страху, у кволенькай тузе па жыцці.

Так, позна ўначы, мяне занесла ў далёкае, мала мне знаёмае прадмесце, да рэстарана, за вокнамі якога бушавала скочная музыка. Заходзячы ў браму, я прачытаў шыльду над ёю: «Чорны арол». У рэстаране шумела начное жыццё - гвалт, замятня, дым, вінныя выпарэнні і галас, у задняй зале скакалі, там і бушавала музыка. Я застаўся ў першым салоне, дзе былі простыя, беднавата адзетыя людзі, тым часам як у заднім, бальным, мільгалі і даволі элегантныя госці. Вэрхал адціснуў мяне ўглыбіню залы, да століка каля буфета, дзе на лаўцы каля сцяны сядзела мілавідая бледная дзяўчына ў тонкай, з глыбокім выразам бальнай сукенцы, у валасах у яе была прывялая кветачка. Убачыўшы, што я набліжаюся, дзяўчына ўважліва і прыветліва зірнула на мяне і, усміхнуўшыся, пасунулася, каб даць мне прысесці.