Але ж настаў мне час адкінуць свае здогадзі і перайсці да фактаў. Дык вось першае, што я ўведаў пра Гары Галера, - хай тое сваім шпіянажам, хай тое з ацэнак цёткі, - датычылася ладу ягонага жыцця. Што ён чалавек разумова-кніжны і не мае ніякага практычнага занятку, высветлілася хутка. Ён заўсёды залежваўся ў ложку, часта ўставаў амаль аполудні і рабіў некалькі крокаў, якія аддзялялі яго спальню ад гасцёўні. Гэтая гасцёўня, вялікая і ўтульная мансарда на два акны ўжо праз некалькі дзён набыла іншы выгляд, чым пры ранейшых жыльцах. Яна напоўнілася - а паступова напаўнялася больш і больш. Вешаліся карціны, прыколваліся на сцяну малюнкі, часам выразаныя з часопісаў, часта замяняліся. Паўднёвы пейзаж, фотаздымкі нямецкага правінцыйнага горада, мабыць, радзімы Галера, віселі тут уперамешку з яркімі акварэлямі, пра якія мы пазнейшым часам даведаліся, што яны напісаныя ім самім. Пасля фотаздымак прыгожай маладой жанчыны альбо дзяўчыны. Адзін час на сцяне вісеў сіямскі Буда, пасля заменены рэпрадукцыяй «Ночы» Мікельанджэла, а потым партрэтам Махатмы Гандзі. Кнігі запаўнялі не толькі вялікую кніжную шафу, але і ляжалі ўсюды на сталах, на прыгожым старым сакратэры, на канапе, на крэслах, на падлозе, кнігі з папяровымі закладкамі, якія таксама пастаянна замяняліся. Кніг усё большала і большала, бо ён не толькі прыносіў з бібліятэкі цэлыя стосы, але і даволі часта атрымліваў бандэролі па пошце. Чалавек, які жыў у гэтым пакоі, мог быць навукоўцам. Такому ўражанню адпавядалі і цыгарны дым, які тут усё завалакаў, і параскіданыя недапалкі цыгарэтаў, і попельніцы. Але даволі вялікая частка кніг была не навуковага зместу, у большасці былі творы пісьменнікаў усіх эпохаў і народаў. Адзін час на канапе, на якой ён часта вылежваўся цэлымі днямі, валяліся ўсе шэсць тоўстых тамоў твора пад назвай «Падарожжа Сафіі з Мэмеля ў Саксонію» - канца васемнаццатага стагоддзя. Вельмі зачытана выглядалі поўныя зборы твораў Гётэ, Жана Поля, а таксама Наваліса, Лесінга, Якобі і Ліхтэнбэрга. З некалькіх тамоў Дастаеўскага густа тырчалі запісаныя лісткі. На вялікім стале, сярод кніг і рукапісаў, часта гасцяваў букет кветак, там жа быў і эцюднік з акварэльнымі фарбамі, зрэшты, заўсёды запылены, побач з ім - попельніцы ды, каб ужо і гэтага не абмінуць, розныя бутэлькі з напоямі. У аплеценай саломай бутэльцы было звычайнае чырвонае віно, якое ён браў непадалёк у лаўцы, часам паяўлялася бутэлька бургундскага альбо малагі, а тоўстая бутля з вішнёўкай, як я сам бачыў, за кароткі час амаль спаражнілася, а потым знікла ў нейкім куце і пылілася там без далейшага ўбывання рэшты. Не буду апраўдваць свайго шпіёнства і шчыра прызнаюся, што першым часам ўсе гэтыя прыкметы хоць і напоўненага духоўнымі інтарэсамі, але ўсё ж даволі-такі расхлябанага і разбоўтанага жыцця наводзілі мяне на агіду і падазронасць. Я не толькі чалавек бюргерскай размеранасці ў быце, я да таго ж не п'ю і не куру, і гэтыя бутэлькі ў пакоі Галера не падабаліся мне яшчэ больш, чым астатні маляўнічы кавардак. Гэтак сама, як у сне і працы, незнаёмы не трымаўся абсалютна ніякага рэжыму ў ежы і піцці. У некаторыя дні ён наогул не выходзіў з дому і не сілкаваўся нічым, акрамя ранішняй кавы, часта адзінай рэштай ягонай вячэры, якую знаходзіла цётка, тут жа валяліся лупіны ад банана, затое ў іншыя дні ён трактаваўся ў рэстаранах, часам у добрых, раскошных, часам у якой-небудзь забягалаўцы на ўскраіне горада. Моцным здароўем ён, відаць, пахваліцца не мог; апрача скаванасці ў нагах, якімі ён часам з вялікай цяжкасцю адольваў лесвіцы, яго мучылі, відаць, і іншыя немачы, і, як аднаго разу мімаходзь кінуў, - ужо каторы год ён не ведае ні нармальнага стрававання, ні нармальнага сну. Я прыпісаў гэта перш за ўсё таму, што ён выпіваў. Пазней, калі я заходзіў з ім у адну з ягоных рэстарацый, мне прыпадала назіраць, як ён борздзенька прапускаў чарчыну-другую, але па-сапраўднаму п'яным ні я, ні яшчэ хто-колечы яго ні разу не бачыў.