Выбрать главу

Ніколі не забуду нашай першай, можна сказаць, асабістай сустрэчы. Мы былі знаёмыя толькі збольшага, як бываюць знаёмыя суседзі, якія жывуць у адным доме. Аднойчы ўвечары, вяртаючыся з канторы, я на сваё вялікае здзіўленне застаў гера Галера на лесвічнай пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі. Ён сядзеў на верхняй прыступцы і пасунуўся ўбок, прапускаючы мяне. Я спытаўся, ці не пачуваецца ён блага, і ці не правесці яго да самага верху.

Галер паглядзеў на мяне, і я зразумеў, што вывеў яго з нейкага дрымотнага стану. Ён павольна ўсміхнуўся сваёй прыгожай і журботнай усмешкай, якою так часта мала што не кроіў мне сэрца, а потым запрасіў прысесці побач. Я падзякаваў і сказаў, што не прывык сядзець на лесвіцах каля чужых кватэраў.

- Ах, ну так, - сказаў ён і ўсміхнуўся яшчэ раз. - Ваша праўда. Але хвіліначку, я пакажу вам, чаму я тут прысеў.

І ён паказаў на пляцоўку перад кватэрай другога паверха, дзе жыла адна ўдава. На малюсенькай лапінцы паркету паміж лесвіцай, акном і зашклёнымі дзвярыма стаяла каля сцяны высокая шафа з чырвонага дрэва са старадаўнімі алавянымі прыбамбасамі, а на падлозе перад шафай у вялікіх вазонах на дзвюх нізкіх падстаўках стаялі дзве расліны, азалія і араўкарыя. Расліны былі вельмі прыгожыя і даглядаліся бездакорна, што я з прыемнасцю зазначыў сабе.

- А ведаеце, - працягваў Галер, - гэтая пляцовачка з араўкарыяй, тут такі дзівосны пах, што я проста не маю сілы прайсці міма, не затрымаўшыся хоць на хвілінку. У вашай цётачкі таксама суцэльны водар, парадак і чысціня, але вось гэтая пляцоўка з араўкарыяй - яна такая сляпуча чыстая, такая выцертая, навошчаная і вымытая, такая недатыкальна ахайная, аж проста страх бярэ - так ззяе. Мне заўсёды хочацца тут надыхацца - чуеце, як тут пахне? Як гэты пах воску, якім нацёртая падлога, і слабы прысмак тэрпэнтыны разам з чырвоным дрэвам, прамытымі лістамі раслін і ўсім астатнім ствараюць водарнасць, яўляюць воку найвышэйшую ступень мяшчанскай чысціні, стараннасці і дакладнасці, выканання абавязку і вернасці ў малым. Не ведаю, хто тут жыве, але за гэтымі шклянымі дзвярыма павінен быць рай чысціні і выпыленай мяшчанскасці, рай парадку і баязліва-кранальнай адданасці маленькім прызвычайкам і вялікім мусовасцям.

Як што я перамоўчаў, ён сказаў далей:

- Калі ласка, не думайце, што я іранізую! Дарагі мой, менш за ўсё я хацеў бы выскаляцца з гэтага мяшчанскага парадку. Можа, я сам жыву ў іншым свеце, не ў гэтым, і, бадай што, не вытрымаў бы і дня ў кватэры з такімі араўкарыямі. Але хоць я і стары, крыху ўжо аблезлы і апоўзлы стэпавы воўк, я ўсё-такі таксама сын сваёй маці, а мая маці таксама была мяшчанка, яна разводзіла кветкі, даглядала пакой і лесвіцу, мэблю і гардзіны і рупілася за кватэру і сваё жыццё, каб было як мага больш ахайнасці, чысціні і прыстойнасці. Пра гэта мне нагадвае пах тэрпэнтыны, нагадвае араўкарыя, і вось я часам сяджу тут, гляджу на гэты ціхі садок парадку і радуюся, што такое на свеце бывае.

Ён хацеў падняцца, але гэта давалася цяжка, і ён не запярэчыў, калі я крыху дапамог яму. Я ўсё яшчэ маўчаў, але ўжо паддаўся, як тое ўжо было з маёй цётачкай, нейкаму зачараванню, якое зыходзіла з гэтага чалавека. Мы павольна падняліся разам па лесвіцы, і перад сваімі дзвярыма, ужо трымаючы ў руцэ ключ, ён зноў проста і вельмі прыветліва паглядзеў мне ў твар і сказаў:

- Вы прыйшлі са сваёй канторы? Ну так, у гэтым я нічога не цямлю, я жыву, ведаеце, крыху наўзбоч, крыху зводдаль. Але, мабыць, вы таксама цікавіцеся кнігамі і да таго падобным, ваша цётачка сказала мне неяк, што вы закончылі гімназію і былі моцныя ў грэцкай. Сёння раніцай я знайшоў адну фразу ў Наваліса, можна, я пакажу вам яе? Вам гэта таксама будзе прыемна.

Ён завёў мяне ў свой пакой, дзе моцна пахла тытунём, дастаў з гурбы нейкую кнігу, пагартаў, пашукаў...

- І гэта таксама добра, вельмі нават добра, - сказаў, - вось паслухайце: «Трэба ганарыцца болем, усякі боль - гэта напамін пра наша высокае прызначэнне». Файна! За восемдзесят гадоў да Ніцшэ! Але гэта не тое выслоўе, якое я меў на ўвазе, - пачакайце - вось, знайшоў. Вось яно: «Большасць людзей не хоча плаваць да таго, як навучацца плаваць». Ці ж не дасціпна? Вядома, яны не хочуць плаваць! Яны ж бо створаны для сушы, а не для вады. І вядома ж, не хочуць думаць; бо яны народжаны, каб жыць, а не каб думаць! Ну, а хто думае, што бачыць у гэтым сваю галоўную місію, той можа ў гэтым пайсці вельмі далёка, але ён усё адно блытае сушу з вадою, і рана ці позна ўтопіцца.