Так ён залучыў мяне да сябе і зацікавіў, і я затрымаўся ў яго на некалькі хвілін, і з таго часу мы часцяком, сустракаючыся на лесвіцы альбо на вуліцы, крыху гутарылі. Пры гэтым, як і таго разу каля араўкарыі, я не мог пазбыцца падазрэння, што ён іранізуе з мяне. Але гэта было зусім не так. Ён адчуваў да мяне, як і да араўкарыі, шчырую павагу, ён так глыбока ўвайшоў у сваю адзіноту, у сваё наканаванне плаваць, у сваё адшчапенства, што і насамрэч, без ніякага пакепу, мог прыйсці ў захапленне ад якога-небудзь слугі альбо, скажам, трамвайнага кандуктара. Спачатку мне здавалася гэта даволі пацешным перабольшаннем, панскай прыхамаццю, какетлівай сентыментальнасцю. Але спакваля я пераканаўся, што, гледзячы на наш мяшчанскі заканурак са сваёй беспаветранай прасторы, са сваёй воўчай адзіноцкасці, ён сапраўды захапляўся гэтым закануркам, шчыра любіў яго як нешта трывалае і надзейнае, як нешта недасягальна далёкае, як радзіму і спакой, дарога да якога яму, Стэпаваму ваўку, заслонена. Перад нашай брамніцай, харошай жанчынай, ён заўсёды здымаў капялюш з непадробнай пашанай, і калі мая цётачка з ім гаманіла і нагадвала яму, што ягонай бялізне патрэбен сякі-такі падналадак альбо што ў яго адрываецца гузік на паліто, ён слухаў яе на дзіва ўважліва, быццам з усіх сілаў, але безнадзейна стараўся пранікнуць праз якую-небудзь шчыліну ў гэты закутак спакою і парадніцца з ім хоць на гадзіну-другую.
Ужо падчас першай гутаркі каля араўкарыі ён назваў сябе Стэпавым ваўком, і гэта таксама крыху азадачыла мяне і збіла спанталыку. Ну што гэта за мова такая?! Я не толькі па прывычцы прыняў гэты выраз, але і сам пачаў неўзабаве ў думках называць нашага жыльца не інакш, як Стэпавым ваўком, ды і сёння не знайшоў бы яму больш трапнага вызначэння. Стэпавы воўк, які, заблудзіўшыся, заблытаў да нас у горад, у стаднае жыццё, - ніякі іншы вобраз больш дакладна не намалюе гэтага чалавека, яго нясмелай адзіноты, яго ваўкаватасці, яго трывогі, яго тугі па радзіме і яго бязроднасці.
Аднойчы выпала мне цэлы вечар назіраць за ім на сімфанічным канцэрце, дзе ён, на маё вялікае здзіўленне, сядзеў непадалёк ад мяне, але не заўважыў. Спачатку давалі Гендэля, высакародную і прыгожую музыку, але Стэпавы воўк сядзеў безудзельна, увесь у сваіх думках, не звяртаючы ўвагі ні на музыку, ні на слухачоў. Асамотнены, чужы і адзінокі, ён сядзеў з халодным, але заклапочаным тварам, апусціўшы вочы. Пасля пачалася другая п'еса, маленькая сімфонія Фрыдэмана Баха, і я дзіву даўся, убачыўшы, як пасля першых жа тактаў мой самотнік заўсміхаўся, заразіўшыся ігрою, ён цалкам замкнуўся ў сабе і хвілін, можа, з дзесяць заставаўся ў такім шчаслівым самазабыцці, здаваўся заглыбленым у такія салодкія мроі, што я ўжо сачыў не так за музыкай, як за ім. Калі п'еса скончылася, ён схамянуўся, выпрастаўся седзячы, намерыўся ўжо быў устаць і выйсці, але такі застаўся ў крэсле, каб ужо паслухаць і апошнюю п'есу - гэта былі варыяцыі Рэгера, музыка, якую многія лічылі крыху зацягненай і нуднаватай. І Стэпавы воўк таксама, спачатку ўважлівы і зычлівы, зноў ухіліўся думкамі, ён заклаў рукі ў кішэні і зноў зайшоўся ў сябе, але гэтым ужо разам не шчасліва і замроена, а скрушліва і нарэшце злосна, яго твар зноў аддаліўся, пашарэў, патух, ён сам здаваўся старым, хворым насупам.
Пасля канцэрта я зноў убачыў яго на вуліцы і назіркам рушыў следам; захінаючыся ў паліто, ён нявесела і стомлена ішоў да нашага квартала, але, затрымаўшыся каля аднаго старамоднага рэстаранчыка, нерашуча зірнуў на гадзіннік і зайшоў у памяшканне. Мне раптам стукнула ў галаву ўвайсці за ім. Ён сядзеў за столікам дробнамяшчанскай гасцёўні, гаспадыня і кельнерка віталі яго як старога знаёмага, я таксама павітаўся і падсеў да яго. Мы прабылі там гадзіну, і за гэты час я выпіў дзве шклянкі мінеральнай вады, а яму прынеслі паўлітра, а потым яшчэ чвэрць літра чырвонага віна. Я сказаў, што быў на канцэрце, але ён не падтрымаў гэтай тэмы. Прачытаўшы этыкетку на маёй бутэльцы з вадой, ён спытаўся, ці не вып'ю я віна, якім ён мяне пачастуе. Калі я прызнаўся, што віна наогул не п'ю, на яго твары зноў паявіўся выраз бездапаможнасці, і ён сказаў:
- Так, ваша праўда. Я таксама гадамі жыў паўстрымліва і падоўгу пасціўся, але цяпер якраз я пад знакам Вадалея, гэта цёмны і вільготны знак.
І калі я жартам падхапіў гэтую заўвагу і здзівіўся, што менавіта ён верыць у астралогію, ён зноў перайшоў на той перабольшана ветлівы тон, які мяне часта крыўдзіў, і сказаў: