Але самае цудоўнае было тое, што побач са мною раптам апынуўся мой школьны таварыш Густаў, пра якога я ўжо дзесяткі гадоў нічога не чуў, калісьці самы неакілзаны, самы дужы і жыццелюбны з сяброў майго ранняга дзяцінства. У мяне душа заспявала, калі я ўбачыў, як мне зноў падміргнулі яго блакітныя вочы. Ён даў мне знак, і я тут жа з радасцю пайшоў за ім.
- Божа мой, Густаў, - шчасліва ўсклікнуў я, - вось гэта сустрэча! Кім жа ты цяпер?
Ён засмяяўся сярдзіта, як усё роўна ў хлапечыя часы.
- Дурань, няўжо трэба адразу лезці з пытаннямі і балбатнёй? Прафесарам тэалогіі - вось кім я зрабіўся, ну вось, цяпер ты гэта ведаеш, але, стары, мне ўжо не да тэалогіі, на шчасце цяпер вайна. Гайда! Хадзем!
З маленькай машыны, якая, порскаючы, ляцела нам насустрач, ён трапным стрэлам зняў шафёра, спрытна, як малпа, ускочыў у машыну, спыніў яе і пасадзіў мяне, потым, з шалёнай хуткасцю, праз кулі і перавернутыя машыны, мы памчаліся прэч, далей ад цэнтра горада.
- Ты на баку фабрыкантаў? - спытаўся я ў сябра.
- Няважна, гэта справа густу, выедзем за горад - разбярэмся. Зрэшты, не, пачакай, я хутчэй за тое, каб мы выбралі другую партыю, хоць, па сутнасці, гэта, вядома, усё адно. Я тэолаг, і мой продак Лютэр дапамагаў у свой час князям і багатым у цяжбіне з сялянамі, а мы цяпер гэта крыху паправім. Дрэнь машына, але будзем спадзявацца, яе хопіць яшчэ на некалькі кіламетраў!
Як ветрык, мы з тарахценнем вырваліся з горада ў спакойныя зялёныя мясціны, праехалі шмат міляў па шырокай раўніне, а пасля павольна падняліся і заглыбіліся ў магутныя горы. Тут мы спыніліся на гладкай, коўзкай дарозе, якая смела змяілася паміж стромай скалой і нізкім парапетам, ішла высока ўгору над возера, што сінела ўдалечыні.
- Сімпатычная мясціна, - сказаў я.
- Вельмі прыгожая. Мы можам назваць яе Асявой дарогай, тут зломіцца не адна вось, Гарычак мой, сам пабачыш!
Каля дарогі стаяла вялікая пінія, а на пініі, наверсе, мы ўбачылі нешта накшталт дашчанай будкі, такую назіральную вышку. Густаў звонка засмяяўся, хітра падміргнуў мне блакітнымі вачыма, мы спешна выйшлі з машыны, ускараскаліся па камлі і, яшчэ не адсопшыся, схаваліся ў будцы, якая нам дужа спадабалася. Мы знайшлі там вінтоўкі, пісталеты, скрынкі з патронамі. І не паспелі крыху астыць і як след засесці дарогу, як з бліжэйшага павароту ўжо пачуўся хрыплы і загадны гудок вялікай раскошнай машыны, яна з рыкам ехала па гладкай дарозе на высокай хуткасці. Вінтоўкі мы ўжо зладзілі. Гэта было на дзіва цікава.
- Цэлься ў шафёра! - загадаў Густаў, калі цяжкая машына імчалася якраз міма нас.
І вось ужо я прыцэліўся і стрэліў - у сінюю шапку шафёра. Ён паваліўся, машына прамчалася далей, урэзалася ў скалу, адскочыла назад, цяжка і злосна, як вялікі тоўсты чмель, чмякнулася аб нізкую сценку, перавярнулася і з ціхім кароткім трэскам пераваліўшыся цераз яе, рухнула ў прорву.
- Гатовенькая! - засмяяўся Густаў. - Наступнага бяру на сябе.
Вось ужо зноў ляцела машына сюды, на сядзеннях відны былі тры ці тое чатыры постаці пасажыраў, за адной жаночай галоўкай нерухома і гарызантальна плыў канец шаля, блакітнага шаля, яго мне, шчыра кажучы, было шкада, хто ведае, ці не смяяўся пад ім прыгожы жаночы тварык. Госпадзе, калі ўжо мы гуляем у разбойнікаў, дык было б, мабыць, правільней і прыгажэй трымацца вялікіх прыкладаў і не пашыраць нашай дзівоснай крыважэрнасці на прыгожых дам. Шафёр тузануўся, паваліўся, машына пацалавала стромую скалу, адскокнула і бразнулася коламі ўгору на дарогу. Мы пачакалі, нічога не варухнулася, людзі нема ляжалі пад машынай, як у пастцы. Машына яшчэ вурчала, хрыпела і пацешна круціла коламі ў паветры, але раптам яна страшна трэснула і ўспыхнула яркім полымем.
- «Форд», - сказаў Густаў. - Трэба спусціцца ўніз і аслабаніць дарогу.
Мы спусціліся і агледзелі ахопленую полымем груду. Яна дагарэла вельмі хутка, мы тым часам зрабілі рычагі з маладых дрэўцаў, пасля падважылі яе, адштурхнулі і сапхнулі цераз парапет з абрыву, пасля чаго ў кустах яшчэ доўга-доўга нешта трашчала. Калі мы пераварочвалі машыну, два трупы выпалі, цяпер яны ляжалі на дарозе, вопратка абгарэла. На адным даволі добра ацалеў пінжак, я абследаваў яго кішэні, спадзеючыся даведацца, хто гэта быў. Знайшоў кашалёк, у ім візітоўкі. Я ўзяў адну з іх і прачытаў на ёй словы «Тат твам асі»[2].
- Вельмі дасціпна, - сказаў Густаў. - Але ж і насамрэч няважна, як завуць людзей, якіх мы цяпер забіваем. Яны такія самыя гаротнікі, як і мы, імёны значэння не маюць. Гэты свет павінен загінуць, і мы з ім разам.