Мы паскідалі трупы да машыны. А тым часам ужо сігналіў, пад'язджаючы, новы аўтамабіль. Яго мы расстралялі проста з дарогі. Ён закруціўся, як п'яны, праляцеў яшчэ крыху наперад, пасля ўпаў і з хрыпам улёгся, адзін пасажыр ціха сядзеў на сваім месцы, але цэлая і здаровая, хоць была бледная і ўся дрыжала, з машыны выйшла відная з сябе дзяўчына. Мы прывіталі яе і прылашчыліся на паслугі. Яна была вельмі напалоханая, слова сказаць не магла і некалькі хвілін глядзела на нас як дурная.
- Што ж, спярша паглядзім, што тут і як з гэтым пажылым герам, - сказаў Густаў і павярнуўся да пасажыра, які ўсё яшчэ трымаўся ззаду мёртвага шафёра. Гэта быў чалавек з кароткімі сівымі валасамі, ён не заплюшчыў сваіх разумных светла-шэрых вачэй, але, здаецца, моцна пацярпеў, прынамсі, з рота ў яго цякла кроў, а шыю ён трымаў неяк злавесна скасабочана і нерухома.
- Дазвольце прадставіцца, шаноўны, мяне завуць Густаў. Мы дазволілі сабе застрэліць вашага шафёра. Ці можам мы папытацца, з кім маем гонар?
Шэрыя вочы старога глядзелі холадна і сумна.
- Я старшы пракурор Лерынг, - сказаў ён павольна. - Вы забілі не толькі майго небараку шафёра, але і мяне, я адчуваю, што ўсё зараз скончыцца. Чаму вы стралялі па нас?
- Вы надта шпарка ехалі.
- Мы ехалі з нармальнай хуткасцю.
- Што было нармальна ўчора, сёння ўжо ненармальна, гер старшы пракурор. Сёння мы лічым, што любая хуткасць, з якой можа ехаць аўтамабіль, занадта высокая. Цяпер мы паламаем аўтамабілі, усе да аднаго, іншыя машыны таксама.
- І вашыя стрэльбы?
- Дойдзе і да іх, калі ў нас застанецца часу на гэта. Магчыма, заўтра ці паслязаўтра мы ўсе загінем. Вы ж ведаеце, наша частка свету жахліва перанаселеная. Ну, а цяпер дыхацьмецца лягчэй.
- Вы страляеце па ўсіх без разбору?
- А чаго там разбірацца! Некаторых, вядома, шкада. Напрыклад, гэтай прыгожай маладой паненкі мне было б шкада - яна, відаць, ваша дачка?
- Не, мая стэнаграфістка.
- Тым больш. А цяпер, калі ласка, вылазьце альбо дазвольце нам выцягнуць вас сілком: машына падлягае знішчэнню.
- Я б лепей хацеў быць знішчаным разам з ёю.
- Воля ваша, як вам заўгодна. Дазвольце яшчэ адно пытанне. Вы пракурор. Мне заўсёды было незразумела, як чалавек можа быць пракурорам. Вы жывяце з таго, што вінаваціце і выракаеце на кары іншых людзей, у большасці няшчасных беднякоў. Хіба ж не?
- Так, гэта праўда. Я выконваў свой абавязак. Гэта быў мой абавязак. Гэтак сама, як абавязак ката - забіваць асуджаных мною. А вы самі ўзялі на сябе такі абавязак. Вы ж таксама забіваеце.
- Слушна. Толькі мы забіваем не з абавязку, а дзеля асалоды, дакладней - ад незадаволенасці, таму бо, што мы расчараваліся ў свеце. Забойства дае нам пэўную прыемнасць. А вам ніколі не давала прыемнасці забойства?
- Вы мне абрыдлі. Зрабіце ласку, давядзіце вашу працу да канца. Калі не разумееце, што такое абавязак...
Ён змоўк і перакасіў губы, быццам хацеў плюнуць. Але выйшла толькі крыху крыві, якая асела на яго падбародку.
- Чакайце, - ветліва сказаў Густаў. - Разумення абавязку ў мяне праўда няма, ужо няма. Раней даводзілася шмат займацца па абавязку, я быў прафесарам тэалогіі. Апроч таго, быў салдатам і ваяваў. У тым, што мне здавалася абавязкам і што мне загадвала начальства, нічога добрага не было, я заўсёды стараўся рабіць наадварот. Але калі ў мяне няма разумення абавязку, дык затое ёсць разуменне віны - а гэта, можа, адно і тое самае. Як што я народжаны маці, я вінаваты, я асуджаны жыць, абавязаны быць падданым нейкай дзяржавы, быць салдатам, забіваць, сплачваць падаткі на гонку ўзбраення. І цяпер вось, у гэтую хвіліну, віна жыцця зноў, як калісьці ў час вайны, прывяла мяне да патрэбы забіваць. Але гэтым разам я забіваю без агіды, я змірыўся са сваёй віной, я нічога не маю супроць таго, каб гэты дурны, замкнёны свет рухнуў, я рады пасобіць гэтаму і з радасцю загіну сам.
Пракурор з вялікай намогай усміхнуўся зліплымі ад крыві губамі. Удалося яму гэта не тое каб добра, але намер быў відзён.
- Выдатна, - сказаў ён. - Мы, выходзіць, калегі. А цяпер выканайце, калі ласка, свой абавязак, калега.
Прыгажуня паспела тым часам самлець ускрай дарогі.
У гэты момант зноў загула машына, якая набліжалася на поўным ходзе. Мы адвалаклі дзяўчыну ўбок, прыціснуліся да скал і далі новай машыне ўрэзацца ў абломкі старой. Яна рэзка спынілася і стала дыба, нічога сабе не прычыніўшы. Мы дружна схапілі вінтоўкі і ўзялі на прыцэл прыбыльцаў.
- Вылазьце! - скамандаваў Густаў. - Рукі ўгору!