- Няўжо мы ўсе павінны памерці? - спытала яна.
Ніхто не адказаў. Тым часам унізе паказаўся нехта пешы, убачыў барыкаду разбітых аўтамабіляў, абнюхаў іх з усіх бакоў, нагнуўся, сунуўся ў адзін з іх, выцягнуў адтуль стракаты парасон ад сонца, дамскую сумачку, бутэльку віна, спакойна сеў на парапет, адпіў з бутэлькі, з'еў нешта там з сумкі, загорнутае ў фольгу, дапіў бутэльку да дна і весела рушыў далей у дарогу з парасонам падпахай. Ён спакойна ішоў наперад, і я сказаў Густаву:
- А вось ці мог бы ты цяпер стрэліць па гэтым мілым хлопцы і прадзіравіць яму конаўку? Бог сведка, я не змог бы.
- А яно ж і не трэба, - буркнуў мой сябар.
Але і ён адчуў сябе несамавіта. Варта нам убачыць чалавека, які яшчэ паводзіўся бясхітрасна, мірна, па-дзіцячы, які жыў яшчэ ў стане нявіннасці, як усе нашыя такія на погляд пахвальныя і такія патрэбныя ўчынкі здаліся нам раптам дурнымі і агіднымі. Цьфу, каб ты звялося, колькі крыві! Нам зрабілася сорамна. Але кажуць, што нават генералы перажывалі час-парою на вайне нешта такое.
- Хадземце адгэтуль, - заныла Дора, - сыдзем уніз, у машынах напэўна знойдзецца што-небудзь з'есці. Няўжо вы не прагаладаліся?
Унізе ў горадзе ўдарылі ў званы - усхвалявана і спалохана. Мы падрыхтаваліся да спуску. Дапамагаючы Доры пералезці цераз загародку, я пацалаваў яе ў калені. Яна звонка засмяялася. Але тут дошкі не вытрымалі, і мы з ёю рухнулі ў пустату...
Я зноў быў у круглым калідоры, яшчэ не астылы ад прыгоды з паляваннем. І адусюль, з усіх дзвярэй заклікалі надпісы:
Рад надпісаў цягнуўся бясконца. На адным было:
Мне здалося гэта вартым увагі, і я ўвайшоў у дзверы.
Мяне прыняў змрочны, ціхі пакой, дзе без крэсла, на ўсходні манер сядзеў на падлозе чалавек, а перад ім ляжала нешта накшталт вялікай шахматнай дошкі. У першы момант мне здалося, што гэта быў мой сябар Пабла, - прынамсі, на ім была такая самая стракатая шаўковая курта і ў яго былі такія самыя цёмныя прамяністыя вочы.
- Вы Пабла? - спытаўся я.
- Я ніхто, - ветліва патлумачыў той. - У нас тут няма імёнаў, мы тут не асобы. Я шахматыст, хочаце ўзяць урок пабудовы асобы?
- Бадай што, калі ласка.
- Тады, будзьце ласкавы, дайце мне дзесятак-другі вашых фігурак.
- Маіх фігурак?..
- Фігураў, на якія, як вы бачылі, распалася ваша так званая асоба. Бо тое ж без фігураў я не згуляю.
Ён паднёс мне да вачэй люстэрка, я зноў убачыў, як адзінства маёй асобы распадаецца ў ім на мноства «я», колькасць якіх, здаецца, нават павялічылася. Але фігуркі былі цяпер вельмі малыя, памерам са звычайныя шахматныя. Ціхімі ўпэўненымі рукамі пальцаў гулец выбраў некалькі дзесяткаў і паставіў іх на падлогу побач з дошкай. Пры гэтым ён манатонна, як паўтараюць добра завучаную прамову альбо лекцыю, сказаў:
- Вам вядома памылковае і злашчаснае ўяўленне, нібыта чалавек ёсць нейкае пастаяннае адзінства. Вам вядома таксама, што чалавек складаецца з мноства душаў, з вялікага мноства «я». Расшчапленне ўяўнага адзінства асобы на такое мноства фігураў лічыцца вар'яцтвам, навука прыдумала гэтаму назву - шызафрэнія. Навука мае ў гэтым рацыю таму, што ні з якім мноствам нельга ўправіцца без кіравання, без пэўнага ўпарадкавання, пэўнай групоўкі. Няслушная ж яна ў тым, што лічыць, быццам магчымы толькі адзін, раз назаўсёды дадзены, нязменны, пажыццёвы парадак мноства падвідаў «я». Гэта памылка навукі мае масу непрыемных наступстваў, каштоўная ж толькі тым, што спрашчае службова-дзяржаўным настаўнікам і выхаваўцам іх працу і пазбаўляе іх ад неабходнасці думаць і эксперыментаваць. У выніку гэтай памылкі «нармальнымі», нават сацыяльна высокагатунковымі часта лічацца невылечныя вар'яты, а як на вар'ятаў, глядзяць, наадварот, на некаторых геніяў. Таму недасканалую навуковую псіхалогію мы дапаўняем паняццем, якое называем мастацтвам пабудовы. Таму, хто зведаў распад свайго «я», мы паказваем, што кавалкі яго ён заўсёды можа ў любым парадку скласці нанава і тым самым дамагчыся бясконцай разнастайнасці ў гульні жыцця. Як пісьменнік складае драму са жмені фігураў, так і мы будуем з фігураў нашага расшчэпленага «я» ўсё новыя групы з новымі гульнямі і напружаннямі, з вечна новымі сітуацыямі. Глядзіце!