Выбрать главу

Ціхімі, разумнымі пальцамі ён узяў мае фігуры, усіх гэтых старых, юнакоў, дзяцей, жанчын, усе гэтыя вясёлыя і сумныя, моцныя і далікатныя, спрытныя і няўклюдныя фігуры, і хутка расставіў з іх на сваёй дошцы партыю, дзе яны адразу пасталі ў групы і сем'і для гульняў і барацьбы, для дружбы і варожасці, утвараючы свет у мініяцюры. Перад маімі вачыма ён прымусіў гэты жывы, але ўпарадкаваны маленькі свет рухацца, гуляць і змагацца, заключаць саюзы і весці баталіі, рабіць аблогі любоўю, браць шлюбы і размнажацца, гэта была і праўда шматперсанажная, бурлівая і цікавая драма.

Пасля ён весела правёў рукою па дошцы, асцярожна паваліў фігуры, згроб іх у кучу і задумліва, як пераборлівы мастак, пабудаваў з тых самых фігур зусім новую партыю, з цалкам іншымі групамі, сувязямі і перапляценнямі. Другая партыя была сваячка першай: гэта быў той самы свет, і пабудавана яна была з таго ж самага матэрыялу, але памянялася танальнасць, памяняўся тэмп, перамясціліся акцэнты матываў, сітуацыі набылі іншы выгляд.

І вось так гэты разумны будаўнік будаваў з фігураў, кожная з якіх была часткай мяне самога, адну партыю за адной, усе яны зводдаль былі падобныя, усе яўна належалі да аднаго свету, мелі адно і тое самае паходжанне, але кожная была цалкам новая.

- Гэта і ёсць мастацтва жыць, - павучальна казаў ён. - Можаце далей на ўсе лады развіваць і ажыўляць, ускладняць і ўзбагачаць гульню свайго жыцця, гэта ў вашых руках і ў вашай волі. Гэтак сама як вар'яцтва ў вышэйшым сэнсе ёсць пачатак усякай мудрасці, так і шызафрэнія ёсць пачатак усякага мастацтва, усякай фантазіі. Нават вучоныя гэта ўжо напалавіну прызналі, пра што можна прачытаць, напрыклад, у «Чароўным рогу прынца», мілай кніжэнцыі, дзе карпатлівая і руплівая праца вучонага ўвысакародніваецца геніяльным супрацоўніцтвам некалькіх вар'ятаў-мастакоў, пасаджаных у псіхіятрычныя бальніцы. Вазьміце з сабой вашыя фігуркі, гэтая гульня не дасць вам радасці. Фігуру, якая сёння вырасла ў жахлівае страшыдла і псуе вам усю партыю, заўтра вы панізіце ў статусе, і яна зробіцца бяскрыўднай другараднай фігурай. А з мілай, беднай фігуркі, асуджанай, здавалася б, на суцэльныя няўдачы, вы зробіце ў наступнай партыі прынцэсу. Зычу вам добра павесяліцца, спадару мой.

Я нізка і ўдзячна пакланіўся гэтаму таленавітаму актору, сунуў фігуркі ў кішэню і выйшаў праз вузкія дзверы.

А ўвогуле я думаў, што адразу ж сяду ў калідоры на падлогу і буду гадзінамі, цэлую вечнасць, гуляць са сваімі фігурамі, але ледзь толькі я вярнуўся ў гэты светлы круглы калідор, як мяне падхапілі новыя плыні, якія былі мацнейшыя за мяне. Перад вачыма ярка ўспыхнуў плакат:

Цуд дрэсіроўкі стэпавых ваўкоў

Мноства пачуццяў абудзіў ува мне гэты надпіс; усякага роду страхоцці і ліхоты з майго былога жыцця, з пакінутай рэальнасці пакутліва сціснулі мне сэрца. Адчыніўшы дзверы дрыготлівай рукою, я ўвайшоў у нейкі кірмашовы балаган, дзе ўбачыў жалезныя краты, якія і аддзялялі мяне ад жалю вартага памостка. А на памостку стаяў утаймавальнік, пыхлівы, падобны на шарлатана гер, які, дарма што насіў вялікія вусы, магутныя біцэпсы і крыклівы цыркацкі касцюм, нейкім падступным і агідным чынам быў падобны на мяне самога. Гэты дужы чалавек трымаў на павадку, як сабаку, - жалю вартае відовішча! - вялікага, прыгожага, але страшэнна худога ваўка, у паглядзе якога відна была рабская слухмянасць. І гэтак жа агідна, як і цікава, гэтак жа мярзотліва, як і ўпотай соладка было назіраць, як гэты жорсткі ўтаймавальнік дэманстраваў такога высакароднага і ўсё ж такога ганебна паслухмянага звера ў серыі трукаў і сенсацыйных сцэн.

Свайго ваўка гэты мой кляты карыкатурны блізнюк выдрэсіраваў, нічога тут не скажаш, проста выдатна. Воўк дакладна выконваў кожны загад, рэагаваў, як сабака, на кожную каманду, на кожны ляск біча, падаў на калені, служыў, паміраў, паслухмяна насіў у зубах то яйка, то кавалак мяса, то кошык, больш за тое, падымаў біч, упушчаны з рук утаймавальнікам, і насіў яго за ім у пашчы, падлыжна пры гэтым віляючы хвастом. Да ваўка наблізілі трусіка, а пасля белае ягня, і звер, хоць і шчэрыў зубы, хоць у яго і пацякла сліна ад неспатольнай пацягі, не крануў ні таго, ні другога, а далікатна пераскочыў па загадзе цераз абодвух, якія ад страху мала што не ўціскаліся ў падлогу, больш за тое, улёгся паміж трусікам і ягнём і абняў іх пярэднімі лапамі, утвараючы з імі мілую сямейную кампанію. Пасля ён з'еў з рук чалавека плітку шакаладу. Пакута была глядзець, да якой фантастычнай ступені навучыўся гэты воўк выракацца сваёй прыроды, - у мяне валасы дыбам уставалі.