Тады я з баязлівым чаканнем глядзеў на гэтую прыгожую дзяўчыну, якая, яшчэ не заўважаючы мяне, адзінока і замроена падымалася ў мой бок, бачыў яе валасы, заплеценыя ў тоўстыя косы і ўсё ж растрапаныя каля шчок, дзе плылі па ветры вольныя пасмы. Я ўбачыў першы раз у жыцці, якая здатная гэтая дзяўчына, якая прыгожая і пазорная гэта гульня ветру ў мяккіх яе валасах, як далікатна аблягае тонкая сіняя сукенка яе юнае цела, і дакладна гэтак, як ад горка-церпкага смаку разжаванай пупышкі мяне праняла ўся соладка-жудасная, уся злавесная радасць вясны, так пры гэтай дзяўчыне мяне ахапіла, ва ўсёй яго паўнаце, смяротнае прадчуванне любові, уяўленне пра жанчыну, дзівоснае прадчуванне велізарных магчымасцяў і абяцанняў, невыказных радасцяў, непамысных узрушэнняў, страхаў, пакутаў, найвялікшага вызвалення і найглыбейшай віны. О, як гарэў гэты горкі вясновы смак на маім языку! О, як плыў гуллівы вецер праз валасы, што распушыліся каля яе шчок! Потым яна наблізілася да мяне, падвяла вочы і пазнала мяне, на імгненне крыху пачырванела і адвяла позірк; потым я павітаўся з ёю, зняўшы канфірмандскі капялюш, і Роза адразу авалодала сабою, усміхнулася і, крышку па-дамску задраўшы галаву, адказала на маё вітанне і павольна, цвёрда і напыжана пайшла далей, авеяная тысячамі любоўных жаданняў, патрабаванняў, захапленняў, якія я пасылаў ёй услед.
Так было калісьці, у адну нядзелю трыццаць пяць гадоў таму назад, і ўсё тагачаснае вярнулася ў гэтую хвіліну - і пагорак, і горад, і сакавіцкі вецер, і пах пупышкі, і Роза, і яе каштанавыя валасы, і гэтая пацяга, і гэты салодкі шчымлівы страх. Усё было як тады, і мне здалося, што я больш ніколі ў жыцці так не кахаў, як кахаў тады Розу. Але гэтым разам мне было дадзена сустрэць яе інакш, чым таго разу. Я бачыў, як яна пачырванела, і адразу зразумеў, што падабаюся ёй, што для яе гэтая сустрэча мае такое самае значэнне, як для мяне. І не, каб зноў зняць капялюш і спакойна пастаяць з капелюшом у руцэ, пакуль яна не пройдзе міма, я гэтым разам, нягледзячы на страх і збянтэжанасць, зрабіў тое, што загадала мне зрабіць мая кроў, і ўсклікнуў: «Роза! Дзякуй Богу, што ты прыйшла, цудоўная, цудоўная дзяўчынка. Я так цябе кахаю!» Гэта было, мабыць, не самае дасціпнае, што можна было сказаць, але тут зусім не патрабавалася розуму, гэтага было дастаткова. Роза не астанілася па-дамску і не прайшла міма, Роза спынілася, паглядзела на мяне, пачырванела яшчэ больш і сказала: «Дзень добры, Гары, я табе сапраўды падабаюся?» Яе карыя вочы, яе крамяны твар ззялі, і я адчуваў: усё маё былое жыццё і каханне былі няправільныя, недарэчныя і па-ідыёцку няшчасныя з таго часу, як я ў тую нядзелю даў Розе сысці. Але цяпер памылка была выпраўлена, і ўсё змянілася, усё сталася добра.
Мы пабраліся за рукі і, рука ў руцэ, павольна пайшлі далей, бясконца шчаслівыя, вельмі збянтэжаныя; мы не ведалі, што гаварыць і што рабіць, сумеўшыся, мы кінуліся бягом і беглі, пакуль не задыхаліся, а потым спыніліся, не размыкаючы рук. Мы абое былі яшчэ ў дзяцінстве і не ведалі, што рабіць адно з адным, у тую нядзелю мы не дайшлі нават да першага пацалунка, але былі неверагодна шчаслівыя. Мы стаялі і хакалі, потым селі на траву, і я гладзіў ёй руку, а яна другою рукою нясмела кранала мае валасы, а потым мы зноў усталі і паспрабавалі памерацца ростам, і насамрэч я быў крышачку вышэйшы, але гэтага не прызнаў, а заявіў, што мы аднолькавага росту, і што Гасподзь вызначыў нас адно аднаму, і што пазней мы пажэнімся. Тут Роза сказала, што пахне фіялкамі. і, поўзаючы на каленях па нізкай вясновай траве, мы знайшлі некалькі фіялак з кароткімі сцябельцамі, і кожны падарыў другому свае, а калі папрахладнела і святло пачало ўжо коса падаць на скалы, Роза сказала, што ёй пара дамоў, і нам абаім зрабілася вельмі журліва, бо правесці яе я не мог, але цяпер ў нас была агульная таямніца, і гэта было самае дзівоснае, што мы мелі. Я застаўся наверсе, сярод скалаў, панюхаў падораныя Розай фіялкі, лёг над абрывам на зямлю, тварам да прорвы, і пачаў глядзець уніз на горад, і глядзеў датуль, пакуль далёка ўнізе не паявілася яе зграбная постаць і не прабегла міма калодзежа і цераз мост. І цяпер я ведаў, што яна дабралася да дома свайго бацькі і ходзіць па пакоях, і я ляжаў тут угары далёка ад яе, але ад мяне да яе цягнулася нітачка, ішлі токі, ляцела таямніца.