Выбрать главу

Мы сустракаліся то тут, то там, на скалах, каля садовых агароджаў, усю вясну, і калі зацвіў бэз, - упершыню баязліва пацалаваліся. Мы, дзеці, мала чаго маглі даць адно аднаму, і ў пацалунку нашым не было яшчэ ні жарсці, ні паўнаты, і распушаныя пасмы валасоў каля яе вушэй я асмеліўся толькі асцярожна пагладзіць, але ўсё каханне і радасць, на якую мы былі здольныя, былі нашыя, і з кожным нясмелым дакрананнем, з кожным няспелым словам любові, з кожным выпадкам нясмелага чакання адно аднаго мы вучыліся новаму шчасцю, падымаліся яшчэ на адну прыступку па лесвіцы кахання.

Так, пачынаючы з Розы і фіялак, я пражыў яшчэ раз усё сваё любоўнае жыццё, але пад больш шчаслівымі зоркамі. Роза згубілася, і паявілася Ірмгард, і сонца зрабілася гарачэйшае, зоркі - п'янейшыя, але ні Роза, ні Ірмгард не сталі маімі, мне давялося падымацца з прыступкі на прыступку, многае зведаць, многага навучыцца, давялося страціць і Ірмгард, і Ганну таксама. Кожную дзяўчыну, якую я ў маладосці калісьці кахаў, я цяпер кахаў зноў, але здольны быў кожнай усяляць каханне, кожнай штосьці даць, быць адораным кожнаю. Жаданні, мары і магчымасці, якія жылі колісь толькі ў маім уяўленні, былі цяпер рэальнасцю і сапраўдным жыццём. О, усе вы, чароўныя кветкі, Іда і Лора, усе, каго я калісьці кахаў хоць адно лета, хоць адзін месяц, хоць адзін дзень!

Я зразумеў, што быў цяпер тым палкім юнаком, які так заўзята памкнуўся тады да брамы кахання, зразумеў, што цяпер я выяўляў і гадаваў гэтую часціну самога сябе, гэтую толькі на дзесятую, на тысячную долю спраўджаную частку сваёй сутнасці, што цяпер мяне не абцяжарвалі ўсе астатнія іпастасі майго «я», не перабіваў мысляр, не мучыў Стэпавы воўк, не бэсцілі, не размазвалі паэты, фантасты, маралісты. Не, цяпер я не быў нікім, апрача як тым, хто кахаў, не дыхаў ніякім шчасцем і ніякай пакутай, акрамя як шчасцем пакутаў кахання. Ужо Ірмгард навучыла мяне танцаваць, Іда - цалавацца, а самая прыгожая, Эма, была першая, хто восеньскім вечарам пад раскалыханай лістотай вяза дала пацалаваць мне свае смуглыя грудзі і выпіць шалю радасці.

Многае перажыў я ў тэатрыку Пабла, словамі не перадаць нават тысячнай долі. Усе дзяўчаты, якіх я колісь кахаў, былі цяпер мае, кожная давала мне тое, што магла даць толькі яна, кожнай даваў я тое, што толькі яна здольная была ўзяць у мяне. Многа кахання, многа шчасця, многа асалодаў, але і нямала паняверак, сумненняў, нямала пакутаў давялося мне зведаць, уся ўпушчаная любоў майго жыцця цвіла ў маім садзе ў гэтую казачную гадзіну, - нявінныя, пяшчотныя кветкі, кветкі вогненныя, яркія, кветкі цёмныя, нетрывушчыя, палючая скруха, спалоханае паміранне, прамяністае адраджэнне. Я сустракаў жанчын, авалодаць якімі можна было толькі энергічным прыступам, і такіх, да якіх доўга і старана заляцацца было шчасцем; зноў узнікаў кожны туманны куточак майго жыцця, дзе хоць калі хвіліну, клікаў мяне голас полу, запальваў жаночы пагляд, вабіў бляск белай дзявочай скуры, і ўсё ўпушчанае вярталася. Кожная рабілася маёй, кожная на свой лад. Паявілася тая жанчына з незвычайнымі цёмна-карымі вачыма пад ільнянымі пасмамі, побач з якою я калісьці прастаяў чвэрць гадзіны каля акна ў калідоры цягніка, - яна не сказала ні слова, але навучыла мяне небывалым, страшным, смяротным мастацтвам кахання. І гладкая, ціхая, са шкляной усмешкай кітаянка з марсельскага порта з гладкімі, чорнымі валасамі, з плывучымі вачыма - яна таксама ведала нечуваныя рэчы. У кожнай была свая таямніца, водар свайго зямнога царства, кожная цалавала, смяялася па-свойму, была на свой адмысловы лад сарамлівая, на свой адмысловы лад бессаромная. Яны прыходзілі і сыходзілі, паток прыносіў іх да мяне, нёс мяне, як трэску, да іх і ад іх, гэта было гарэзлівае, дзіцячае плаванне ў патоку, поўнае зачаравання, небяспекі, нечаканасці. І я адно дзіву даваўся, якое багатае было маё жыццё, маё з выгляду такое беднае і безлюбоўнае воўчае жыццё, багатае на закаханасці, на спрыяльныя нагоды, на спакусы. Я амаль усе іх упускаў, амаль ад усіх уцякаў, на іншых спатыкнуўшыся, забываў іх як мага хутчэй, - а тут яны ўсе захаваліся, без адзінага ўпушчэння, сотнямі. І цяпер я бачыў іх, аддаваўся ім, быў імі адкрыты, апускаўся ў ружовае сутонне іх пекла. Вярнулася і тая пакуса, што раней прапанаваў мне Пабла, і іншыя, больш раннія, якія я ў той час нават не зусім разумеў, фантастычныя гульні ўтраіх і ўчатырох - усе яны ўсмешліва прымалі мяне ў свой карагод. Такія тут чворыліся рэчы, такія ладзіліся гульні, што і слоў няма.