Выбрать главу

З бясконцага патоку спакусаў, заганаў, калізій я вынырнуў іншым чалавекам - ціхім, маўклівым, падрыхтаваным, насычаным ведамі, мудрым, спанатраным, саспелым для Герміны. Апошнім персанажам у маёй тысячааблічнай міфалогіі, апошнім імем у бясконцым радзе ўзнікла яна, Герміна, і тут жа да мяне вярнулася ўсведамленне і паклала крэс казцы кахання, бо з Гермінай мне не хацелася сустракацца тут, у змроку чароўнага люстра, ёй належала не толькі адна тая фігурка маіх шахмат, ёй належаў Гары цалкам. О, цяпер трэба было пераставіць свае фігуркі так, каб усё закруцілася вакол яе і адбылося.

Паток вынес мяне на бераг, я зноў стаяў у маўклівым калідоры тэатра. Што цяпер? Я пацягнуўся быў да кішэні, дзе ляжалі фігуркі, але тут жа і схамянуўся. Бясконцы быў вакол мяне свет дзвярэй, надпісаў, магічных люстраў. Я міжволі прачытаў бліжэйшы надпіс і здрыгануўся:

Як забіваюць каханнем -

было напісана. У маёй памяці імгненна ўспыхнула карціна: Герміна за столікам рэстарана раптам забывае пра віно і ежу і паглыбляецца ў шматзначную гутарку: са страшнай сур'ёзнасцю ў вачах яна сказала мне, што прымусіць мяне закахацца ў яе толькі дзеля таго, каб прыняць смерць ад маіх рук. Цяжкая хваля страху і змроку захліснула мне сэрца, усё зноў раптам паўстала перад мною, я зноў нянаджана адчуў у глыбіні душы бяду і лёс. У роспачы я палез у кішэню па фігуркі, каб крыху пачараваць і змяніць працяг маёй партыі. Фігураў там ужо не было. Замест іх я дастаў нож. Да смерці спалохаўшыся, я пабег па калідоры міма дзвярэй, пасля раптам спыніўся каля вялізнага люстра, зірнуў у яго. У люстры стаяў, вышынёй з мяне, вялікі прыгожы воўк, стаяў ціха, баязліва зіркаючы неспакойнымі вачыма. Ён не-не ды падміргваў мне і пасмейваўся, і ад гэтага пашча ягоная на імгненне размыкалася, адкрываючы чырвоны язык.

Дзе быў Пабла? Дзе была Герміна? Дзе быў той разумнік, што так прыгожа талдоніў пра пабудову асобы?

Я яшчэ раз зірнуў у люстра. Я тады, відаць, з глузду з'ехаў. Ніякага ваўка, што круціў языком, за высокім шклом не было. У люстры стаяў я, стаяў Гары, стаяў з сур'ёзным тварам, пакінуты ўсімі гульнямі, стомлены ўсімі пахібамі, пачварна бледны, але ўсё-такі чалавек, усё-такі нехта, з кім можна было гутарыць.

- Гары, - сказаў я, - што ты тут робіш?

- Нічога, - сказаў той у люстры, - я проста чакаю. Чакаю смерці.

- А дзе смерць? - спытаў я.

- Прыйдзе, - сказаў той.

І я пачуў музыку з пустых памяшканняў у тэатры, цудоўную і страшную музыку, тую музыку з «Дон-Жуана», пад якую паяўляецца Камандор. Злавесным гулам напоўнілі гэты таямнічы дом ледзяныя гукі з таго свету, ад несмяротных.

«Моцарт!» - падумаў я і выклікаў гэтым словам, як заклёнам, самыя любімыя і самыя высокія вобразы майго ўнутранага жыцця.

Тут за мною - смех, звонкі і халодны, бы лёд, смех, народжаны невядомым чалавеку тымсветам, выпакутаванага тымсветам, боскага гумару. Я абярнуўся, заледзянелы і ашчасліўлены гэтым смехам, і тут паказаўся Моцарт, прайшоў, смеючыся, міма мяне, спакойна рушыў да дзвярэй у ложы, адчыніў і зайшоў, і я памкнуўся за ім, божышчам маёй маладосці, пажыццёвым краем маёй любові і пакланення. Зноў загучала музыка. Моцарт стаяў каля бар'ера ложы, тэатра не было відаць, бязмежную прастору запаўняў змрок.

- Бачыце, - сказаў Моцарт, - можна абысціся і без саксафона. Хоць я, вядома, не хачу крыўдзіць гэты выдатны інструмент.

- Дзе мы? - спытаў я.

- Мы ў апошнім акце «Дон-Жуана», Лепарэла ўжо на каленях. Выдатная сцэна, ды і музыка нічога сабе, далібог. Хоць у ёй яшчэ і шмат дужа чалавечага, але ўсё ж такі ўжо чуецца тагасветнае, чуецца гэты смех - праўда?

- Гэта апошняя вялікая музыка, якая была напісана, - сказаў я ўрачыста, як якісь школьны настаўнік. - Вядома, потым быў яшчэ Шуберт, быў яшчэ Гуга Вольф, і беднага дзівоснага Шапэна забываць я не павінен. Вы моршчыце лоб, маэстра, - о так, ёсць жа яшчэ і Бэтховэн, ён таксама дзівосны. Але ва ўсім гэтым, як яно ні цудоўнае, ёсць ужо нейкая ўрыўкавасць, нейкі распад, твораў такой дасканалай цэльнасці чалавек з часу «Дон-Жуана» больш ужо не ствараў.