- Не напружвайцеся, - засмяяўся Моцарт, засмяяўся са страшным сарказмам. - Вы ж, мабыць, самі музыкант? Ну дык вось, я кінуў гэты занятак, я пайшоў на спакой. Толькі дзеля забавы я часам яшчэ пазіраю на гэтую мітусню.
Ён падняў рукі, быццам дырыжыруючы, і дзесьці ўзышоў ці тое месяц, ці тое нейкае іншае бледнае свяціла, я глядзеў паверх бар'ера ў невымерныя глыбіні прасторы, там плылі туманы і аблокі, няясна вымалёўваліся горы і ўзмор'і, пад намі прасціралася бяскрайняя, падобная на пустыню раўніна. На гэтай раўніне мы ўгледзелі нейкага старога даўгабародага чалавека шаноўнага выгляду, які з журботным тварам узначальваў вялікае шэсце: за ім ішло некалькі дзесяткаў тысяч мужчын, апранутых у чорнае. Выгляд у яго быў засмучаны і безнадзейны, і Моцарт сказаў:
- Бачыце, гэта Брамс. Ён імкнецца да вызвалення, але час яшчэ не падціскае.
Я пазнаў, што чорныя тысячы - гэта выканаўцы тых галасоў і нот, якія, з боскага гледзішча, былі лішнія ў яго партытурах.
- Надта загушчаная аркестроўка, змарнавана зашмат матэрыялу, - пахітаў галавою Моцарт.
І адразу пасля мы ўбачылі Рыхарда Вагнера, які ішоў начале такіх самых незлічоных процьмаў, і адчулі, які неверагодна вымотлівы цяжар для яго - гэтыя цяжкія тысячы. Ён таксама, мы бачылі, валокся стомленай ступою пакутніка.
- За пары маёй маладосці, - сказаў я сумна, - абодва гэтыя музыкі лічыліся антыподамі адзін аднаму.
Моцарт засмяяўся.
- Так, гэта заўсёды так. Калі глянуць з нейкай адлегласці, дык такія процілегласці звычайна сыходзяцца бліжэй. Густая аркестроўка не была, калі ўжо шчыра, асабістай памылкай Вагнера і Брамса, яна была аблудай іхняга часу.
- Што? І за гэта яны павінны так немарасціцца? - усклікнуў я дакорліва.
- Само сабой. Справа ідзе па інстанцыі. Толькі пасля таго, як з іх спагоніцца доўг іхняга часу, высветліцца, ці засталося яшчэ столькі асабістых даўгоў, каб варта было зыскваць асабістае.
- Але ж яны абодва ў гэтым не вінаватыя!
- Вядома, не. Не вінаватыя яны і ў тым, што Адам з'еў яблык, а плаціць за гэта мусяць усе.
- Але гэта жахліва.
- А як жа ж! Жыццё заўсёды жахлівае. Мы не вінаватыя, і ўсё-такі павінны адказваць. Нарадзіўся - ужо вінаваты. Дзіўна ж вас вучылі закону Божаму, калі вы гэтага не ведалі.
Я адчуў сябе даволі няшчасным. Я ўбачыў, як сам я, смяротна стомлены дарожнік, валакуся па пустыні таго свету, нагружаны мноствам непатрэбных кніг, якія я напісаў, усімі гэтымі артыкуламі, усімі гэтымі літаратурнымі нататкамі, а за мной ідуць процьмы наборшчыкаў, якія мусілі над імі працаваць, процьмы чытачоў, якія мусілі былі ўсё гэта праглынуць. Божа мой! А акрамя ж таго былі яшчэ Адам, і яблык, і ўвесь астатні першародны грэх. Усё гэта, значыцца, трэба акупіць, прайсці праз бясконцы чысцец, і толькі потым паўстане пытанне, ці ёсць за ўсім гэтым яшчэ нешта асабістае, нешта ўласнае, альбо ж усе мае патугі і іх наступствы былі толькі густым шумавіннем на моры, толькі недарэчнай гульнёй у патоку падзей.
Моцарт пачаў гучна смяяцца, убачыўшы мой выцягнуты твар. Ад смеху ён куляўся ў паветры і дробненька перабіраў нагамі. Пры гэтым пакрыкваў на мяне:
- Што, дзіця-краса, свярбіць вантроба, свярбіць каса? Успомніў сваіх чытачоў, прайдохаў і здзірцаў, няшчасных злізвальнікаў вяршкоў, і сваіх наборшчыкаў, падбухторшчыкаў-нагаворшчыкаў, ератыкоў-змоўнікаў, пархатых патворнікаў? Ну ж, насмяшыў, змей-кракадзіл, аж так паблажыў, так умарыў, што я без малога ледзь у штаны не нарабіў! Табе, легкавернаму чалавечку, друкарскаму твайму слоўцу, друкарскаму твайму сэрцу, пастаўлю хаўтурную свечку! Наманіў, нахлусіў, языком намянціў, хвастом нанасіў, набарзеў, насмярдзеў. Пойдзеш у пекла на пакуты вечныя, на мукі невылечныя за пісанні сардэчныя. Усё што ты накрамзоліў - пустое, бо ўсё яно чужое, бо ўсё яно ліхое.
Гэта ўжо здалося мне нахабствам, ад злосці мне ўжо не было калі аддавацца журбе. Я схапіў Моцарта за касу, ён узляцеў, каса ўсё расцягвалася і расцягвалася, як хвост каметы, а я, як бы павіснуўшы на яе канцы, ляцеў праз сусвет. Чорт вазьмі, якая халадэча ў гэтым свеце! Несмяротныя любілі жахліва разрэджанае ледзяное паветра. Але яно весяліла, гэтае ледзяное паветра, гэта я адчуў яшчэ ў тое кароткае імгненне, пасля якога самлеў. Мяне праняло вострай, бліскучай, як сталь, ледзяной радасцю, жаданнем заліцца такім самым звонкім, апантаным, незямным рогатам, якім заліваўся Моцарт. Але тут якраз я задыхнуўся і самлеў.
Я ачуўся разгублены і разбіты, на бліскучай падлозе адбівалася белае святло калідора. Я не быў у несмяротных, яшчэ не быў. Я быў усё яшчэ ў гэтым свеце загадак, пакутаў, стэпавых ваўкоў, пакутлівых складанасцяў. Кепскае месца, быць у ім нязносна, з гэтым трэба было канчаць.