Выбрать главу

У вялікім люстры-сцяне перад мною стаяў Гары. Глядзеўся ён блага, прыкладна так, як у тую ноч пасля візіту да прафесара і балю ў «Чорным арле». Але ж калі тое было, шмат гадоў, шмат стагоддзяў таму назад; Гары пасталеў, навучыўся танцаваць, пабываў у магічных тэатрах, чуў, як смяецца Моцарт, не баяўся больш ні танцаў, ні жанчын, ні нажоў. Нават чалавек у меру адораны сталее, прабегшыся праз некалькі стагоддзяў. Доўга глядзеў я на Гары ў люстры: ён быў яшчэ мне добра знаёмы, ён усё яшчэ крышачку быў падобны на пятнаццацігадовага Гары, які ў адну сакавіцкую нядзелю сустрэў у скалах Розу і зняў перад ёю свой канфірмандскі капялюш. І ўсё ж ён цяпер на сотню-другую гадоў пастарэў, ён ужо займаўся музыкай і філасофіяй і дасхочу насыціўся імі, піў ужо эльзаскае ў «Сталёвым шаломе» і дыспутаваў з саліднымі вучонымі пра Крышну, ужо кахаў Эрыку і Марыю, ужо спрыяцеліўся з Гермінай, страляў па аўтамабілях, спаў з гладкай кітаянкай, сустракаўся з Гётэ і Моцартам і прарываў у розных месцах сетку часу і ўяўнай рэчаіснасці, якая яшчэ аблытвала яго. Калі ён і страціў свае прыгожыя шахматныя фігуркі, дык затое ў яго ў кішэні быў добры нож. Наперад, старча Гары, старча стомлены верабейка!

Цьфу, каб цябе, каб! - якое яно горкае на смак, жыццё! Я плюнуў на Гары ў люстры, копнуў яго нагой і разбіў. Павольна ішоў я па гулкім калідоры, уважліва аглядваў дзверы, якія раней абяцалі столькі ўсяго добрага: ні на адных не было цяпер надпісу. Я абышоў сотні дзвярэй магічнага тэатра. Хіба не быў я сёння на касцюмаваным бале? З таго часу прайшло сто гадоў. А там далей ужо ніякіх гадоў не будзе. Заставалася яшчэ штосьці зрабіць, Герміна яшчэ чакала. Дзіўнае гэта будзе вяселле. Мяне несла нейкая каламутная хваля, я змрочна кудысьці плыў, раб, Стэпавы воўк. Цьфу, каб цябе каб!

Каля апошніх дзвярэй я спыніўся. Каламутная хваля цягнула мяне туды. О Роза, о далёкае юнацтва, о Гётэ і Моцарт!

Я адчыніў дзверы. За імі перад мною адкрылася простая і ладная карціна. На дыванах на падлозе, ляжалі двое голых, прыгажуня Герміна і красунчык Пабла, ляжалі побач у глыбокім сне, глыбока ж стомленыя любоўнай гульнёй, якая здаецца ненасытнай і, аднак жа, так хутка насычае. Прыгожыя, прыгожыя чалавечыя экземпляры, мілыя карціны, панадныя целы. Пад грудзямі злева ў Герміны была свежая круглая пляма з цёмным кровападцёкам, любоўны ўкус, след прыгожых бліскучых зубоў Пабла. Туды, у гэты след усадзіў я свой нож на поўную даўжыню ляза. Кроў пацякла па белай далікатнай скуры Герміны. Я сцёр бы гэтую кроў пацалункамі, калі б усё было крышку інакш, склалася крыху інакш. А цяпер я гэтага не зрабіў; я толькі глядзеў, як цякла кроў, і ўбачыў, што яе вочы на секунду расплюшчыліся, поўныя болю і глыбокага здзіўлення. «Чаго яна здзівілася?» - падумаў я. Пасля падумаў, што мне след было б змежыць ёй вочы. Але яны цяпер стуліліся самі. Усё было зроблена. Яна толькі павярнулася крыху набок, я ўбачыў, як ад падпахі да грудзей пырхнуў лёгкі, пяшчотлівы цень, які мне нешта нагадваў. Забыўся! І больш Герміна не варушылася.

Я доўга глядзеў на яе. Нарэшце як бы ачуўся ад сну і намерыўся сысці. І тут убачыў, як пацягнуўся Пабла, убачыў, як ён расплюшчыў вочы і расправіўся, убачыў, як ён схіліўся над мёртвай прыгажуняй і ўсміхнуўся. Ніколі гэты хлопец не пасур'ёзнее, падумаў я, усё яму - смешкі. Пабла асцярожна адагнуў рог дывана і прыкрыў Герміну па грудзі, так што раны не стала відаць, а потым нячутна выйшаў з ложы. Куды ён пайшоў? Няўжо ўсе пакінуць мяне? Я застаўся з паўнакрытай нябожчыцай, якую кахаў і якой зайздросціў. На бледны лоб яе звісаў хлапечы завітак, рот чырванеў на пабялелым твары і быў не самкнуты, праз яе пяшчотна-пахучыя валасы прасвечвала маленькае, далікатна вылепленае вуха.

Вось і збылося яе жаданне. Яшчэ да таго як яна зрабілася зусім маёй, я забіў сваю каханую. Я ўчыніў непамыснае, і вось я стаяў на каленях, не ведаючы, што азначае гэты ўчынак, не ведаючы нават, ці добры ён, ці правільны альбо нядобры і няправільны. Што сказаў бы пра яго той разумны шахматыст, што сказаў бы пра яго Пабла? Я нічога не ведаў, я не мог думаць. Усё гарачэй на пагаслым твары чырванеў нафарбаваны рот. Такім было ўсё маё жыццё, такая была мая маленькая долька любові і шчасця, як гэты застылы рот: крыху чырвонай фарбы на мёртвым твары.

І ад гэтага мёртвага твару, ад мёртвых белых плячэй, ад мёртвых белых рук павольна падкрадвалася жудасць, ад іх веяла зімовай пустэчай і закінутасцю, павольна нарастаючым холадам, на якім у мяне пачалі калець пальцы і губы. Няўжо я патушыў сонца? Няўжо забіў сэрца ўсякага жыцця? Няўжо гэта ўрываўся мяртлівы холад космасу?