Выбрать главу

Вусцішна глядзеў я на акамянелы лоб, на застылы завітак валасоў, на бледна-халодную ракавіну вуха. Холад, які цёк ад іх, быў смяротны і ўсё ж цудоўна прыгожы: ён звінеў, ён дзівосна вібраваў, ён быў музыкай!

Ці не адчуваў я ўжо раней у мінулым гэтай вусцішнасці, якая тымі часамі была нечым накшталт шчасця? Ці не чуў я ўжо калісьці гэтай музыкі? Так, у Моцарта, у несмяротных.

Мне згадаліся вершы, якія я аднойчы ў мінулым дзесьці знайшоў:

Мы ж у вечнасці спакон лунаем у эфіры, дзе касмічны лёд, ні гадзін сабе, ні дзён не маем, мы бясполы, без узросту род. Холад, безрух мы - на тым стаім, і халодны смех у нас - спаконна...

Тут дзверы ў ложу адчыніліся, і ўвайшоў - я пазнаў яго толькі з другога позірку - Моцарт, без касы, але ў штанах да каленяў, не ў чаравіках з пражкамі, а апрануты сучасна. Ён сеў амаль побач са мною, я за малым ледзь не дакрануўся да яго і не затрымаў яго, каб ён не запэцкаўся крывёю, што выцекла на падлогу з грудзей Герміны. Ён сеў і засяродзіўся ўвагай на нейкіх невялікіх апаратах і прыборах, што стаялі навокал, ён заклапочана корпаўся ў нейкіх вінтах і рычагах, і я з захапленнем глядзеў на яго ўвішныя пальцы, якія рады быў бы пабачыць над фартэпіяннай клавіятурай. Задуменна глядзеў я на яго, дакладней, не задуменна, а замроена, цалкам заглыбіўшыся ў сузіранне яго прыгожых, разумных рук, адагрэты і крыху спалоханы адчуваннем ягонай блізкасці. Што, уласна кажучы, ён тут рабіў, што падкручваў і падналаджваў, - на гэта я зусім не зважаў.

А ўстанаўліваў і наладжваў ён радыёпрыёмнік, і цяпер уключыў гук і сказаў:

- Гэта Мюнхен, перадаюць фа-мажорны «Concerto grosso F-Dur» Гендэля.

І праўда, на маё вялікае здзіўленне і жах, д'ябальская жалезная варонка выплюнула тую сумесь бранхіяльнай макраты і жаванай гумы, якую называюць музыкай уладальнікі грамафонаў і абаненты радыё, - а за каламутнай сліззю і хрыпамі, як за карой гразі старую, выдатную карціну, можна было і насамрэч разабраць высакародны строй гэтай боскай музыкі, яе царскі лад, яе халоднае глыбокае дыханне, яе шырокую струнную паўнагучнасць.

- Божа, - усклікнуў я ў жаху, - што вы робіце, Моцарт? Няўжо вы не жартам валіце на сябе і на мяне гэтую пошласць, не жартам напускаеце на нас гэтую мярзотную прыладу, трыумф нашай эпохі, яе апошнюю пераможную зброю ў знішчальнай вайне супроць мастацтва? Няўжо без гэтага нельга абысціся, Моцарт?

О, як зарагатаў гэты жудасны субяседнік, якім халодным і прывідным, бязгучным і ў той самы час усёразбуральным смехам! Са шчырай прыемнасцю назіраў ён за маімі пакутамі, круціў праклятыя вінцікі, перасоўваў бляшаную варонку. Смеючыся, ён цадзіў далей знявечаную, знядушаную і атручаную музыку, смеючыся, адказваў мне:

- Не трэба пафасу, суседзе! Дарэчы, ці звярнулі вы ўвагу на гэта рытарданда? Знаходка, га? Ну, дык вось, упусціце ў сябе, няўрымслівы чалавеча, ідэю гэтага рытарданда, - чуеце басы? Яны ідуць, як багі, - і хай гэтая знаходка старога Гендэля пройме і ўрымсціць ваша неспакойнае сэрца! Услухайцеся, чалавеча, услухайцеся без патэтыкі і без пакепу, як за покрывам гэтай смешнай прыладзіны, покрывам і праўда ж безнадзейна ідыёцкім, высоўваецца далёкі вобраз музыкі багоў! Прыслухайцеся, тут можна сяго-таго навучыцца. Заўважце, як гэты вар'яцкі рупар робіць, здавалася б, самую дурную, самую непатрэбную і самую забароненую на свеце рэч, як ён па-дурному, груба і наўздогадзь шпурляе музыку, якая недзе там выконваецца, да таго ж нявечыць яе ў самых чужых ёй, у самых неадпаведных месцах - як яна, прылада, усё-такі не можа забіць пачатковы дух гэтай музыкі, як дэманструе на ёй толькі бездапаможнасць сваёй тэхнікі, толькі сваё бездухоўнае дзяляцтва! Прыслухайцеся, чалавеча, добранька, вам гэта патрэбна! Настаўце, натапырце вушы! Вось так. А цяпер жа вы чуеце не толькі згвалтаванага радыёпрыёмнікам Гендэля, які і ў такім мярзотным выглядзе яшчэ боскі, - вы чуеце і бачыце, паважаны, заадно і выдатны сімвал жыцця наогул. Слухаючы радыё, вы чуеце і бачыце адвечную барацьбу паміж ідэяй і яе выяўленнем, паміж вечнасцю і часам, паміж Боскім і Чалавечым. Гэтак сама, мой дарагі, як радыё на працягу дзесяці хвілін кідае наўгад самую выдатную на свеце музыку ў самыя неверагодныя мясціны, у мяшчанскія гасцёўні і паддашкі, кідае яе сваім абанентам, якія балбочуць, жаруць, пазяхаюць, спяць, як яно крадзе ў музыкі яе пачуццёвае хараство, як яно псуе яе, карэжыць, слініць і ўсё ж не можа канчаткова забіць яе дух - гэтак сама і жыццё, так званая рэчаіснасць, растрасае без разбору выдатную чараду карцін свету, шпурляе следам за Гендэлем даклад пра тэхніку падчысткі балансу на сярэдніх прамысловых прадпрыемствах, ператварае чароўныя гукі аркестра ў неапетытную слізь, мусова запіхвае сваю тэхніку, сваё дзяляцтва, вэрхал сваіх патрэбаў, сваю марнасць паміж ідэяй і рэальнасцю, паміж аркестрам і вухам. Такое, мой міленькі, усё жыццё, і тут мы не можам даць ніякае рады, і калі мы не аслы, дык смяёмся з гэтай прыгоды. Такім людзям, як вы, зусім не лічыць крытыкаваць радыё альбо жыццё. Лепш навучыцеся спачатку слухаць! Навучыцеся сур'ёзна ставіцца да таго, што заслугоўвае сур'ёзнага стаўлення, і смяяцца з астатняга! А хіба вы самі рабілі лепш, высакародней, разумней, з вялікім густам? О не, мсье Гары, зусім не. Вы зрабілі са свайго жыцця нейкую агідную гісторыю хваробы, са свайго даравання - нейкую несхадзімую юдоль. Нават такой прыгожай, такой чароўнай дзяўчыне вы, як я бачу, не знайшлі іншага ўжытку, як парнуць яе нажом і забіць! Няўжо вы лічыце гэта правільным?