Выбрать главу

Запісы - усё роўна, мала ці многа рэальных падзей закладзена ў іх - гэта спроба адолець вялікую хваробу эпохі бакавым манёўрам, не прыхарошваннем, а спробай зрабіць саму хваробу аб'ектам выяўлення. Яны ў поўным сэнсе гэтага слова - адыход у хаос запамрочанай душы, учынены з цвёрдым намерам прайсці праз пекла, падужацца з хаосам, адпакутаваць усё да канца.

Ключ да разумення гэтага дала мне адна заўвага Галера. Аднаго разу, пасля гутаркі пра так званыя жорсткасці сярэднявечча, ён сказаў мне:

- Насамрэч гэта ніякія не жорсткасці. Чалавеку сярэднявечча ўвесь лад нашага жыцця быў бы агідны, ён здаўся б яму не тое што жорсткім, а жахлівым і варварскім! У кожнай эпохі, у кожнай культуры, у кожнай сукупнасці звычаяў і традыцый ёсць свой уклад, свая адпаведная суровасць і мяккасць, сваё хараство і свая жорсткасць, нейкія пакуты здаюцца ёй натуральнымі, нейкае зло яна цярпліва трывае. Сапраўдным пеклам, пакутай чалавечае жыццё робіцца толькі там, дзе перасякаюцца дзве эпохі, дзве культуры і дзве рэлігіі. Калі б чалавеку антычнасці прыпала пажыць у сярэднявеччы, ён, бедалага, задыхнуўся б у ім, як задыхнуўся б дзікун у нашай цывілізацыі. Але ёсць эпохі, калі цэлае пакаленне аказваецца паміж дзвюма эпохамі, паміж двума ўкладамі жыцця ў такой ступені, што траціць усякую натуральнасць, усякую пераемнасць у звычаях, усякую абароненасць і беззаганнасць! Вядома, не ўсе адчуваюць гэта аднолькава. Такі чалавек, як Ніцшэ, загадзя выпакутаваў сённяшнюю бяду больш, чым на адно пакаленне раней за іншых, - тое, што ён перажыў у адзіноце, нікім не зразуметы, сёння перажываюць тысячы.

Гэтыя словы Галера, я часта ўзгадваў, чытаючы ягоныя запісы. Галер належыць да тых, хто апынуўся паміж дзвюма эпохамі, хто нічым не абаронены і назаўсёды страціў беззаганнасць, да тых, чый лёс - усю сумніўнасць чалавечага жыцця адчуваць з адмысловай сілай, як асабістую пакуту, як пекла.

У гэтым, здаецца мне, і ёсць сэнс, які могуць даць нам ягоныя запісы, і менавіта таму я наважыўся іх апублікаваць. А наогул жа я не хачу ні абараняць іх, ні выказваць пра іх сваё меркаванне, хай кожны чытач зробіць гэта, як дазволіць яму сумленне!

Нататкі Гары Галера. Толькі вар'ятам

Дзень прайшоў, як праходзяць усе дні, я забіў, я ціха даканаў яго сваім прымітыўным і баязлівым спосабам жыць; некалькі гадзін я працаваў, калупаўся ў старых кнігах, дзве гадзіны мне балела, як гэта наогул бывае ў пажылых людзей, я выпіў парашок і парадаваўся, што ўдалося перахітрыць боль, паляжаў у гарачай ванне, убіраючы ў сябе прыемнае цяпло, тры разы атрымаў пошту і прагледзеў усе непатрэбныя мне лісты і бандэролі, зрабіў зарадку на дыханне, а на розум ад ляноты сёння не засільваўся, гадзінку пахадзіў і папасвіў свае вочы на небе прыгожымі, далікатнымі, незвычайнымі ўзорамі перыстых аблокаў. Гэта было вельмі міла, як усё роўна чытаць старыя кнігі, як ляжаць у гарачай ванне, а ўвогуле дзень выдаўся не тое, каб страдны, зусім не прамяніўся шчасцем і радасцю, гэта быў проста адзін з даўно ўжо звычайных і будных у мяне дзён, у меру прыемных, у меру так сабе, безаблічных дзён пажылога бурклівага чалавека, адзін з дзён без асаблівага болю, без лішніх турботаў, без несхадзімага гора, без роспачы, калі нават пытанне, ці не пара ўзяць сабе за прыклад Адальберта Штыфтэра і да смерці парэзацца пры галенні, разглядаецца дзелавіта і спакойна, без хвалявання і страху.

Хто паспытаў смаку іншых дзён, ліхіх, з прыступамі падагры альбо з жахлівым болем галавы, угнездаваным за вачамі, які сваім д'ябальскім чарадзействам ператварае з радасці ў пакуту ўсякую дзейнасць, якой патрэбныя зрок і слых, альбо тых дзён духоўнага памірання, тых чорных дзён пустэчы і роспачы, калі сярод сплюндранай і высмактанай акцыянернымі кампаніямі зямлі чалавечы свет і так званая культура з іх ілжывым, танным, мішурным бляскам пацягаюць вас на ваніты, а самым невыносным іх асяродзішчам робіцца наша збалелая душа, - хто ведае гэтыя пякельныя дні, той вельмі задаволены нармальнымі, палавінчатымі днямі, як сённяшні; той удзячна грэецца каля цёплай печы, удзячна зазначае сабе, чытаючы ранішнюю газету, што і сёння, дзякаваць Богу, не грымнула вайна, не ўселася новая дыктатура, не выпаўзла ніякая асаблівая мярзота з палітыкі і эканомікі; той удзячна наладжвае струны сваёй заржавелай ліры на стрыманую, памяркоўна-радасную, амаль вясёлую падзякавальную псальму, якою наводзіць нудную няхэнць на сваё крыху прыглушанае бромам паўбожышча асалоды, і ў спёртым паветры гэтага задаволенага нуду, гэтай удзячнасці, хваравітасці яны, паўбожышча, якое, звесіўшы голаў, дзюбае носам, і паўчалавек, які з лёгкім пярэпалахам спявае нягучную псальму, абодва падобныя адно на аднаго, як блізнюкі.