Ладная штука - задаволенасць, бязбольнасць, гэтыя сцерпныя, унураныя дні, калі ні боль, ні радасць не адважваюцца і пікнуць, калі яны гавораць нішчачкам і ходзяць на дыбачках. Але ў мяне, на жаль, усё зусім інакш - гэтай задаволенасці я якраз і не трываю, яна хутка абрыдае мне, і я ў роспачы кідаюся ў іншыя кліматычныя паясы, па магчымасці дарогай радасці, а на блажэйшы канец і з дапамогай болю. Варта мне крыху пажыць без радасці і болю, падыхаць вялай і прэснай лагодай так званых добрых дзён, як дзіцячая душа мая напаўняецца безнадзейнай тугою, і я шпурляю заржавелую ліру падзякавання ў задаволены твар соннага божышча асалоды, і жар самага лютага болю мне мілей за гэтую здаровую хатнюю тэмпературу. Тут мяне забрала шалёная пацяга да моцных пачуццяў, сенсацый, дзікая злосць на шэрае, дробнае, унармаванае і стэрылізаванае жыццё, вар'яцкая патрэба спляжыць што-небудзь ушчэнт, магазін, напрыклад, сабор альбо самога сябе, учыніць якое-небудзь рассупоненае глупства, сарваць парыкі з якіх-небудзь шаноўных ідалаў, купіць якім-небудзь разбушаваным школьнікам прагна імі жаданыя білеты да Гамбурга, спакусіць дзяўчынку альбо скруціць вязы некалькім прадстаўнікам мяшчанскага правапарадку. Бо менавіта гэта я праклінаў, ненавідзячы ўсімі фібрамі душы больш за ўсё, - гэтую замілаванасць, гэтае здароўе, гэту ўлагоджанасць, гэты дагледжаны і выпеставаны аптымізм мешчаніна, гэты росквіт усяго пасрэднага, нармальнага, сярэдняга.
У такім настроі я і закончыў нікчэмны будны дзень, калі ўжо ён сама-сама ўвабраўся ў вечар. Закончыў яго не так, як бы яно было нармальна і карысна зняможанаму чалавеку, не лёг у падрыхтаваную пасцель, дзе мяне, як нажыўка, чакала грэлка, а, выканаўшы свой невялікі бязрадасны і астабрыдлы ўрок працы, панура абуўся, апрануўся і ў туманнай цемры выправіўся ў горад, каб у гатэлі «Сталёвы шалом» выпіць тое, што мужчыны, аматары выпіць, па старой прызвычайцы называюць «чарачкай гарбаткі».
Дык вось я спускаюся са сваёй мансарды па лесвіцах, па гэтых цяжкіх для пад'ёму лесвіцах чужыны, па чысценькіх, вылізаных лесвіцах добрапрыстойнага трохкватэрнага даходнага дома, на гарышчы якога і быў мой пакойчык. Не ведаю, чаму так бывае, але я, бязродны стэпавы ваўчыска, адзінец, вораг мяшчанскага свету, заўсёды жыву ў самых размяшчанскіх дамах, гэта мая старая слабіна. Не ў палацах і не ў пралетарскіх трушчобах, а ў гэтых занудлівых, прыстойных, бездакорна дагледжаных мяшчанскіх гнёздах, дзе пахне тэрпэнтынай і мылам, дзе палохаешся, пачуўшы, што дзверы параднага моцна ляпнулі, альбо ўвайшоўшы ў брудных чаравіках. Я змалку люблю гэтую атмасферу, і мая прыхаваная туга па сякіх-такіх тутэйшых падабенствах радзімы зноў і зноў безнадзейна вядзе мяне па раз'езджаных, выбоістых дарогах. І падабаецца мне кантраст паміж маім жыццём, маім адзінокім, без кахання, зацкаваным, да нязмогі бязладным жыццём і гэтай сямейна-мяшчанскай сферай. Я люблю ўдыхаць на лесвіцы пах цішыні, парадку, чысціні, прыстойнасці і ацуглянасці, пах, у якім заўсёды, нягледзячы на сваю нянавісць да мяшчанства, я знаходжу нешта кранальнае, люблю пераступаць парог свайго пакоя, дзе ўсё гэта ўраз канчаецца, дзе сярод гурбы кніг валяюцца недапалкі цыгараў і стаяць бутэлькі з-пад віна, дзе ўсё няўтульна, усё ў бязладдзі і запушчанасці і дзе ўсё - кнігі, рукапісы, думкі - пазначана і прасякнута горам адзінокіх, цяжкасцю людскога жыцця, сумам па новым асэнсаваным чалавечым жыцці, якое даўно страціла ўсякі сэнс.
Вось ужо я мінуў араўкарыю. На другім паверсе гэтага дома лесвіца вядзе міма невялічкай пляцоўкі перад кватэрай, якая несумненна бездакорнейшая, чысцейшая, прыбранейшая больш за ўсе іншыя, бо гэтая пляцовачка проста ззяе звышлюдскай дагледжанасцю, яна - маленькі храм парадку. На паркетнай падлозе, на якую страх бярэ ступіць, стаяць, чыста дзве цацкі, услончыкі, і на кожным па вялікім вазоне, у адным расце азалія, у другім даволі прыгожая араўкарыя, здаровае, ужо выноснае дрэўца, свайго роду дасканаласць, кожная іголачка, кожная галінка прамытая да бляску. Часам, калі ведаю, што мяне ніхто не бачыць, я карыстаюся гэтым месцам як храмам, саджуся пад араўкарыю на прыступку, трошкі адпачываю, складваю малітоўна рукі і багавейна гляджу ўніз, на гэты райскі садок парадку, які вярэдзіць душу і сэрца сваім кранальным выглядам і смешнай адзінокасцю. За гэтай пляцоўкай, як бы пад свяшчэнным ценем араўкарыі, мне бачыцца кватэра, поўная блішчастага чырвонага дрэва, бачыцца жыццё, поўнае здароўя, жыццё, у якім рана ўстаюць, выконваюць свае абавязкі, больш-менш весела спраўляюць сямейныя святы, ходзяць у нядзелю ў кірху і рана кладуцца спаць.