Выбрать главу

Цынікі ж — істоты з жывёльным уяўленнем аб харастве. Па-злачынску дамагаючыся свайго, яны нават і не здагадваюцца, што найвышэйшая асалода, якую толькі можна спазнаць, — заваяваць жанчыну пяшчотай.

Народжаныя мужчынамі — да самай смерці яны так і не стануць імі. I мне шкада іх, сексуальных жабракоў. Магчыма, шкадаванне маё дарэмнае і нават недарэчнае. Магчыма, паводле нейкай д'ябальскай задумы іхняе існаванне апраўдана, і не толькі існаванне, але і ўсё, што яны робяць. Я нават магу паверыць, што нейкая страшная сіла рыхтуе для іх усё новыя і новыя ахвяры, а яны — толькі выканаўцы, рабы той сілы і, значыць, самі ахвяры. Так, я шкадую іх, але шкадаванне маё — не адвакацкая рыторыка, а тая цвярозая абачлівасць, якая патрабуе — перш чым асудзіць, трэба пашкадаваць.

Чуецца мелодыя — лагоднае суседства кларнета і фартэпіяна. Па музычнай роўнядзі праплывае высокі жаночы голас. Баюся, што ён патоне і застанецца толькі музыка. Але страх мой дарэмны. Усё выйшла якраз наадварот. Музыка знікае, феміністычныя гукі мацнеюць, і мажлівасць пачуць прывабную жанчыну робіцца рэальнай, па ўздзеянню амаль такой, як спатканне на Пон дэ Ар з дзягілеўскай рабыняй.

Мой нястомны павадыр чытае мае летуценныя думкі і адразу ж патрапляе ў тон:

— Тая прыгажуня, якую малады пан сустрэў на мосце, жонка мсье Гіёмэ. Няшчасная кабета. Муж яе — чалавек апантаны. Дзень і ноч ён заняты толькі сваімі дзівацкімі скульптурамі. Творчасць — ягоны бог. Прыгажуня ўзненавідзела гэтага бога. Эміль Заля ведаў, што рабіў, калі пісаў свой раман...

Да нас падышоў Эжэн Гіёмэ, у знешнасці якога пераважалі тры сухія лініі — працавітасць, прагматызм, рашучасць. Калі ён вітаўся, мне здалося, што не толькі рукі, нават валасы яго пахлі абутковым вазелінам.

Скульптар нецярпліва ўхапіўся за мех і ўсё, што ў ім было — чаравікі, красоўкі, сандалеты, дзіцячыя боцікі — высыпаў на дол.

Пасярод алеі ўтварыўся абутковы сметнік.

— Хутка ўвесь Парыж ператворыцца ў сметнік, — задаволена сказаў Непрыкаяны Паляк. — На руінах Луўра мсье Гіёмэ выставіць свае новыя скульптуры. Толькі прашу партрэт маёй танцоркі не рабіць з абутку.

У скульптара фіялетавым агнём паблісквалі вострыя зрэнкі. Нібыта каштоўныя камяні, ён далікатна перабіраў сыравіннае багацце і калі знаходзіў тое, што яму падыходзіла, пераможна сціскаў абветраныя губы.

Непрыкаяны Паляк між тым чакаў адказу на сваю просьбу, і скульптар паабяцаў:

— Дзеля гэтага партрэта я здабуду мармур на развалінах новага опернага тэатра!

I нібыта ўжо для мяне, голасам неабвяргальнага прысуду абвясціў:

— Акрамя мармуру, гіпсу і старога абутку, скульптурныя партрэты можна яшчэ рабіць з непрачытаных паэтычных кніг.

Непрыкаяны Паляк павёў яго да свайго любімага дрэва. Яны адышліся недалёка, спыніліся каля першага платана, і зноў я пачуў скульптара:

— Мсье Лонскі, гледзячы на любімае дрэва, пра шчасце лепш за ўсё гаварыць не з ім, а з самім сабою.

Праз гэтую ўяўна-афарыстычную фразу, як цяжкае водгулле, уладна прабілася папярэдняя: «...скульптурныя партрэты можна яшчэ рабіць з непрачытаных паэтычных кніг».

Пасля такога выраку ўсё навокал змянілася — і фантан, і чайкі, і галубы, якія штохвіліны бесперашкодна праходзілі пад маім крэслам, як пад маленькай трыумфальнай аркай. Усё неяк зрушылася, паблажэла, і непрыгожых жанчын навокал паболела. Вясёлая ілюзія майго бесклапотнага існавання знікла. Яе знішчыў французскі скульптар Эжэн Гіёмэ

У мяне забалелі вочы — відавочная прыкмета маёй найбольшай прыгнечанасці.

Прызнаюся, што без яе, вясёлай ілюзіі, без гэтага цудоўнага зманлівага ўяўлення аб жыцці і каханні — мая папера заўсёды камянее, і камянее маё чарніла, і пачуцці мае застаюцца на вуснах сухімі словамі. Толькі А. можа памагчы мне, толькі яна можа вярнуць мяне ў жаданую бесклапотнасць, бо толькі ёй падуладна ўся таемнасць парыжскай стомленасці...

Заўтра нядзеля — 2 лютага 1992 года.

Заўтра Эжэн Гіёмэ атрымае воблачную бандэроль з Мінска. Неспадзяваная рэч — А. прышле яму свае настуркавыя басаножкі, загорнутыя ў колер кобальту.

Невядомыя Парыжу настуркавыя басаножкі!

Яны займелі вышэйшую эстэтычную вартасць, дзякуючы сцэнічным ножкам А. Некалі такія ж самыя басаножкі насіла Галатэя.

Гледзячы на іх, апантаны скульптар пасвятлее душой, супакоіцца і на ўвесь гэты дзень забудзе пра сваю майстэрню, прапахлую местачковым шавецкім духам. На ўвесь дзень! I гэта перамога, бо раней не было не тое што вольнага дня — ніводнай вольнай нядзелі. Скульптар успомніць жонку, сямейную лагоду і водар чыстай пасцельнай бялізны, які заўсёды папярэднічае радаснаму адамізму.