Выбрать главу

Настуркавыя басаножкі А. Эжэн Гіёмэ падорыць сваёй дзягілеўскай рабыні...

Непрыкаяны Паляк развітаўся з апантаным скульптарам і паклікаў мяне да свайго платана.

9. ОПІУМНЫЯ ВОЧЫ ПАЭТА

Перад нядобрым сном я нібыта ўваходжу ў цёмныя стылістычныя глыбіні тужлівага рамана, губляю зразумелы абсяг чытання, — і адбываецца бессэнсоўны палёт над пустыняй зместу. Голас А. робіцца сухім і ломкім, як марозная галінка, і я забываю, што А. кахае мяне. Я нават забываю, што яна крыўдуе на мяне за маю паляшуцкую абачлівасць, капрызна вышукваючы ў маіх скрыпічных кампліментах няўдалыя ноты.

Перад нядобрым сном прыходзяць благія ўспаміны.

Я ўспамінаю знаёмых жанчын, увесь жыццёвы талент якіх заснаваны на біялагічным уменні базарны голас ператвараць у канцылярскія струны.

Які я шчаслівы, што развучыўся разумець гэтыя струны!

Я ўспамінаю і тых жанчын, якіх некалі пакрыўдзіў — пакрыўдзіў незнарок, жадаючы займець ад іх толькі імгненную радасць. Гэта былі добрыя непрыгожыя жанчыны з вачыма, затуманенымі трамвайнай адзінотаю. Свае доўгія вечары яны асвятлялі іскрамі Юноны. Змучаныя бясконцай свабодай, яны не жадалі па малым каменьчыку здабываць маю ўвагу, а прагнулі адразу завалодаць ёю, і завалодаць назаўсёды, як магільным каменем. Я пратэставаў, таму час нашых спатканняў вымяраўся не апошнім, а першым глытком віна і не поўным вітаннем «добры вечар», а толькі пачатковым складам гэтага вітання «до...». Я прыносіў з сабою пясочны гадзіннік з адною пясчынкаю, і яе асвятляла не свечка, а толькі запалка, якую мае засмучаныя нецярплівіцы так і не паспявалі паднесці да канаплянага кнота.

Не ведаю, што яны мне ў думках жадалі, але калі праводзілі да парога — іхнія вусны былі сціснутыя, як начныя пялёсткі.

Так, з гэтымі жанчынамі быў я непамяркоўны, магчыма, нават жорсткі, але каб цынічны — ніколі. Я крыўдзіў іх з самага пачатку нашых адносін і рабіў гэта дзеля таго, каб, крый божа, не ўчыніць большае бяды — нейкую з іх крыўдзіць пасля ўсё жыццё. Пакінуўшы іх назаўсёды, я зразумеў, што нічога ў маім лёсе не зменіцца без маёй згоды, што я маю сілу ўжо сёння адчуць свой будучы поспех і што пустая ваза за маёй спінай (варта толькі азірнуцца!) адразу ж напоўніцца ранішнімі кветкамі, якія дыхаюць акропальскай яснасцю — хараством А.

Перад нядобрым сном успамінаю і сваю нядаўнюю непамыснасць.

З вежы Эйфеля ў падзорную трубу я ўбачыў могілкі Пасі. Унізе ляжала сумная Сена, над ёю ўзвышалася падкова палаца Шайо, далей праглядвалася плошча Тракадэро, злева ад якой і былі могілкі. Яны знаходзіліся ад вежы на значнай такі адлегласці, з ракі наплываў на іх лёгкі туман, і падзорная труба дапамагала разгледзець толькі іхні агульны выгляд. I я не так бачыў, як здагадваўся пра крыжы, пра каменныя пліты і ажурныя агароджы. I ўсё ж, паўглядаўшыся, заўважыў там нейкі засяроджаны рух. Здалося, сышліся людзі і пачалі капаць. Усё мне хацелася паглядзець у Парыжы, але толькі не працу далакопаў. Аднак жа ўзнікла прыкрае жаданне — у цэнтры Парыжа зірнуць у свежую магілу. Памятаю сваё дзіцячае ўражанне — я, дзесяцігадовы, гляджу туды, уніз... Магілы ў Давыд-Гарадку капалі глыбокія, больш за два метры. Дбайна падразалі карані, не пакідалі ні смяцінкі. На дне акуратна ўтрамбоўвалі пясок, і ён свяціўся велікоднай жаўцізною. Ледзьве не пад шнур выроўнівалі сцены, выстругвалі з іх усё да апошняга камячка. Шурпатасці, калі замінала рыдлёўка, загладжвалі рукамі. Я глядзеў у давыд-гарадоцкую магілу, нібыта ў пусты расчынены куфар.

У Мінску ж, на Паўночных могілках, выкапаная магіла мала чым адрозніваецца ад авіяваронкі.

Няўжо й тут гэтак?

Лёгкі туман развеяўся, і могілкі Пасі, як жывыя, наблізіліся да мяне ўсім сваім музейным хараством. У тым кутку, дзе павінны былі працаваць далакопы, я нікога не ўбачыў. Усё мне прымроілася, і разам з туманам развеялася мая прыкрая спакуса, паглядзець на дно парыжскай магілы.

Дык вось, няўбачанае дно парыжскай магілы — апошняе, што мне ўспомнілася перад нядобрым сном...

У Давыд-Гарадку гараць хаты. Каля Жалезнага Стаўба сустракаю Надзечку — сваю цётку, стрыечную сястру маці, — набожную, немаладую ўжо кабету, а ў гэтым жахлівым сне дык зусім старэнькую, як біблейская забытасць. Надзечкай яе завуць за маленькі рост. Яна ў валёнках, у абсыпаным попелам плюшавым саку, у чорнай, насунутай на вочы хустцы.

— Гэто ты, Лёнічок?

— Я, цёточко.