— У мяне хата згорэла.
— Нішчасце яке, цёточко!
Надзечка падступае да мяне бліжэй і пытае з нейкім крыўдлівым спадзяваннем:
— А ці можна ў Амэрыку поехаць, Лёнічок? Тут жа ж няма як жыць...
Я суцяшаю цётку, кажу ёй самыя добрыя словы, якія толькі знаю, і іду далей па спаленым гарадку. Каля бацькавай хаты з усіх бакоў мяне абступаюць чыста паголеныя твары. Я не ведаю, што з бацькавай хатай — яе не відаць, яна за непраглядным полагам дыму. Але я ведаю, што чыста паголеныя твары — гэта падпальшчыкі. Адзін з іх чамусьці ў канцэртным фраку і з букецікам ясных аксамітак у аранжавай бутаньерцы. Падпальшчыкі вядуць мяне на Альшанскую вуліцу да хаты бабы Просі, што стаіць напроці Савічыкавага магазіна — вядуць туды, дзе я нарадзіўся. Той, што ў канцэртным фраку, паказваючы на бабіну хату.з'агадвае: «Спалі яе!» Але я не слухаю. Ен паўтарае загад. Я каменна застываю, і маё непаслушэнства ратуе мяне. Яно прымушае падпальшчыкаў адступіць. Тут жа, на Альшанскай вуліцы, бачу А., і мы разам вяртаемся ў парыжскі гасцінічны спакой, і сваімі ранішнімі валасамі, як гіяцынтамі, А. закрывае мой гарачы твар...
Паміж гэтым свом і далейшай маёй сустрэчай з белым луўрскім голубам існавала тая ж сувязь, што існуе паміж магілай і помнікам над ёю.
У Луўры над партрэтам Джаконды, над празрыстым бранявым лістом, якім закрыта карціна, я ўбачыў белага голуба. Ен павіс над карцінаю, як марыянетачны анёл, і вісеў датуль, пакуль не чапляміў ахоўны ліст вадзяністым слядком мускатнага арэха. Нябачная нітка, што трымала голуба ў паветры, мусіць, абарвалася, і ён паляцеў да луўрскае піраміды. Ен нібыта паказваў мне новы шлях да цікавага, і я пайшоў услед за голубам. Адштурхнуўшыся ад луўрскае піраміды, мы пераляцелі Сену і апынуліся на вакзальным даху музея д'Орсэ.
Голуб, варухнуўшы крыламі, павярнуўся на ўсход, злавіў на шаўкавістае волле палоску жоўтага кадмію і стаў называць імёны жанчын, тыя шчаслівыя імёны, якія жывуць у паэзіі Апалінэра — Марыя, Леа, Фердзіна, Анні, Міа, Марэя, Іста, Лары, Івета, Луіза, Жаклін.
Я слухаў уважліва, але чуў толькі літару «а». таму візуальна-графічнае выяўленне гэтых цудоўных імёнаў у маім успрыманні атрымалася такім: мАрыя, леА, фердзінА, Анні, міА, мАрэя, істА, лАры, іветА, луізА, жАклін.
Мы спусціліся на антыкварную вуліцу Бак, і луўрскі голуб пазнаёміў мяне з сямейнай парай, старымі парыжанамі, што, як зачараваныя, стаялі перад нейкай вітрынаю, светлую прастору якой зацямняў габелен з Абюсона.
У вялікіх еўрапейскіх гарадах варта знаёміцца з людзьмі сталага веку. Яны менш прагматычныя за сваі.х дзяцей ды ўнукаў, і з імі можна гаварыць пра паэзію, не баючыся непаразумення.
Мае новыя знаёмыя адразу ж забылі пра абюсонскі габелен, калі пачулі імя Апалінэра, нібыта я прамовіў не прозвішча паэта, а назваў пароль, нейкае патаемна-сакральнае слова, дзякуючы якому мяне прынялі за свайго.
Мы прыйшлі на вуліцу дэ Аббеі — у круглы скверык, які замілавана прытуліўся да раманскага абацтва Сен-Жэрмен дэ Прэ. У цені высознае вежы я ўбачыў скульптурны партрэт Апалінэра — медна-зялёны бюст, уквечаны мускатнымі кроплямі, якія выслізнулі на волю з гарачых птушыных страўнікаў. Луўрскі голуб тут жа пацвердзіў маё празаічнае назіранне, апусціўшыся на бронзавую галаву паэта.
Ранішні Парыж перакулена засвяціўся ў жабрацкіх зрэнках луўрскага голуба, узмацняючы маё недаўменне: бронзавага Апалінэра ўзвялі побач з цытадэллю дапытлівых маўрыстаў? Ен жыў паблізу, гэта так, але магутныя сцены абацтва — не лепшы фон для маленькага помніка вялікаму паэту.
Я глядзеў на пасмяротны вобраз паэта і заместа чалавечага аблічча бачыў нейкі амаль пачварны рэльеф. Бачыў яшчэ адну карыкатуру на Апалінэра, гэтым разам у бронзе, якую Пікасо выклепаў, асабліва сябе не абцяжарваючы. З камяка дрэнна апрацаванага металу, нібыта сам па сабе, вылез баксёрскі нос, над ім павіс маленькі каталіцкі лобік, а над бухгалтарскімі шчокамі, што надзьмута сышліся ў дзіцячы рот, круглымі пустымі зорамі застылі опіумныя вочы. Вось і ўвесь партрэт. Праўда, мне спадабалася, што валасы ў паэта былі падобныя на лаўровае лісце, ці лепей сказаць: з яго бронзавых валасоў узыходзіла гэтае лісце, у якое час ад часу галоднай дзюбай пазвоньваў луўрскі голуб. I яшчэ ўразіла, што на галаве чарнела шрапнельная рана. Яна, мусіць, і надавала скульптурнаму вобліку асіметрычную тужлівасць, прымушала заўважыць у невідушчых опіумных вачах паэта неразвейны попел крыўды на жанчын, на сяброў, на лёс, на Францыю.
Я спытаў пра апошнюю Апалінэраву кватэру, якая павінна была быць недзе тут — паблізу. Мае ж праважатыя разгублена ўсміхнуліся, азіраючы навакольныя дамы. Яны не ведалі, дзе кватэра, і ніхто не ведаў з прахожых, у каго яны ні пыталіся, — ні гаваркая бона з рахманым дзіцяткам у вазочку на трох колах, ні флегматык-паліцыянт з белай расшпіленай кабурою, ні яшчэ адна старая сямейная пара, што пышна ўладкоўвалася каля кнігарні Галімар у жоўтае таксі.