Выбрать главу

Я папрасіў вады.

Аксітанец выхапіў срэбнымі абцужкамі з глыбокае вазы тры коўзкія літары е, а, u і кінуў' іх у конусную шклянку.

Было з чаго мне здзівіцца: у глыбокай вазе блакітнай горкай ляжаў французскі алфавіт!

Аксітанец звыкла страсянуў шклянку, і халодныя ільдзістыя літары збегліся ў слова е'еаu — вада.

Я ўзяў шклянку, але піць мне расхацелася — смагу спатоліла хваляванне. Рука мая дрыжала, і ў конусным шкле вагонна пакалыхвалася лексічнае змесціва чужой вады.

Я нахіліў шклянку, і літары з мяккім ласкавым шумам пасыпаліся на малахітавую стойку, утвараючы ювелірную калюжку. Аксітанец усміхнуўся і выцер стойку. Тым часам Непрыкаяны Паляк спакойна дапіваў сваю ваду, смакуючы кожную літару.

10. УСХОДНЕСЛАВЯНСКАЯ ПАЛЕСЦІНА

На бульвары Сен-Жэрмен я ўбачыў сумнага міма — маленькага, як вітрынная статуэтка, чалавека з густа набеленым тварам і ў белых пальчатках. Ен стаяў на зялёнай сметніцы каля ўвахода ў метро.

Хрэстаматыйная постаць: вочы, поўныя пяіцчотнага вечнага дзяцінства, сухія каштанавыя губы, старанна дагледжаныя чорныя вусікі (асабліва прыкметныя на празмерна набеленым твары!), крыху разгубленая, з кропелькай вінаватасці ўсмешка, у напружанай руцэ — лёгкая, як флейта, франтаватая палачка.

Апрануты ён быў, вядома ж, у доўгі, як на чужога шыты, фрак і ў гэткія ж не на яго скроеныя мешкаватыя штаны. Абуты — у вялі'зныя цыркавыя чаравікі. А завяршалася ягонае праставатае ўбранне вянцом, шчодра ўсыпаным брыльянтамі непазбыўнага глядацкага смеху, — славутым, крыху пакамечаным, чорным круглым капялюшыкам.

Я ўбачыў Чарлі Чапліна.

Каля сметніцы, аздобленай жоўтымі пялёсткамі скарыстаных праязных білетаў на метро, стаяла глыбокая кардонная пушачка, у якой незацемненым срэбрам ужо зіхацелі жаданыя франкі.

Гучала катрынка, і пад яе немудрагелісты акампанемент маленькі чалавек моўчкі, як і належыць міму, апавядаў пра сябе нешта вельмі жаласлівае, шчымлівае. Гэта было надзвычай выразнае апавяданне амаль нерухомага твару і марыянетачных рук.

Вулічны акцёр іграў Чарлі Чапліна, іграў неабароненасць душы, увасабляў той светлы камізм, зразумелы кожнаму без слоў; той драматычны камізм, якому людзі некалі паверылі адразу, адчуўшы яго выратоўную энергію.

Сметніца — метафара, якая лёгка чытаецца: бруд і чалавек суіснуюць, але чалавек заўсёды павінен знаходзіцца вышэй.

Цярпліва чакаючы спачування прахожых, мім, як мне здалося, мала зважаў на іх прысутнасць. Ен быў захоплены ўласнай пластыкай, тэатральная адасобленасць паланіла ягоную нядужую постаць.

Насупраць міма, на самым краі тратуара, размясціўся катрыншчык. Ні тварам, ні адзеннем ён нікога не нагадваў. Звычайны вулічны парыжанін, вясёлы статыст — у клятчастай кепцы, ссунутай на квадратную патыліцу, у будзённай кашулі з расшпіленым каўняром, у ношанай скураной камізэльцы. Вартай увагі была хіба што сама катрынка — даверлівая, заўсёды юная скаржніца, схаваная ад дажджу пад парусінавы тэнт, ды прыцягвалі ўвагу кацяняты ў кошыку — дзве вясёлкавыя апучкі з агатавымі мыскамі. Прахожыя не толькі любаваліся кацянятамі, ім дазвалялася браць іх на рукі, гладзіць.

Катрыншчык не стамляўся круціць нікеляваную паслухмяную корбу. Ен усміхаўся, быў задаволены сваёй музыкай, сваім вясёлкавым кошыкам і, бадай што, прахожымі, нягледзячы на іхнюю скупаватасць. Магчыма, сярод прахожых былі й не скупыя людзі, але яны не ведалі, куды кідаць свае фрапкі. Каля ног катрыншчыка не было ніякай каробкі — толькі старамодны кошык з кацянятамі. Два галубы ўсё спрабавалі падысці бліжэй да кацянят, узбуджаныя немалым інтарэсам зазірнуць у кошык, але катрыншчык палохаў іх вясёлым воклічам. Распушыўшы хвасты і крылы, галубы без ніякае крыўды адбягалі ад катрыншчыка, — усё адно як свойскія птушкі ад свайго гаспадара.

Катрыншчык і мім існавалі, вядома ж, паасобку, кожны быў заняты сваім немітуслівым клопатам. Але настрой у іх быў тэатральна-непадзельны, і непадзельны быў гэты, імі ўпадабаны куток левабярэжнага арыстакратычнага бульвара

Зусім побач, за чыгуннай агароджаю, узвышалася ўжо вядомае мне абацтва маўрыстаў, з боку бульвара да самага даху аплеценае металічнай павутою рыштаванняў.