Выбрать главу

Таленавіты галаман жыве цяпер на камяністым хутары пад Стакгольмам. Чамусьці ён выбраў для сталага жыцця халодны скандынаўскі хутар, а не даліну Луары. Зрэшты, ён.здаецца, ніколі туды й не імкнуўся, яго цікавіла толькі метафізічная Францыя. Метафізічную ж Францыю з рэальнай Швецыяй прымірыць у заспакоеным сэрцы няцяжка.

Пры нагодзе я пашлю яму свой эцюд пра шчаслівае набыццё «Алкаголяў» — пашлю не па пошце, а па ланцужку маскоўскіх успамінаў, самае каштоўнае звяно ў якім — светлы бібліятэчны падвал.

13. ЮНЫ СЛАВЯНСКІ ВЕК

«У стомленасці ёсць тваё імя...»

Я чытаў страсбургскаму цягніку свой парыжскі верш і перад радком «У той лагодзе я знайшоў яе...», — як знак эстэтычнага папярэджання, убачыў чатыры апушчаныя струны. Утварыўшы гукавую пустату, яны нібыта падказвалі, што верш няскончаны, што існуе яшчэ адна, перадапошняя страфа, якую неабходна адшукаць.

Я спешна пакінуў Усходні вакзал, куды завёў мяне чарговы бесклапотны ранак, і прыйшоў у Апалінэраў скверык. Я выбраў найбольш верагоднае месца пошуку і не памыліўся. Перадапошняя страфа, падобная да цікеткі, на фоне мармуровага пастамента ўтварала каляровы святочны квадрат:

Адпачывай, нядзельны мой Сенат, Курантамі нагадвай, што заўсёды Каханых прыме Люксембургскі сад I да скрынічнай прывядзе лагоды.

Я ўдзячна паглядзеў на паэта і адчуў святочны холад пераўтварэння... Карыкатурная пачвара памякчэла, набыла тужліва зразумелыя рысы. Яна пачала мне падабацца, бо нешта жаночае, пакрыўджанае з'явілася ў яе вобліку, а таксама — сімвалічна-кантрастнае. У левай палавіне твару дыхала смерць, у правай, больш вытанчанай, жыла паэзія.

Дзень быў скупы на сонца, але зрэдку, надзіва яркае, яно з'яўлялася, ператвараючы скверык у летнюю веранду. У нахіленай плоскасці святла знікаў уяўны змест навакольных аб'ёмаў і глыбінь. Панавала плоскасць, яе першапачатковая іконная сутнасць.

У мой разгорнуты блакнот упалі два ажурныя цені — у скверык прыляцеў луўрскі голуб з маленькай жэтэмнай [3] галубкай.

Я глндзеў на іх і шкадаваў, што ўслед за імі не ляцяць ні ластаўкі, ні сокалы, ні совы, ні крумкачы, ні калібры, ні пяшчотныя пі-і, ні птушка-ліра, ні ўсходняя птушка Рох. Я шкадаваў, што ў паэтаў скверык не ляціць арол і не імкнецца паўлін, не плывуць напаўчалавечыя сірэны, і юны Фенікс не атрасае з крылаў на журботную бронзу пераможны попел.

P усіх птушак, прыродных і міфалагічных, якіх Апалінэр згадаў у сваёй паэзіі, толькі галубы засталіся верныя паэту.

У Евангеллі часта ўпамінаюцца птушкі нябесныя. Трэба думаць — ластаўкі, лебедзі, сокалы. А з птушак «зямных», акрамя пеўня — сімвала адрачэння і духоўнай слабасці апостала Пятра, здаецца,не ўпамінаецца ніводная.

У век адрачэння ад паэзіі варта намаляваць гэтага евангельскага пеўня на вялізных шчытах, накрыж перакрэсліць чырзонымі палосамі і выставіць на дарогах, што вядуць у Парыж, каб усе ведалі: тым, хто адрокся ад паэзіі, уезд у Парыж забаронены...

Каля мармуровага пастамента ляжала бяскрылая аранжавая бутэлька. Яе, напэўна ж, нядбайна кінуў сюды гаспадар апельсінавай сумкі. Цьмянае шкло было затуманена дотыкам чалавечай далоні і напалову закрывала імя Пікасо на тарцы пастамента. Які своечасовы напамін мне, што бутэлька — спадчынны вобраз французскага жывапісу, выяўленне часовай, але надзейнай трываласці.

Некалі, апынуўшыся на раздарожжы, утвораным далёкім Домам Герцэна і вельмі блізкім заводам слясарна-мантажнага інструменту, я схаваў свой пасляшкольны неспакой у густыя цянёты язміну і чытаў модны амерыканскі раман. Дайшоўшы да фразы: «...бутэлька віна ўжо сама па сабе — добрая кампанія», — я з палёгкай уздыхнуў. Чаму б і мне, падумалася, не жыць з такім простым разуменнем усяго? Чаму б не радавацца звычайнаму, таму,што ёсць?

Мне было семнаццаць год, і нада мною, як скінія, уздымаўся ласкавы язмін, па кветках якога ікіпдравала стомленая пчала. Усё гэта, безумоўна ж, выглядала нават больш прывабна, чым згаданая бутэлька віна. I я тады ўпэўніў сябе, што ўбачанага і адчутага ў гэты юны міг дастаткова дзеля таго, каб і ўсё дарослае жыццё пражыць творча. Я тады марыў кожны свой дзень ператварыць у паэзію і зайздросціў паэтам, якія на такое ператварэнне іншы раз аддавалі сіл болей, чым на саму творчасць. I цяпер як найчасцей я ўспамінаю той белы язмін, стомленую пчалу і раманную суцешлівую фразу і дзён, не занятых паэзіяй, у мяне становіцца ўсё менш і менш.

вернуться

3

Жэтэмнай (ад фр. Je t’aime) — я цябе кахаю.