Дзягілеўская рабыня падышла да люстэрка, манікенна пастукваючы аб паркет настуркавымі басаножкамі А.
Яна моўчкі сустрэла мяне на Пон дэ Ар і моўчкі развіталася, калі мы выйшлі на вуліцу Сены.
Мая першая парыжская прыгажуня вярталася ў сваё жыццё, пакідаючы мне маё. Нічога незабыўнага ў нашым развітанні не было. Развітанне струны з ветрам.
З нейкую хвіліну я стаяў каля аркатурнага дома, няўцямна гледзячы на двух негрыцянскіх падлеткаў, што металічнымі кійкамі старанна прадзіралі на сцяне белую тынкоўку. На маіх вачах нараджаўся незразумелы ўзор — нейкае рытмічнае афрыканскае сграфіта. Нешта прыгожа-заблытанае, падобнае на імгненны ўзор нядаўняга спаткання. Сыпаўся белы мучністы пыл, і чорныя рукі падлеткаў былі белыя, як у хлебапёкаў. Але з'явіўся паліцэйскі, і юныя манументалісты кінуліся наўцёкі, падараваўшы мне свой натхнёны твор...
Паліцэйскі нібыта нічога й не заўважыў. Ен хутка знік у тым накірунку, у якім пайшла ад мяне дзягілеўская рабыня.
Дык што ж адбылося?
Я здрадзіў А. ці выпадкова адпомсціў прагматычнаму скульптару, ягонай формуле: «Апрача мармуру, гіпсу і старога абутку скульптурныя партрэты можна яшчэ рабіць з непрачытаных паэтычных кніг»? Формула даволі непачцівая, але ведаючы, што непачцівасць— класічная французская рыса, трэба ж было неяк унікнуць нават выпадковай помсты. Але як гэта н е я к? Калі сапраўды ўсё адбылося выпадкова.
Зрэшты, помсціў не я, помсціла дзягілеўская рабыня. I помсту гэтую, здраду няўважліваму мужу, ва ўсе часы апраўдвала паэзія...
Прамінуўшы музей Дэлакруа, я падышоў да Апалінэравага скверыка, адчуваючы, як зноў да мяне вяртаецца задушлівае шкадаванне.
З бульвара Сен-Жэрмен далятала ўсё тая ж ідылічная мелодыя катрынкі. На высокім царкоўным даху, як жывыя цацкі, марудна паварушваліся рабочыя. Набелены мім (яго закрывала ад мяне высокая агароджа), мусіць жа, па-ранейшаму стаяў на сваёй зялёнай шырокай сметніцы, механічна паводзячы рукамі. Паўз мяне заспакоена праходзілі яго магчымыя гледачы, а ў скверыку на лаўцы, на якой колькі дзён таму бесклапотна заснуў гаспадар апельсінавай сумкі, сядзеў знябыты луўрскі голуб.
Я крануў металічныя весніцы, увайшоў у скверык, і вецер падбіў да маіх ног пагнуты лаўровы лісток...
Помніка не было — ні бронзавай галавы, ні мармуровага пастамента! Адно чарнела свежая глыбокая яма, у якую, выцягваючы ўскалмачаную шыю, спрабаваў зазірнуць луўрскі голуб.
Сумнае назіранне Леаніда Галубовіча: «Калі паэт нараджаецца ў час дэтэктыўнай прозы, то чытачы яго, пэўна, народзяцца ў турмах» — эпіграфічна стасавалася да гэтага розруху, да знябытага луўрскага вандроўніка і да ўсяго таго, што чакае наперадзе паэзію і помнікі паэтам. Глыбокая яма і скрозь патрэсканы дол сведчылі пра гвалтоўную дзею, якая адбылася толькі што. I дарма было спадзявацца на суцешлівыя пытанні — скульптуру знялі на рэстаўрацыю? ці проста некуды перанеслі?..
З пакалечанай зямлі я падняў бронзавы лісток — малаістотны фрагмент, па якім ужо не адновіш цэлае. I ўсё ж менавіта ён, гэты кавалачак бронзы, усёй сваёй калючай вагою прымусіў мяне паглядзець туды, куды яшчэ зусім нядаўна глядзелі опіумныя вочы паэта — на бліжэйшы дом, на халодна-сінюю шыльдачку з белымі літарамі: вуліца Апалінэра.
Мяне чакала новае адкрыццё.
Я столькі разоў праходзіў побач і не заўважыў яе, вуліцу паэта — манументальную мініяцюру з адным, здаецца, домам!
Я ведаў, што такая вуліца ёсць у Парыжы і што неаднойчы сваёй мікраскапічнасцю яна засмучала самых розных літаратараў. Найперш вучняў Апалінэра. I вось тая хвіліна, калі яна засмуціла й мяне.
Я прайшоў гэту вулічку з канца ў канец, налічыўшы трыццаць восем крокаў. Такая, калі не памыліўся, яе даўжыня. Усяго трыццаць восем крокаў, нібыта трыццаць восем гадоў, пражытых паэтам.
Упэўнены, што гэта новы сон і што яго ніхто не растлумачыць, акрамя хіба што празарлівіцы Мод Крыстэн, — крыху супакоены, я вярнуўся да ямы і ўбачыў Непрыкаянага Паляка. Каля самай ямы ён расклаў невялічкае вогнішча, на трыножніку прыладзіў казан і платанавай галінкай памешваў у ім нейкае пячорнае варыва. Ягоныя музейныя батфорты былі ў попеле, ад ружы засталася адна калючая сцябліна, ад шпагі — пагнуты эфес, а шаўковы матузок на шыі сатлеў. Серабрыстае львяня нарэшце здабыло волю...
— Заўтра ўжо не будзе дзе паесці. Знікнуць усе кафэ і рэстараны. Таму трэба рыхтавацца. А я, няхай пан малады ведае, неблагі кулінар. Маю дыплом «Фонду Агюста Эскаф'е», — сказаў замаркочаны стары, сыплючы ў казан крупы.