Не выпадковае, вядома, і размяшчэнне Геранёнскага мураванага касцёла, узведзенага ў 1529 г. Абнесены мураванай сцяной, ён непасрэдна прымыкаў да абарончага рова перад брамай і, такім чынам, з'яўляўся дадатковай перашкодай на шляху да замка.
З поўным правам можна сказаць, што Геранёнскі замак — яркі ўзор замкавага будаўніцтва ў Беларусі на рубяжы XV-XVІ стст. Хоць тут і ёсць асобныя элементы эўрапейскай фартыфікацыі, усё ж больш ярка і выразна вылучаюцца мясцовыя ваенна-будаўнічыя традыцыі. Аб гэтым сведчаць і будаўнічыя матэрыялы, і прынцып узвядзення валаў, і мураваны замак з чатырма вежамі, размешчаны на штучнай выспе, што было найбольш характэрна для беларускага ваеннага і царкоўна-цытадэльнага дойлідства тых часоў. Замак стаў як бы звязваючым звяном паміж старымі мясцовымі прыёмамі фартыфікацыі і бастыённай сістэмай умацаванняў, якая неўзабаве набыла шырокае распаўсюджанне.
Паселішча Любча (Любч, Любеч), цяпер гарадскі пасёлак Гарадзенскай вобласці, вядома з ХІІІ ст., калі яно было аддадзена наваградскім князем Міндоўгам кіеўскаму баярыну Андрэю Васілевічу Кіяну, які знайшоў прыстанішча ў Наваградку ад татарскага нашэсця. Пры Гедзіміне Любча ўжо была велікакняжацкім валоданнем. У 1499 г. вялікі князь Аляксандар дараваў «двор Любча» падскарбію Хведару Храптовічу. Верагодна, тады паселішча ўжо мела статус «мястэчка». Ва ўсякім выпадку ў шэрагу дакументаў 1517–1528 гг. яно называецца так. Некаторыя даследнікі лічаць, што ў канцы XV ст. Любча была «местом». У 1528 г. яго набыў віленскі ваявода Гаштольд, у 1547 г. — Ян Кішка, які заснаваў тут друкарню. Верагодна, ў 1581 г. было ім распачата будаўніцтва каменнага замка. Менавіта такая дата выразана на сцяжку старажытнага флюгера — «ветраніка», які знайшлі мясцовыя краязнаўцы. Герб Кішкі прысутнічае на ім. Ужо ў 1588 г. быў складзены першы інвентар Любчы і Любчанскага замка. Вядома, што ў 1590 г. Любча атрымала магдэбургскае права, мела свой герб у выглядзе срэбнай падковы з трыма залатымі крыжамі і дзвюма срэбнымі рыбамі — ласосямі ў блакітным полі. Згодна з гістарычнымі крыніцамі XVІІ ст., быў і іншы герб Любчы — выява двух вежаў на сцяне.
У XVІІ ст. яна належала Радзівілам. Любчанскі замак узнік на краі мястэчка, на ўчастку высокага левага берага Нёмана памерамі, блізкімі да квадрата, — 85 х 85 м. З трох бакоў замчышча абкружаў абарончы роў шырынёй да 30 м і глыбінёй 7–8 м (з захаду і поўдня) і да 10 м з усходу, з чацвёртага боку замак прыкрываўся Нёманам.
З паўднёвага захаду і паўднёвага ўсходу замчышча захаваліся дзве магутныя мураваныя вежы. Першая была варотнаю. Яна мела выгляд магутнага куба, які на вышыні каля 8 м пераходзіць у васьмікантовую прызму. Аснова вежы — квадрат памерам 9,8 х 9,8 м. Вежа мела чатыры ярусы бою. На першым і трэцім ярусах было па восем байніц для стрэльбаў, на другім — 12. Пад страхою вежы ў кожнай з васьмі сцен знаходзілася па дзве мушкетныя байніцы. Па сваёй аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі гэтая вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага, Наваградскага і Віцебскага замкаў. Змешаная готыка-рэнесансная муроўка дазваляе надзейна датаваць вежу другой паловай XVІ ст. Знаходка ж старажытнага флюгера вежы дае цяпер канкрэтную дату — 1581 г.
Падмурак вежы з вялікіх валуноў і бітай цэглы на вапне запушчаны ў дол на 3 м. Знутры памяшкання знаходзілася вязніца. Першапачаткова гэтая вежа, відаць, была адзінай каменнай вежай у драўляным замку. Згодна інвентару ад 2 ліпеня 1601 г., варотная вежа Любчанскага замка мела наверсе «светлицу» і сховішча для «стрельбы», «баню», пакрытую «железом белым», а таксама «звон на зегар завешаны». Злева ад вежы стаяла кухня, зруб з чэсанага дрэва і далей, над Нёманам, другая «башта троха недамурованая». Вокны ў ёй былі закрачаныя, месцамі ўжо выламаныя, дзверы таксама пазніманыя. На ўсім памяшканні адбітак запусцення, выкліканага спыненнем будаўнічых работ. З апісання відаць, што вежу вывелі толькі на вышыню двух паверхаў. Была яна васьмівугольнай.
Далей, па краю замкавага ўзвышша, стаялі розныя жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы: вялікі дом на склепе высокім мураваным, клець, другі склеп меншага памеру, хата сталовая з некалькімі каморамі і святліцамі, дзе меліся кафляныя печы, «каморка патрэбная», туалет, падклет з чатырма вярхамі, піўніца. На чацвёртай дзялянцы знаходзілася вуглавая паўднёва-ўсходняя каменная вежа. У аснове вежы закладзены квадрат 8,9 х 8,9 м. Яна была трох'яруснай. На першым паверсе мелася чатыры байніцы для стрэльбаў, на другім — чатыры гарматныя, на трэцім — 12 байніц для стрэльбаў. Цокальны паверх вежы ў 1601 г. займала піўніца з драўлянымі дзвярыма на завесах і жалезнай кратай. Паверх, які знаходзіўся вышэй, тады выконваў ролю склепа. Ён закрываўся абабітымі жалезам дзвярыма. Вокны былі закрытыя жалезнымі кратамі. На ўчастку ад гэтай вежы і да ўязной брамы стаяў «дом на падклеце», тры «гмахі» і «дварэц», дзе жылі ўраднікі, а побач — замкавы бровар. Згодна інвентароў і графічных матэрыялаў XVІ ст., у Любчанскім замку было чатыры вежы, кожную з якіх упрыгожвалі флюгеры з гербамі Радзівілаў.