Выбрать главу

Мястэчка Любча таксама было абаронена парканам, мела ўязныя вароты «прускага муру», г. зн. фахверкавай канструкцыі з дрэва і цэглы, якія стаялі ля ўезду з боку Наваградка і Сенніцы.

У 1655 г. Любчу ўзялі казакі І.Залатарэнкі, яна моцна пацярпела. Па апісаннях замка за 1813 г., у ім мелася толькі дзве вежы. Замак злучаўся двума мастамі з мястэчкам і замкавым фальваркам, размешчаным на ўсход ад замка.

Ляхавічы

Шмат выпрабаванняў у XVІ-XVІІІ стст. выпала на долю Ляхавіцкага замка. Ляхавічы, вядомыя з XV ст., доўгі час мелі драўляныя абарончыя збудаванні. Замак спачатку адносіўся да дзяржаўных уладанняў. У 1572 г. Ляхавічы, паводле дзённіка Ф.Еўлашэўскага, перайшлі да буйнога магната Яна Хадкевіча, які ў 1605 г. разбіў шведаў пад Кірхгольмам і ў 1621 г. — турак пад Хоцінам. Відаць, пры ім і пабудавалі магутны бастыённы замак, які лічыўся сама моцным з падобных збудаванняў не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Толькі зімою 1595/96 г. яго чатыры разы беспаспяхова штурмавалі казацкія загоны Налівайкі і Шаўлы. Затым замак яшчэ чатыры разы вытрымліваў аблогі.

З 1621 г. гаспадаром замка стаў гетман Вялікага Княства Літоўскага Павел Сапега.

На гравюры невядомага мастака, які паказаў Ляхавіцкі замак у час адной з асад у 1660 г., добра бачны яго размяшчэнне і планіровачныя асаблівасці. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка з чатырма вялікімі бастыёнамі развітай канфігурацыі і брустверамі, у якіх былі байніцы для гармат і стралкоў. Ён знаходзіўся на левым беразе р. Ведзьмы, на высокім пагорку. Дзякуючы сістэме равоў і рацэ, вада ў якіх падымалася спецыяльнай плацінай, замак фактычна быў астраўным.

Паводле гістарычных звестак, земляныя ўмацаванні замка былі абмураваны каменем і цэглай.

На гравюры відаць, што траплялі ўнутр замка па разводным мосце, перакінутым цераз вадзяны роў, і затым праз мураваную абарончую браму, на версе якой знаходзілася гадзіннікавая вежа. У глыбіні двара, насупраць брамы, стаяў двухпавярховы каменны палац, пабудаваны ў форме літары П. Злева і справа ад брамы, уздоўж курцін, размяшчаліся розныя гаспадарчыя службы.

Па гравюры цяжка вызначыць, з чаго былі зроблены брустверы на бастыёнах і курцінах. Толькі на бастыёнах, звернутых у бок горада, выразна відаць байнічныя праёмы бруствераў, разлічаныя на стральбу з гармат, што дае падставы лічыць, што яны былі мураванымі. Але маглі быць і драўлянымі. Гэта не пярэчыць фактам, вядомым з гісторыі. Дрэва-земляныя ўмацаванні ў XVІІ і XVІІІ стст. былі шырока распаўсюджаны на польскіх і беларускіх землях. Прычым ролю бруствераў часта выконвалі парканы.

Ляхавіцкі замак за час свайго існавання неаднаразова трапляў у аблогу. Ужо ў самым пачатку вайны 1654–1667 гг., у 1654 г., атрады маскоўскіх войскаў «…заходили к городу Ляховичам, и посады и слободы около Ляхович пожгли, которых литовских людей застали в посаде и слободах, тех побили и языков поимали». Аднак да аблогі магутнага замка войска не прыступіла. Думаецца, галоўная прычына ў тым, што тады ў Ляхавіцкай фартэцыі быў значны гарнізон, які меў добрае ўзбраенне, у тым ліку нямала гармат. З інвентара замка за 1658 г. вынікае, што на бастыёнах стаяла 30 гармат. На «бульверку ад саду» размяшчалася 8 гармат розных калібраў — ад 1,5 да 24 фунтаў. Прычым кожная з іх мела сваю назву: Пярун, Малпа, Кіт, Сокал, Воўк, Спявак і інш. На «бульверку Водным» мелася таксама 8 гармат калібрам ад 1 да 24 фунтаў; на «бульверку пры кавальеры Рынковым» — 9 гармат; на апошнім бастыёне, які лепш за іншыя быў абаронен прыродаю, стаяла толькі 5 гармат — Пелікан, Пішчык, Бурнікель, Шведскае, Маленькае. Нямала было ручной вогнестрэльнай зброі — гакаўніц, шмыгаўніц, мушкетаў, «янычарак» і інш., а таксама значных запасаў ваеннага рыштунку.

У пачатку 1660 г. войскі князя А.І.Хаванскага пачалі асаду замка, якая зацягнулася на шэсць месяцаў. У канцы чэрвеня 1660 г. на дапамогу гарнізону падышлі войскі гетмана П. Сапегі і ваяводы С. Чарнецкага, якія разбілі асаджаўшых і захапілі вялізны абоз з ваенным рыштункам. Пасля гэтага Ляхавічы, вызваленыя на 9 гадоў ад усіх падаткаў спецыяльнай пастановай сойма 1661 г., аж да пачатку XVІІІ ст. не ведалі войнаў. Тым не менш сойм Рэчы Паспалітай дазволіў Сапегу за кошт дзяржавы трымаць гарнізон у 200 чалавек. Частку гармат, 19 штук, перавезлі ў 1703 г. у Слуцкі замак. Толькі ў 1706 г. у Ляхавічах зноў загрымелі гарматы: войскі Пятра І, што заселі ў замку, адбівалі шалёныя штурмы войск шведскіх генералаў Траўтфэтэра і Крэйца. У 1709 г. расейскія войскі аблажылі Ляхавіцкі замак, дзе сядзеў гетман Мазепа. У 1775 г. сойм Рэчы Паспалітай адабраў замак у віленскага біскупа І.Масальскага і вярнуў дзяржаве па прычыне яго вялікага значэння для абароны. Апынуўшыся ў складзе Расейскай імперыі, Ляхавіцкі замак страціў сваё ранейшае стратэгічнае значэнне. У першай палове ХІХ ст. яго прадалі гандлярам, якія разабралі абмуроўку замка і мураваныя пабудовы. Цяпер ад яго захаваліся толькі сляды былых валаў ды заплыўшыя равы, якія дасягаюць 15 м шырыні.