Выбрать главу

Планава-кампазіцыйны і структурны аналіз Ляхавіцкага замка дазваляе нам сцвярджаць, што гэта помнік новаітальянскай сістэмы ўмацаванняў.

Несумненна, узвядзенне ў Заслаўі, Нясвіжы і Ляхавічах замкаў з умацаваннямі новага тыпу было заўважана і ацэнена іншымі беларускімі магнатамі, якія па сваіх багаццях не ўступалі Глябовічам, Хадкевічам і Радзівілам. Аднак перш чым іншыя феадалы пачалі будаўніцтва новых замкаў, у эўрапейскай ваеннай фартыфікацыі адбыліся значныя змены, у выніку чаго карэнным чынам змянілася структура бастыённых умацаванняў. Бясспрэчныя перавагі галандскай сістэмы ўмацаванняў, у першую чаргу высокая таннасць і скарачэнне тэрміну пабудовы, здабылі ёй паўсюдны аўтарытэт. У Нідэрланды начынаюць спецыяльна ездзіць вучыцца з многіх краін Эўропы, у тым ліку і з Беларусі. Напрыклад, Януш Радзівіл вучыўся ў вядомага матэматыка і фартыфікатара Адама Фрэйтага і нават прымаў удзел у асадзе горада Геды. Галандскіх архітэктараў сталі запрашаць да сябе. Вядома, што ў канцы XVІ — пачатку XVІІ ст. у Беларусі і Летуве працавалі галандцы Ван Лаер, Нонхард, Голанд, Валон, Дандзен і інш.

У пачатку XVІІ ст. у Беларусі з'явіліся прыватнаўласніцкія замкі, пабудаваныя на прынцыпах старагаландскай фартыфікацыйнай сістэмы. Сярод іх трэба адзначыць замкі Жаберскі князя Чартарыйскага, Новы замак у Слуцку і інш.

Смаляны

Замак знаходзіцца ў Аршанскім раёне ля в. Смаляны і займае нізкі забалочаны ўчастак на левым беразе р. Адроўкі.

Замак быў пабудаваны ў другім дзесяцігоддзі XVІІ ст. паводле загаду князя Сямёна Сангушкі.

Традыцыі мясцовага дойлідства паўплывалі і на выбар будаўнічага матэрыялу, на планава-кампазіцыйнае размяшчэнне будынкаў замка, арыентаваных на розныя бакі. Гэта заўседы і раўнамерна давала святло ўсім пакоям і залам.

Замак быў звычайным для зямель Беларусі прамавугольным у плане збудаваннем. Архітэктурныя аб'ёмы яго, абгароджаныя вонкавай замкавай сцяной, выходзілі ва ўнутраны двор. Унутраныя карпусы Смалянскага замка былі трохпавярховыя. Папярочныя перагародкі падзялялі іх на асобныя памяшканні з вялікімі аконнымі праёмамі, што выразна выяўляе велікасвецкі характар будынка.

Руіны замка сведчаць, што ён меў увогуле традыцыйную на тыя часы арачную браму-ўезд вежападобнай формы, па вышыні роўную жылым карпусам замка.

На кожным рагу комплексу стаялі нарожныя вежы, якія тады выконвалі ўжо ролю звычайных жылых памяшканняў, пра што сведчаць вялікія вокны.

Высотнай дамінантай Смалянскага замка была пяціпавярховая вежа, што стаяла блізка ля ўваходнай брамы. Пяцівугольная ў плане, яна, як, верагодна, і ўсе вежы замка, вызначалася вытанчаным рэльефным дэкорам, які мякка кантраставаў з гладкімі паверхнямі сцен. Арнамент аконных праёмаў і плоская ордэрная размацоўка вежаў сведчаць пра стылістычную сувязь з заходнеэўрапейскай архітэктурай. Асабліва прыгожа выглядае рамка-картуш усходняй грані пяціпавярховай вежы.

У матывах складанага рэнесанснага абрамлення даследнікі прасочваюць галандскія ўплывы.

У сярэдзіне вежы была вінтавая лесвіца. Унутранае афармленне замка з прычыны яго каласальнага разбурэння ўявіць цяжка. Вядома, праўда, што на схіле жыцця гаспадар замка князь С. А. Сангушка загадаў распісаць пакоі карцінамі на рэлігійныя сюжэты, пераважна на тэмы смерці і забыцця.

Знешне ж замак меў рысы светлага, прыгожага палацавага збудавання, абкружанага вадою і мяккай зелянінай мурожных паплавоў.