Выбрать главу

Палац быў вядомы сваёй багацейшай археалагічнай калекцыяй, размешчанай у двух вялізных залах. Паміж імі знаходзілася круглая ці авальная зала. У палацы мелася бібліятэка ў 10 000 тамоў, збор медалёў і манет (1140 экспанатаў), ваенныя рэліквіі. У галерэі жывапісу былі прадстаўлены карціны мастакоў Шымана Чаховіча, Францішка Смуглевіча, Яна Дамеля, Яна Рустэма і Аляксандра Арлоўскага. Збор замежных мастакоў уключаў творы 47 карцін Каналета, Дамініка Земпера, Ваўвермана, Саламена, І.Калота, а таксама шэраг фамільных партрэтаў.

Палац стаяў на невялікім узвышшы сярод пейзажнага парка плошчай 6,2 га, выцягнутага ўздоўж правага берага ракі Гайны. Праз парк працякаў невялікі ручай з мураваным арачным мастом. Перад ім пры ўездзе стаяў невялікі домік-вартоўня. Двор упрыгожваў газон, абкружаны стрыжаным самшытам. Дзякуючы высечанай сярод гушчару дрэў шырокай просецы, праглядвалася дальняя частка парка. Яшчэ больш цудоўны краявід адкрываўся з тыльнай тэрасы палаца. Адсюль віднеліся рака, сажалка і далей зарэчны гай. Над сажалкай стаяла зяленая альтанка ў выглядзе высаджаных па кругу ліп. У дэндраскладзе панавалі ліпа звычайная і буйналістная, клён, ясень пенсільванскі. Палац перажыў першую, але загінуў у час другой сусветнай вайны. Захаваліся толькі фрагменты парку, замшэлыя падмуркі і рэшткі сцен галоўнага фасада палаца.

Малашчытненская сядзіба

Вёска Малыя Шчытнікі, што за 17 км на поўнач ад Берасця, вядома помнікам барочнай архітэктуры — касцёлам Сэрца Ісуса XVII ст. (з 1864 г. Пакроўская царква). Насупраць яго захаваўся падмурак і частка сцен шырокага мураванага сядзібнага дома. Аб старой сядзібе нагадваюць фрагменты парка і алеяў. Галоўная ўязная алея пераходзіла ў партэр перад домам. Насупраць дома ўзвышаецца касцёл. Стайня і іншыя гаспадарчыя будынкі з бутавай муроўкі стаялі адасоблена на адкрытай мясцовасці на захад ад панскага дома. З гэтага ж боку знаходзіўся вялізны пладовы сад. Асноўны паркавы масіў пейзажнай планіровачнай арганізацыі цягнуўся паўкругам за домам з цэнтральным адкрытым газонам і спускаўся да размешчанай ніжэй сажалкі.

Рэшткі сядзібнага дома, разбуранага, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, у 1961 г., дазваляюць уявіць яго архітэктуру і планіроўку. Будаўніцтва, верагодна, адносіцца да пачатку XX ст. (1905?), аб чым сведчыць неакласіцыстычны характар яго архітэктуры. Гэты двухпавярховы простакутны ў плане будынак з балконамі на бакавых рызалітах меў працяглы франтальны фасад. Асіметрычны ўваходны партал фланкіравалі паўкалоны. Па баках галоўнага фасада вылучаліся аднолькавыя рызаліты, а з тылу дома — шэраг простакутных у сячэнні слупоў. Цокаль будынка выкладзены з блокаў вапняку, сцены — з атынкаванай цэглы. Анфіладна размешчаныя пакоі дома «разбягаліся» па баках цэнтральнага вестыбюля і параднай залы. Пад будынкам захаваліся скляпеністыя падвалы гаспадарчага прызначэння з самастойным знешнім уваходам.

Манькавіцкая сядзіба

На мяжы XIX–XX стст., у перыяд архітэктурнай эклектыкі, рамантычная трактоўка сядзібы пад сярэдневякоўе ў шэрагу выпадкаў была звязана з глорыфікацыяй старажытнага роду вяльможы. Таму не мог не з'явіцца крыніцай натхнення і прадметам пераймання буйнейшы замак Радзівілаў у Нясвіжы. Нашчадкі Радзівілаў узвялі пад Столінам у маёнтку Манькавічы буйнамаштабную палацава-паркавую рэзідэнцыю «ў стылі Нясвіжскага замка». Гэту будаўнічую ідэю ажыццявіў у 1905 г. берлінскі дойлід Венцаль. Пасля разбурэнняў першай сусветнай вайны палац быў адноўлены ў 1922 г. архітэктарам Нагурскім. Аднак ліхалецце Другой сусветнай вайны знішчыла палац, толькі яго паркавае асяроддзе служыць сёння месцам адпачынку.

У архітэктуры будынка прасочваецца імкненне ўладароў Радзівілаў сцвердзіць сваё старажытнае паходжанне, рэпрэзентаваць яго сродкамі архітэктуры. У будынку без цяжкасцей угадваюцца формы і стыль Нясвіжскага замка. Асацыяцыі са старажытным магнацкім замкам выклікалі такія ж па форме высокая гранёная вежа-дамінанта з фігурным барочным купалам, парадная ўваходная арка, пластычныя мансардныя дахі пабудаваных «глаголем» карпусоў. Характэрная для мастацкай эпохі інтэрпрэтацыя інтэр'ера на модны «англійскі густ» (гатычны). Сярэдневяковую суровасць апартаментаў падкрэслівалі шматлікія паляўнічыя трафеі, якія ператваралі кабінеты ў своеасаблівую музейную экспазіцыю. Палац быў абкружаны пейзажным паркам, закладзеным у 1885 г. і аснашчаны фантанамі, землянымі валамі, фігуркамі сфінксаў і металічнай каванай уязной брамай. Манькавіцкі парк, як і архітэктура палаца, таксама меў стылёвае адзінства з нясвіжскай княжацкай рэзідэнцыяй. Аднак у адрозненне ад яе замка, упісанага ў штучна створанае ландшафтнае асяроддзе, Манькавіцкі палац надзвычай таленавіта спалучаецца з цудоўным прыродным ландшафтам, эпічным краявідам, які раскрываецца з высокага левага берага ракі Гарыні на зарэчныя бясконцыя пойменныя лугі.