Выбрать главу
Слуцак

Да канца XVІІІ ст. умацаванні Слуцка лічыліся найлепшымі ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім.

Слуцак узнік у ХІ ст. Ён раскінуўся па абодва берагі р. Случ. У хуткім часе ён ператварыўся ў паселішча з магутнай сістэмай гарадской абароны. Ужо ў 1409 г. упамінаецца Верхні замак з драўлянымі сценамі і вежамі. Ён размяшчаўся ля сутокаў ручая Бычок і Случы. Абарончы роў з вадою аддзяляў умацаваны дзядзінец — Верхні замак ад Ніжняга замка і гарадскога пасада, які хутка разрастаўся пад сценамі цытадэлі. У 1444 г. Слуцку было дадзена магдэбургскае права, што спрыяла яго хуткаму эканамічнаму развіццю.

Гісторыя сярэдневяковага Слуцка значна адрозніваецца ад гісторыі другіх уладальніцкіх гарадоў Беларусі. Пасля ажыццяўлення ў пачатку XVІ ст. цэнтралізатарскай палітыкі вялікіх князёў і ліквідацыі ў дзяржаве ўдзельнай сістэмы ён да 1791 г. заставаўся цэнтрам адзінага ў Вялікім Княстве Літоўскім удзельнага Слуцкага княства. З 1395 па 1612 г. ім валодалі князі Алелькавічы, затым яно перайшло да Радзівілаў. Ужо ў 1442 г. Слуцак апынуўся ў паласе дзеянняў мяцежнага князя Свідрыгайлы.

На пачатку XVІ ст. горад неаднаразова станавіўся аб'ектам нападаў крымскіх татараў. Летам 1502 г. слуцкае апалчэнне двойчы адбівала іх напады, спачатку разбіўшы адзін з татарскіх загонаў на р. Вушы, за Бабруйскам, затым у жніўні вытрымала аблогу іх шасцітысячнага войска. У 1503 г. татарскі трохтысячны атрад быў адкінуты ад Слуцка за Прыпяць і разбіты каля Давыд-Гарадка. У сярэдзіне жніўня 1505 г. войска крымскага царэвіча Біці-Гірэя зноў апынулася пад сценамі горада. Яго жыхары, атрымаўшы звесткі пра паход татараў, добра падрыхтаваліся да абароны. Яны адбілі некалькі штурмаў. Татары рабілі падкопы, спрабавалі ўзарваць умацаванні і падпаліць горад, але жыхары мужна абараняліся. Як адзначалася ў Іпацьеўскім летапісу, «и хотяху Татаре взяти Слуцак и не могоша, биша бо их из града крепко».

У 1506 г. перакопскія царэвічы Біці-Гірэй і Бурнаш зноў з дваццацітысячным войскам аблажылі горад, абарону якога ўзначаліла ўдовая княгіня Анастасія. Татары не раз хадзілі на штурм, «подметы чынечи и огонь подкладаючи», аднак вымушаны былі адступіць, панёсшы вялікія страты. Затым іх разграмілі пад Клецкам.

У 1508 г. непадалёку ад Слуцка адзін з загонаў татараў зноў быў разбіты. У апошні раз набег крымскіх татараў зафіксаваны ў 1521 г. Акрамя таго, двойчы горад без поспеху брала ў аблогу войска мяцежнага М. Глінскага.

Да канца XVІ ст. Слуцак ператварыўся ў вялікі горад з развітымі рамяством і гандлем. Ён меў надзейную сістэму абароны. Магутныя ўмацаванні меліся ў старажытнай частцы горада, так званым Старым Слуцку, дзе размяшчаўся Верхні (Горны) і Ніжні (Дольны) замкі з іх фартыфікацыйнымі комплексамі. Кварталы старога горада таксама былі абнесены магутным земляным валам з бастыёнамі якія з'явіліся тут у апошняй чвэрці XVІ ст.

Другая частка горада ляжала на левым беразе р. Случы і ўжо ў XVІ ст. называлася Новым Слуцкам, ці Новым месцам. Яна таксама мела лінію бастыённых умацаванняў з абарончым ровам, у якую ўключаўся Новы замак, збудаваны яшчэ ў часы князёў Алелькавічаў. Кальцо ўмацаванняў вакол Старога і Новага Слуцка перарывалася толькі водамі р. Случы, якія запаўнялі роў перад земляным валам.

Па-за ўмацаваннямі знаходзіліся два неўмацаваныя прадмесці — з паўночнага ўсходу Востраў і з поўдня — Трайчаны, якія сфармаваліся каля Траецкага манастыра.

Маскоўскі дзяк Трыфан Карабеннікаў, які ў 1593 г. праязджаў праз Слуцак, зафіксаваў тут «около городка острог на городовое дело… а града в воротах и у острогу, — заўважыў назіральны падарожнік, — стоят воротники и стрельцы ружьямн (ручницами), а в острог иноземца не сказав, не пустят».

У горадзе мелася значная колькасць агнястрэльнай зброі. Большая яго частка ў 1595 г. трапіла да казакоў атрада Севярына Налівайкі, які захапіў горад восенню і вывез адсюль з сабою 12 лепшых гармат, 80 гакаўніц, 700 рушніц. Акрамя таго, С. Налівайка загадаў сабраць для яго 5000 коп грошаў літоўскіх, г. зн. каля 384 кг срэбра.

З 1612 г. Слуцак перайшоў ва ўласнасць Радзівілаў, якія валодалі ім з невялікім перапынкам (1695–1744 гг.) да пачатку ХІХ ст. У першай палове Слуцак меў комплекс першакласных умацаванняў. У спалучэнні з узброенымі фармаваннямі гараджан і моцным гарнізонам з абучаных наёмнікаў (венграў, немцаў, палякаў і шведаў) і выбранцаў (салдат-пехацінцаў, набраных з сялян, «вольных людзей», дробнай шляхты, якія атрымалі за сваю службу зямлю) ён набыў сабе славу «непрыступнага бастыёна».

Інвентарныя апісанні Слуцка XVІІ-XVІІІ стст. дазваляюць уявіць і апісаць структуру гарадскіх умацаванняў таго часу. Сярэдневяковы Горны, альбо Верхні, замак займаў круглае ў плане ўзвышэнне — «капец» плошчаю каля 1,5 га. Ён быў абкружаны і абараняўся водамі р. Случы і ручая Бычок, якія напаўнялі вадзяны абарончы роў. Траплялі на тэрыторыю замка па мосце праз высокую чатырох'ярусную браму, на якой знаходзіліся гарматы. Драўляныя ўмацаванні Верхняга замка — сцены і вежы — стаялі на магутным земляным вале. Яны ўзвышаліся не толькі над горадам, але і над усёй ваколіцай, што дазваляла паспяхова адбіваць атакі праціўніка. Яшчэ ў 1791 г. у замкавай вежы — браме былі ўстаноўлены тры гарматы.