Дольны (Ніжні) замак аддзяляўся ад Верхняга абарончым ровам з вадою і меў форму няправільнага шматвугольніка, умацаванага валам і драўлянымі абарончымі збудаваннямі. Характэрна, што абодва замкі ніколі не мелі бастыённых збудаванняў, захоўвалі старую структуру і традыцыйныя мясцовыя дрэва-земляныя абарончыя канструкцыі. Дзякуючы грэблям на Случы і Бычку абодва замкі абмываліся вадою і ў комплексе выступалі як сур'ёзныя перашкоды на шляху праціўніка.
Абарончая лінія Старога Слуцка мела від магутнага землянога вала, які дугою ахопліваў старую частку горада з усходу, поўначы і захаду і ўпіраўся сваімі канцамі ў Случ. Тут мелася 12 бастыёнаў рознай канфігурацыі і памераў. Перад земляным насыпам знаходзіўся вадзяны роў. Трапіць у Слуцак можна было праз тры брамы, «вымурованные в валу», — Астроўскую, Ільінскую (пазней Віленскую) і Капыльскую. Дакументы дазваляюць устанавіць, што гарадскі вал дасягаў у аснаванні шырыні не менш за 26,6 м, вышыні — прыкладна 8 м. Брамы Капыльская, Ільінская былі аднолькавых памераў у аснаванні — 25,6 х 36,6 м. Астроўская брама ў два разы меншая — 9,15 х 15,25 м. Доступ у вароты ішоў па пад'ёмных мастах, якія былі перакінуты праз вадзяны роў. На іх можна было трапіць праз дадатковыя прадмостныя ўмацаванні.
Цэнтрам абароны левабярэжнага Слуцка — Новага месца з канца XVІ ст. лічыўся Новы замак. У плане ён меў форму квадрата з чатырма бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы. Наяўнасць такіх вежаў, не характэрная для заходнеэўрапейскай бастыённай фартыфікацыі, з'яўляецца, мяркуючы па ўсяму, асаблівасцю мясцовага ваеннага дойлідства. Новы замак абкружаў шырокі вадзяны роў, злучаны з р. Случчу патаемным шлюзам. У цытадэль было даволі складана прайсці: трэба было пераадолець мост і ўваходную браму, якія размяшчаліся перад галоўным уваходам у Новы замак. Затым па мосце праз вадзяны роў траплялі ў замкавую браму. Яна размяшчалася ў тоўшчы вала, была двухпавярховай і мела вароты з двума палотнішчамі, збітымі з дубовых дошак.
Кварталы Новага месца абкружалі ярападобныя па канфігурацыі вал і роў, якія сваімі канцамі сыходзілі да Случы. Тут мелася сем бастыёнаў і адна ўязная брама Новамейская, зробленая з дрэва. Памеры яе невядомыя. Перад валам знаходзіўся значны вадзяны роў, праз які перакінулі пад'ёмны мост. Па ім траплялі ў браму.
Агульная даўжыня гарадскіх умацаванняў Слуцка дасягала ў канцы XVІІІ ст. тры вярсты трыста сажняў, г. зн. каля 3 км 840 м.
Як і іншыя гарады Беларусі, Слуцак меў значнае мяшчанскае апалчэнне. Яно было сама буйным у параўнанні з іншымі ўладальніцкімі гарадамі і складалася з чатырох палкоў, якія фармаваліся па месцы жыхарства.
Палкі падзяляліся на сотні і дзесяткі. Меўся свой камандны склад у асобах палкоўніка, сотнікаў, падсотнікаў, дзесятнікаў. Усіх іх прызначаў магістрат. Цэхавыя ваенныя арганізацыі слуцкіх рамеснікаў доўгі час уключаліся ў склад соцень, але ў сярэдзіне XVІІІ ст. яны ўжо вылучыліся з соценнай арганізацыі.
Усе апалчэнцы Слуцка абавязаны былі мець розную зброю — халодную і агнястрэльную: ручніцы, мушкеты, пісталеты, шаблі, бердышы, палашы, рагаціны, вілы. Уладальнікі агнястрэльнай зброі стаялі ўперамешку з тымі, у каго яе не было. Апошнія павінны былі ў выпадку трывогі прынесці на вал пяць камянёў памерам з кулак.
Мяшчане Слуцка доўга хадзілі ўзброенымі нават у мірны час. Аднак пасля вайны 1654–1667 гг. была ўведзена забарона насіць зброю ў мірны час, асабліва агнястрэльную. Рэскрыптам 1661 г. князь Багуслаў Радзівіл прапанаваў захоўваць мушкеты, амуніцыю і баявыя прыпасы ў спецыяльным гарадскім цэйхгаўзе. Пры гэтым гарантавалася, што зброя мяшчан не будзе выкарыстана на патрэбы гарнізона замка. Статуты рамесных цэхаў таксама забаранялі прыходзіць са зброяй на цэхавыя сходкі. Гэта запісаў у 1661 г. статут слуцкага цэха кушняроў, а ў 1664 г. — статуты цэхаў панчошнікаў, рымараў, сядзельнікаў, саф'яннікаў, слесараў, кавалёў, ткачоў і інш.
Гарадскім уладам Слуцка Радзівіл прадпісаў рэгулярна праводзіць заняткі па стральбе, ваенныя вучэнні, парады. Для «муштры», ваенных вучэнняў, заняткаў па стральбе адводзіліся асобнае месца і час. Важнай формай захавання ваеннай дысцыпліны ў мірны час з'яўляліся «попісы» членаў гарадскіх апалчэнняў. На плошчы перад Новым замкам мужчынскае насельніцтва павінна было пастроіцца па палках, сотнях і дзесятках абавязкова пры спраўнай зброі і неабходнай амуніцыі. Уладальнік няспраўнай зброі, згодна статуту 1621 г., плаціў штраф у чатыры капы грошаў. «Попісы» ў Слуцку праводзіліся звычайна ў снежні на працягу трох дзён у прысутнасці старосты, каменданта замка і войта. У ваенны час на «попіс» павінны былі з'явіцца не толькі мясцовыя жыхары, але і прыезджыя людзі са сваімі слугамі незалежна ад іх падданства, нацыі і веры.