У складзе гарадскога апалчэння з 1621 г. да сярэдзіны XVІІ ст. меўся атрад кавалерыі, які складаўся з заможных гараджан — купцоў, цэхмістраў і сотнікаў.
Генеральныя «попісы» звычайна завяршаліся стралковымі спаборніцтвамі, якія заахвочвалі ўладальнікі Слуцка. Трое лепшых стралкоў у якасці ўзнагароды на адзін год да чарговага «попіса» вызваляліся ад чынша і ўсіх гарадскіх павіннасцей, акрамя абароннай. Таксама практыкаваліся штомесячныя спаборніцтвы па стральбе для ўсіх жадаючых. Уладальнік горада са сваёй казны выдзяляў тры прэміі: за першае месца — мушкет, за другое — шаблю, за трэцяе — дзіду. З 60-ых гадоў XVІІ ст. па распараджэнню Б. Радзівіла мяшчанам і гарадской моладзі дазвалялася з пачатку лета кожную нядзелю і па святах пасля абеда страляць у цэль. Пераможцы таксама ўзнагароджваліся падарункамі. Крамнікам-гандлярам порахам забаранялася прадаваць яго даражэй чым 2 грошы за фунт для тых, хто набываў яго для трэніровачнай стральбы.
Акрамя гарадскога апалчэння ў Слуцку меліся атрады так званых «гарадскіх выбранцаў». Яны набіраліся добраахвотна з мяшчан, якія неслі пастаянную ваенную службу, але не кідалі сваіх заняткаў рамяством альбо гандлем.
Гарадское апалчэнне Слуцка выступала пад агульным сцягам — харугваю магістрата, аднак свае сцягі і прапарцы меў кожны полк, сотня і, напэўна, дзесятак. Таксама былі трубачы і барабаншчыкі.
Рамесная вытворчасць у горадзе ў XVІІ ст. дасягнула такога ўзроўню, што ў Слуцку выраблялі практычна ўсе віды халоднай і агнястрэльнай зброі. Тут працавала «людвісарня», дзе адлівалі гарматы, мелася парахавая майстэрня. Ва ўсе часы ў горадзе знаходзілася вялікая колькасць зброі. Так, у 1620 г. мелася 26 гармат, 130 гакаўніц, 83 ручніцы, не лічачы 150 ручніц, якія былі раздадзены выбранцам і атраду пяхоты, у 1661 г. — 40 розных гармат калібрам ад 3/4 фунта да 14 фунтаў, больш за 530 стрэльбаў і мушкетаў і 760 адзінак халоднай зброі. У 1746 г. у Слуцку было 66 гармат, у 1760 г. — 29 медных і 25 жалезных гармат, 12 марцір, 100 адзінак ручной агнястрэльнай зброі. Па сведчаннях 1767 г., ужо налічвалася 103 гарматы, у тым ліку шмыгаўніцы, марціры, чатыры дванаццаціствольныя «арганы» і іншая зброя. Нават у 1793 г. яшчэ мелася 28 медных гармат (з іх 9 навальных), 16 гакаўніц навальных, 4000 ядраў і 1430 артылерыйскіх зарадаў, 477 карабінаў і 19 000 набояў да стрэльбаў, многа волава, розная халодная зброя, ваенная амуніцыя.
Слуцак належаў да ліку гарадоў, у якіх дзейнічалі цвёрдыя правілы правядзення ваенна-фартыфікацыйных будаўнічых і рамонтных работ. Для гэтага збіралі спецыяльны грашовы падатак і прыцягвалі ўсё насельніцтва. Работы, як правіла, пачыналіся ў пачатку траўня і працягваліся да позняй восені. Магістрат клапаціўся пра іх падрыхтоўку, папярэдне канцэнтраваў неабходную колькасць грошай, ствараў запас піламатэрыялаў, тачкі, лапаты. Ваенна-будаўнічыя работы ў горадзе ўзначальваў валмайстар. За ходам работ сачыла асобая будаўнічая камісія магістрата з трох чалавек. Практычна гэта быў кампетэнтны орган па архітэктурнаму будаўнічаму нагляду за тым, як прытрымліваліся графіка пры будаўніцтве ўмацаванняў, мастоў, грэбляў, за якасцю будаўніцтва («каб месту шкоды не было»), за правільным выдаткаваннем сродкаў. Адным з пытанняў, якое знаходзілася пад наглядам камісіі, было супрацьпажарнае інспектаванне жыллёвых пабудоў — кузняў, лазняў і бровараў. Узначальваў камісію галоўны будаўнік — «будаўнічы», які выбіраўся на год.
Спачатку ўсё гарадское насельніцтва прымала ўдзел у будаўніча-рамонтных работах на гарадскіх умацаваннях. Затым гараджане атрымалі права адкупіцца, унёсшы ў магістрат тры злотых замест асабістай работы на валах на працягу тыдня. За грошы на валах працавалі групы пастаянных землякопаў — «капачоў», цесляроў — «цеслей». Яны мелі штотыднёвую плату: майстар — 4 злотых, цясляр — 3 злотых, «капачы» — 2 злотых. Кіраваў усім у 60-70-ых гадах XVІІ ст. «валмістр Іван», які штомесяц атрымліваў платы па 6 злотых. За агульным станам умацаванняў валмайстру дапамагалі сачыць два «дазорцы» — адзін у Старым, другі ў Новым горадзе. Яны абавязаны былі не менш аднаго раза ў тыдзень абыходзіць і аглядаць валы, больверкі і брамы, дакладваць «будаўнічаму», апошні — губернатару горада пра неабходнасць праводзіць дзе-небудзь рамонтныя работы. Таксама мелася асобая ахова, якая падглядала, каб гарадская скаціна, асабліва свінні, не пасвілася на валах.