Сваю частку ваенна-будаўнічых работ выконвала замкавая воласць. У прыватнасці, пад яе наглядам знаходзіўся рамонт моста праз ручай Бычок, які вёў ад рынка ў Ніжні замак, свая доля земляных валоў з парканам на іх у выглядзе гародняў. І горад, і воласць строга трымаліся «старины», выконваючы сваю частку фартыфікацыйных работ.
Дагляд і рамонт умацаванняў у Слуцку вяліся практычна круглы год. Адны работы змяняліся другімі. Прадбачыўшы якія-небудзь работы, жыхары часта загадзя рыхтавалі будаўнічыя матэрыялы альбо да марозаў капалі ровікі на вале, каб можна было ставіць палісад і зімою. Паколькі вадзяныя равы з'яўляліся сур'ёзнай перашкодай на шляху праціўніка, за іх станам сачылі нават зімою, вызвалялі ад лёду значную частку прасторы. Як толькі пачыналася пара ледаставу, магістрат штодзённа выдзяляў людзей, якія «лёд секлі каля Новай фартэцыі» і ў розных месцах каля Старога і Новага горада. За працу плацілі кожны тыдзень. Пры гэтым улічваліся ставы, зробленыя на Случы. Акрамя таго, рэгулярна прызначалася група работнікаў, якія «снег з валу скідалі».
Паступова самі жыхары, аб'яднаныя ў сотні, усё радзей прымалі непасрэдны ўдзел у ваенна-фартыфікацыйных работах, пераважна замест гэтага ўносілі грошы, за якія магістрат наймаў кваліфікаваных «цесляў-дойлідаў», «капачэй», «муралёў» і іншых будаўнікоў. Акрамя іх «на вал» пасылалі ўсіх парушальнікаў законаў унутрыгарадскога і ўнутрыцэхавага жыцця. Так, у 1666 г. рамеснікі-«партачы» і тыя, хто не выканаў у тэрмін заказы альбо рамонты якіх-небудзь рэчаў (абутку, адзення і г.д.), караліся «валовай работай» на час адтэрміноўкі выканання заказу. Той рамеснік, які браў задатак і не выканаў заказ альбо падсунуў заказчыку чужы тавар, караўся месячнай работай «на вале». Караліся і другія парушальнікі цэхавых рамесных статутаў, аб'яднаныя тэрмінам «свавольныя рамеснікі». «На вал» пасылалі вазіць тачкамі зямлю злодзеяў, віна якіх была даказана, а таксама мяшчан, што не маглі выплаціць «падымнае». Магістрат загадаў строга караць жанчын лёгкіх паводзін — «непачцівых жанчын, распуст», якія канцэнтраваліся ў корчмах. Такіх загадана было браць пад арышт і пасылаць на сама брудныя работы — чэрпаць твань з абарончых равоў, чысціць вуліцы і інш.
Сіла і магутнасць горада таго часу базаваліся не толькі на яго ўмацаваннях і ўзброеным мяшчанстве. Не меншае значэнне мела забяспечанасць гараджан на выпадак асады правіянтам і вадою. Водазабеспячэнне ў Слуцку вырашалася лёгка: р. Случ падзяляла горад папалам, запаўняла да таго ж вадзяныя абарончыя равы. Аснову правіянту складала зерне. Хлеб збіралі ў асобым складзе — гарадскім «правіянтхаўзе». Кожная сям'я прапарцыянальна колькасці членаў здавала сюды штогод пэўную колькасць карцоў зерня. Акрамя таго, мяшчане мелі таксама запас хлеба дома. Ведалі гарадскім хлебасховішчам, сачылі за станам зерня, прасушваючы і праветрываючы яго, два прызначаных магістратам «правіянтмейсцеры». Вясной запасы хлеба аднаўляліся: стары хлеб прадавалі і куплялі новы на выручаныя грошы.
Рэгулярна правяралася колькасць зерня з недатыкальнага запасу ў мяшчан. Кожны карэц зерня, якога не хапала да прызначанай колькасці, абкладаўся штрафам, які ў 1666 г. дасягнуў аднаго злотага. Пры адсутнасці наяўнага хлеба дазвалялася рабіць грашовыя запасы, узгадняючы суму з рыначнай цаной хлеба. Ва ўмовах ваеннай пагрозы ўся «жыўнасць» залічвалася на разраду «амуніцый». Па ўсіх брамах пільна сачылі, каб з горада не вывозіліся не толькі порах, волава, сера і салетра, але таксама зерне, саланіна і іншыя прадукты харчавання.
Нормай запасу правіянту на аднаго чалавека лічыўся запас, які дазваляў вытрымаць асаду працягласцю ў год. Толькі на такіх умовах прымалі ў Слуцак шляхту з чэляддзю, мяшчан з іншых гарадоў, магчыма, сялян, якія беглі ад вайны. Тых, хто не меў неабходнай колькасці правіянту, з горада выганялі. Выключэнне складалі «людзі ўбогія» — калекі, адзінокія старыя і іншыя, якія знаходзіліся на ўтрыманні гарадской абшчыны. У пачатку аблогі хлеб «з правіянтхаўза» раздаваўся жыхарам згодна рэестру. Частку хлеба выдавалі гарадскім пекарам, якія прадавалі спечаны хлеб толькі мясцовым жыхарам.