Выбрать главу

Добра адладжаная сістэма абароны Слуцка неаднаразова ўздзейнічала на ход ваенных дзеянняў XVІІ-XVІІІ стст. Так, у жніўні 1648 г. двухтысячны атрад украінскіх казакоў і беларускіх сялян не змог узяць у час аблогі і штурмаў гарадскіх умацаванняў. Паўстанцы панеслі вялікія страты, а пазней ля в. Пагост былі разгромлены.

З 2 па 6 верасня 1655 г. горад без поспеху трымала ў аблозе дваццацітысячнае войска маскоўскага ваяводы А. Н. Трубяцкога. З 27 па 30 верасня аблога паўтарылася, прычым да ваяводы падышло падмацаванне ў пяць тысяч казакоў на чале з І.Залатарэнкам. Аднак горад узяць не ўдалося. Трубяцкі адступіў, спаліўшы прадмесце Слуцка і навакольныя сёлы. У ходзе вайны 1654–1667 гг. горад ні разу не быў узяты войскамі праціўніка.

У цэлым ваенна-фартыфікацыйны патэнцыял сярэдневяковага Слуцка быў вялікім. Гэта рэальна адзначалася і яго ўладальнікам Радзівілам і ўрадам Рэчы Паспалітай. У крытычныя моманты гісторыі — паўстанняў 1648–1653 гг., вайны 1654–1667 гг. — ім удалося выкарыстаць магутнасць і непрыступнасць Слуцка ў сваіх інтарэсах. Не выпадкова соймы Рэчы Паспалітай надалі гораду ў 1649, 1653, 1655 і 1677 гг. так званыя «лібертацыі» — вызваленні мяшчан ад розных дзяржаўных падаткаў, падкрэслівалі заслугі Багуслава Радзівіла, які ўтрымліваў за свой кошт у замку каля 1000 драгунаў, рэйтараў і венгерскай пяхоты на працягу ўсёй вайны 1554–1667 гг. «Непрыступны бастыён Літвы» (так называлі тады Слуцак) на працягу XVІІІ ст. заставаўся магутным умацаваннем. У 1780 г. расейскія афіцэры, якія складалі тапаграфічнае апісанне Слуцка, адзначылі непашкоджаны стан яго ўмацаванняў, у тым ліку ўсіх чатырох брам горада. Аднак, апынуўшыся ў глыбіні Расейскай імперыі, умацаванні Слуцка страцілі сваё першапачатковае значэнне і паступова прыйшлі ў заняпад.

Клецак

Цэнтрам абароны сярэдневяковага Клецка быў дзядзінец летапіснага горада Клечаска (1128), які мясціўся на прыродным узвышшы левага берага р. Лані. Плошча замчышча ў плане мае абрыс круга дыяметрам 80 м. Яна абкружана валам вышынёй 1,3–1,5 м. Прарэзка вала, праведзеная восенню 1981 г. аўтарам, паказала, што асноўны насып вала ўзвялі ў ХІ ст. з пяску і жвіру і ў далейшым падсыпалі не менш за пяць разоў. Аднак ядро сярэдневяковых умацаванняў замка складаў насып старажытнага вала шырынёй у аснове да 8 м і вышынёй 2,5–3,0 м. Пляцоўка замчышча ўзвышалася над далінаю р. Лані на 8-10 м. Яна аддзялялася ад астатняга плато абарончым ровам, які меў шырыню да 35 м і глыбіню 6–7,5 м. Воды ракі, паднятыя запрудаю, наваднялі яго і прыкрывалі подступы да замка. Сюды можна было трапіць праз мост, перакінуты да замкавай брамы. Прарэзка вала выявіла ў двух падсыпках рэшткі драўляных першапачатковых канструкцый, ад якіх захавалася толькі парахня. Каменных сцен і вежаў замак, зыходзячы з даследаванняў, ніколі не меў.

З XVІІ ст. Клецак знаходзіўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і быў часткай велікакняжацкага дамена. Ён часта перадаваўся ва ўтрыманне розных асоб. З 1456 па 1523 г. ім валодаў збеглы з Масковіі князь Іван Васілевіч Яраславіч, праўнук Уладзіміра Андрэевіча Серпухаўскага, а затым яго сын Фёдар Іванавіч Яраславіч. З 1523 па 1558 г. ён быў у валоданні вялікай княгіні Боны, ад якой 20 траўня 1558 г. горад перайшоў да Радзівілаў. Яны валодалі Клецкам да канца XVІІІ ст.