Выбрать главу

Хоць у 1632 г. Друя была занята маскоўскімі войскамі «с пролитием крови жителей, урядников, ротмистров и всей военной добычей», аднак горад у хуткім часе адрадзіўся. Тут дзейнічалі рамесныя цэхі, якія, як і ў іншых магдэбургскіх гарадах, валодалі ўласнай ваеннай амуніцыяй, харугвамі-сцягамі, бубнамі і трубамі. У ваенных адносінах жыхары Друі падзяляліся на тры сотні са сваімі сотнікамі. У горадзе былі свае збройныя майстры — мечнік, людвісар, слесары і іншыя рамеснікі.

На пачатку вайны 1554–1667 гг., 27 чэрвеня 1654 г., пасля бою Друя была занята царскімі войскамі князя М. Шарамецьева і С. Стрэшнева, якія «горад Друю взяли и литовских людей побили и дворы и костелы пожгли». Частка жыхароў, «убояся», разбеглася па навакольных лясах. Аднак у 1655 г. дзісненскі ваявода М. Чэлішчаў заклікаў друянаў жыць па-ранейшаму ў сваіх дамах. Тыя вярнуліся.

У ходзе контрнаступлення войск Рэчы Паспалітай у канцы вясны — пачатку лета 1655 г. Друя была занята палкоўнікам Касароўскім. Супраць яго 20 чэрвеня з Полацка накіравалася групіроўка царскіх ратных людзей на чале з ваяводам Д. Якаўлевым. Яна нанесла непрыяцелю паражэнне, узяла палонных, вялікія трафеі і «таборы литовских людей пожгла». Друя зноў моцна пацярпела ад ваенных дзеянняў і служылых людзей Д. Якаўлева. «Нас, сирот твоих, — пісалі друяне цару, — многих посекли и разорили, и обдолжали великими долгами».

Праз некаторы час у сувязі з уступленнем Швецыі ў вайну шведы акупавалі Браслаўскі павет, а ў Друю ўвайшоў атрад палкоўніка дэ ла Гарда колькасцю каля 100 чалавек. Даведаўшыся, што горад ужо прысягнуў цару, шведы абрабавалі горад, яго навакольныя вёскі і пайшлі адсюль. У 1656 г. іх застава размяшчалася ў Сапежынскай слабадзе на тэрыторыі кляштара. Маскоўцы таксама паставілі заставу ў 46 чалавек, баючыся, каб «друяне не разбежались», а таксама шведскага пагрому. У тым жа годзе з Друі пад Дзінабург для пабудовы і ўмацавання астрога ў дапамогу маскоўскім войскам былі накіраваны мясцовы пушкар, цясляр і каваль.

У 1657 г. у Друі размясціліся 2 тыс. чалавек маскоўскай пяхоты і казакоў пад началам ваяводы Пронскага. Цар загадаў ваяводзе І.С.Ціхменеву «для береженья и от приходу воинских людей острог делать друйскими посацкими и уездными жилецкими всякими людьми». У кастрычніку 1657 г. ваявода ўжо пачаў будаваць у Задруйскай слабадзе на правым беразе Дзвіны «на Полоцкой стороне» драўляны астрог. Аднак цар указаў, што ваявода задумаў узводзіць занадта вялікія ўмацаванні, «велми не по людям, на 600 саженях» даўжыні. Ваяводзе быў пасланы наказ, каб ён «призвав к себе друянского уезду помещиков, шляхту добрую и друйских бурмистров и мещан лучшнх людей, помыслил и поговорил», якое месца болей падыходзіць для такога будаўніцтва. Рэкамендавалася «острог делать на 300 саженях». Ужо ўзведзеныя вежы належала пераставіць на новае месца, але каб «болши того под острог места не занимал». У астрозе ставілі гарматы.

Цар не выключаў варыянта пераносу пачатага астрога на левы бераг Дзвіны, у горад Друю, калі мясцовыя жыхары — «лутчие люди» вырашылі б, што гэта для абароны будзе выгадней. Але дакументы пазнейшага часу сведчаць, што ўмацаванні ўсё ж узвялі на правым беразе Дзвіны, у Задруі. У жніўні 1661 г. Друя была як бы падзелена на дзве часткі: за Дзвіной, у Задруі, стаялі маскоўскія войскі, якія заселі ў астрозе, а на левым беразе Дзвіны, у самой Друі, знаходзілася войска Рэчы Паспалітай. Яно размяшчалася ў шанцах і каля моста, які злучаў Друю з Задруяй. Кіраваў ім гетман Пац. Гетман спрабаваў рушыць свае войскі «к Двине против великого государя ратных людей, и великого государя ратные люди из пушек и их мушкетов многую шкоду учинили жмойцкому и литовскому войску», якое, дарэчы, цярпела ад голада і вострай нястачы пораху.

Апошні раз Друя вытрымала ваенныя ліхалецці 24 студзеня 1664 г., калі маскоўскія войскі зрабілі рэйд з-пад Люцына «за Двину реку… и Друю и Друйское место высекли и выжгли и хлебные запасы и конские кормы пожгли и языки поймали». Ваявода І.Сумарокаў паведаміў цару, што яго ратныя людзі, «пришед изгоном, Друю высекли и выжгли и Друйские места разорили и многих литовских людей побили и языки поймали».

Зараз сляды сярэдневяковых умацаванняў Друі зніклі пад шчыльнай гарадской забудовай.

Друцак

Умацаванні летапіснага Друцка Х-ХІІ стст. мелі складаную сістэму абароны. Яна складалася з дзядзінца (замка) і навакольнага горада (падзамка), якія функцыянавалі ў ХІV-XVІІ стст. Замак размяшчаўся на правым беразе р. Друці і меў у плане няправільную чатырохвугольную форму. Яна паўтарала натуральную канфігурацыю ўзвышэння, занятага замкам. Яго пляцоўка памерам 140 х 80 м на 22 м узвышалася над узроўнем ракі, была амаль гарызантальнай і абмяжоўвалася магутным валам. Ён і зараз дасягае 10 м вышыні, мае перад сабой абарончы роў, які даходзіў у паўднёвай частцы да 12 м, у заходняй — да 6 м глыбіні. Пляцоўку падзамка (170 х 100 м) паўкруглай формы таксама абкружаў вал вышынёй да 7 м. З напольнага боку ад астатняй часткі берагавога плато яна адрэзана дугападобным ровам. За ім, абдымаючы ўмацаванні з поўначы, захаду і ўсходу, размяшчаўся сярэдневяковы горад, які жыў своеасаблівым жыццём парубежнага паселішча.