Выбрать главу

Апісанне Друцкага замка можна знайсці ў «Кроніцы Эўрапейскай Сармацыі», выдадзенай А. Гваньіні, які ў 1558–1583 гг. быў камендантам віцебскіх земляў. «Одручка-замак на гары высокай, драўляны, калісьці быў княствам, цяпер многа шляхты рускай тытул гэтага княства ўжываюць». Урэшце, на картах 1562, 1589, 1595 і 1613 гг., выданых у Заходняй Эўропе, пастаянна паказваўся ўмоўным значком замак «Одручк», які існаваў тады рэальна.

Заняпад Друцкага замка адбыўся, верагодна, каля сярэдзіны XVІ ст. Ва ўсякім выпадку ў дакументах перыяду вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. ён не ўпамінаецца. І.Г. Корб, які быў у Друцку ў самым канцы XVІІ ст., пазначыў у сваім дзённіку: «Говорят, что в прошлом столетии этот город имел 7 миль в окружности и славился 200 знаменитых храмов, но во время ожесточенной войны… подвергался такому опустошению, что к нему можно применить то, о чем плачет поэт на развалинах Трои: где стоял Пергам — там теперь колосья». Гэтыя звесткі пра Друцак XVІ ст., вядома, празмерна перабольшаныя, але канец гісторыі яго ўмацаванняў яны ўгадалі.

Копысь

Комплекс умацаванняў горада Копысі XVІ-XVІІІ стст. атрымаў у спадчыну фартыфікацыю дзядзінца летапіснай Копысі (1095), уключаючы таксама зноў створаную лінію абароны «места». Яно разраслося ў познім сярэднявеччы ўздоўж левага берага Дняпра. Ваенна-адміністрацыйным цэнтрам горада лічыўся замак, які стаяў на ўзвышанай частцы берага. Першапачатковае мысавае гарадзішча было, напэўна, акруглым, плошчай каля 0,5 га, яго паўночны край трохі выступаў. Уваход знаходзіўся з усходняга боку. У выніку ваенна-будаўнічых работ канфігурацыя ўмацаванняў першапачатковага гарадзішча значна змянілася. Зараз перыметр вала раўняецца 370 м, памеры ўнутранай пляцоўкі 80 х 60 м. Перыметр гарадскіх умацаванняў, якія ў плане мелі выгляд выгнутага на ўсход прамавугольніка, раўняўся крыху больш за 1 км. Цікавай і значнай дэталлю планіровачнай структуры ўмацаванняў Копысі з'яўляюцца дзве невялікія ракі — Страшаўка і Сморкаўка. Яны працякалі па тэрыторыі горада з паўночнага ўсходу і ўсходу на захад, агінаючы замак з двух бакоў і ўпадаючы ў Дняпро. У ХІV-XVІІІ стст. воды гэтых рэк працавалі на абарону горада. Дзякуючы сістэме запруд на подступах да гарадскіх умацаванняў з усходу і паўночнага ўсходу ўзніклі штучныя вадаёмы. Яны запаўнялі вадою абарончыя равы знешняй лініі ўмацаванняў. Далей, прайшоўшы пад валам, што дазваляе меркаваць пра наяўнасць якой-небудзь асобай палевай канструкцыі, паўзверх якой праходзіў земляны насып, гэтыя рэкі злучаліся ля замка. Тут вусце р. Сморкаўкі было перакрыта дамбай, а воды абедзвюх рэк, падпёртыя плацінаю млына, стварылі штучнае вадасховішча. Яно абараняла непасрэдныя подступы да замка з поўдня, усходу і паўночнага ўсходу. Праезд у замак ішоў па запрудзе млына, якая падводзіла да пад'ёмнага моста перад замкавай брамай.

Прарэзкай вала на замку зафіксаваны два адметна выяўленыя будаўнічыя этапы. Першапачатковы вал быў насыпаны з дробнага пяску з гумусіраванымі праслойкамі, што, напэўна, сведчыць пра існаванне раней не ўмацаванага паселішча. Старажытнейшы вал вышынёй да 5 м узвялі ў другой палавіне ХІ — пачатку ХІІ ст. Затым вал некалькі расшырылі і павялічылі ў вышыню яшчэ на 2 м.