Вытворчыя сілы гарадоў ХІV-XVІІІ стст. у значнай ступені працавалі на патрэбы абароны. У рамёствах, звязаных з вытворчасцю зброі, існавала выразная спецыялізацыя. На абарону гарадоў працавалі кавалі, кацельшчыкі, ліцейшчыкі, бляхары, платнеры, слесары, замочнікі, мечнікі, салетраннікі, парахоўшчыкі, шабельнікі, пушкары, гадзіннікавых спраў майстры, меднікі, нажоўшчыкі, ліцейшчыкі гармат — людвісары, ювеліры, каменечосы, гравёры, токары, броннікі, ключнікі, рэзчыкі па металу, рудамёты, шахцёры, слесары «англіцкай работы», валмайстры, далакопы і іншыя майстры.
Умацаванні прыватнаўласніцкіх замкаў і гарадоў Беларусі ХІV-XVІІІ стст. былі на ўзроўні ваенных патрабаванняў эпохі. Мясцовае ваеннае дойлідства захавала свае нацыянальныя рысы, мела свой каларыт і вобраз, адлюстроўвала высокі ўзровень культуры беларускага народа.
Старажытны замак у Наваградку з'яўляецца ўнікальным помнікам абароннага дойлідства эпохі сярэдневякоўя. Вывучэнне яго ўмацаванняў паказала, што гэта свайго роду жывы летапіс беларускай ваеннай архітэктуры. Умацаванні Наваградскага замка прайшлі шлях ад прасцейшай агароджы-частаколу да магутнейшага шматвежавага замка.
У 20-ыя гады нашага стагоддзя польскія даследнікі праводзілі тут рэстаўрацыйна-кансервацыйныя і археалагічныя работы. У выніку была ўстаноўлена лінія замкавых сцен, знойдзены рэшткі дзвюх нарожных веж і адкрыты фундаменты некаторых будынкаў на дзядзінцы. Датай узвядзення муроў яны палічылі першую палову XV ст. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні 1969–1973 гг. далі новыя цікавыя вынікі, якія істотна дапаўняюць ранейшыя даныя.
Старажытнейшай мураванай вежай Наваградскага замка з'яўляецца вежа-данжон, пабудаваная ў ХІІІ ст., верагодней за ўсё, у другой яго палове. Аб яе існаванні гістарычныя крыніцы нічога не паведамляюць. Між тым вядома, што ў канцы ХІІІ-ХІV ст. замак ні разу не быў узяты варожымі войскамі, і ў гэтым, трэба думаць, немалая заслуга і старой вежы. Так, Іпацьеўскі летапіс, апісваючы пад 1274 г. штурм Наваградка галіцка-валынскімі і татарскімі войскамі, адзначае, што дзядзінец горада захапіць не ўдалося. У 1314 г. атрад крыжакоў на чале з магістрам Генрыкам фон Плоцке асадзіў Наваградак. Захопнікі спалілі горад, а жыхары зачыніліся ў сваім замку і мужна бараніліся. Гэтак жа марна закончыліся намеры крыжакоў у 1391 г., якіх прывёў магістр Конрад Валенрод, і ў 1394 г. на чале з магістрам Конрадам фон Юнінгемам. Магчыма, пад час гэтых паходаў мураваная вежа Наваградскага замка ўсё ж была пашкоджана. Шурф, закладзены з усходняга боку вежы, адкрыў яе старажытную каменную сцяну, якая на вышыні 4 м ад цокаля фундамента як бы коса ссечана.
Відаць, тады ж, у канцы ХІV ст., гэта вежа была адбудавана, але ўжо не з каменю, а з цэглы. Вежу ўзвялі на руінах папярэдніцы ў традыцыйнай тэхніцы лусковай муроўкі і зрабілі ў ёй праезджую браму. Такая пабудова была характэрна для эўрапейскага абарончага дойлідства ХІV ст. Новая вежа была 5-павярховай з перакрыццямі па бэльках, ад якіх уцалелі адтуліны памерамі 35 х 35 см; агульная вышыня — каля 25 м. Дах пакрываўся спачатку гонтам, а потым, відаць, з XV ст. — плоскай чарапіцай — «дахоўкай». Для завяршэння верху і вуглоў даху ўжывалася карытчатая і фасонная чарапіца, кавалкі якой былі знойдзены пры раскопках.
Па форме вежа нагадвала чатырохкантовую прызму, якая паступова звужалася і патанчалася на конус. Калі таўшчыня яе сцен на ўзроўні першага паверха раўнялася 2,75 м, то на ўзроўні другога — 2,6 м.
Тоўшчу сцен вежы праразалі байніцы спічастых абрысаў, а ўнізе — праёмы замкавай брамы. Цяпер праём паўночнай сцяны замураваны. Мяркуючы па ўсяму, брама наглуха зачынялася знутры вежы. Такім чынам, вежа ў час асады ператваралася ў самастойны апорны пункт, выконваючы адначасова і ролю галоўнага дазорнага і каманднага пункта. На ўсходняй сцяне вежы на ўзроўні чацвёртага паверха захаваліся сляды невялікага эркера. Гэта вежа вядома ў гістарычнай літаратуры пад назвай Шчытовая, Шчытоўка і Цэнтральная.
У тоўшчы паўднёвай сцяны Шчытоўкі ішла ўгору мураваная лесвіца. Пачыналася яна ў паўднёва-заходнім куце вежы, які цяпер, на жаль, разбураны, і, відаць, ішла далей скрозь усе паверхі, маючы, натуральна, на кожным з іх выхад. Сляды яе захаваліся і ва ўсходняй сцяне вежы на ўзроўні чацвёртага і пятага паверхаў. У небяспечны час гэтымі лесвіцамі карысталіся воіны. Не выключана, што ўнутры вежы, паміж паверхамі, меліся і драўляныя лесвіцы для штодзённага карыстання, паколькі, несумненна, асобныя паверхі выкарыстоўваліся пад жыллё.