Адначасова з новай вежай узвялі прасла сцяны паміж ёю і Шчытоўкай, якое замкнула, такім чынам, кальцо замкавых муроў. Сцяна мае даўжыню 51 м і таўшчыню 2 м. Падмурак сцяны па магутнасці і глыбіні залягання не ідзе ў параўнанне ні з адным участкам сцен. Ён мае вышыню 1,5 м, у той час як прасла сцяны, што злучае Шчытоўку і Касцельную вежу, — трохметровы падмурак. Як устаноўлена, новай мураванай сцяне папярэднічалі драўляныя ўмацаванні, якія датуюцца ХІV-XVІ стст.
Хуткае развіццё атрылерыі і ўдасканаленне тактыкі асады на працягу XV і XVІ стст. зрабілі Малую браму замка, якая звязвала яго з «местам», не зусім надзейнай. Калодзежная вежа, хаця і фланкіравала падыходы да замкавай брамы, але ў новых умовах гэтага было ўжо недастаткова. Між тым брама па-ранейшаму заставалася найбольш важным і адказным участкам абароны замка. Гэта прымусіла ў пачатку XVІ ст. распачаць будаўніцтва дадатковай вежы ля паўднёва-ўсходняга схілу гары, якая бараніла з боку «места» подступы да ўваходу ў замак. Злучыўшыся прасламі сцен з Калодзежнай і Малой брамай, новая Меская вежа-брама стала цэнтрам своеасаблівага мураванага бастыёна — «форбурга». Гэтыя дадатковыя ўмацаванні значна павысілі фартыфікацыйныя якасці Наваградскага замка. Толькі прайшоўшы праз браму, можна было трапіць на тэрыторыю форбурга, пад аховай якога цяпер знаходзілася дарога ў замак.
Сёмая вежа знойдзена ў 1970 г. Сцены вежы зроблены з добра абчасаных камянёў, прамежкі паміж якімі старанна замураваны кавалкамі цэглы і вапнавым растворам. Вызначыць сапраўдныя памеры сёмай вежы з прычыны шчыльнай забудовы тэрыторыі цяпер немагчыма.
Меская вежа звязана праслам мураванай сцяны з Калодзежнай. Даўжыня сцяны крыху больш за 50 м, таўшчыня 3 м. Муроўка цаглянай сцяны гатычная (чаргаванне аднаго лажка і аднаго тычка). Другое прасла — да малой уваходнай вежы на замку — дэталёва не вывучана. Шурфоўкай толькі вызначаны яго агульны напрамак. Выказваліся думкі, што фарны касцёл, размешчаны ля падэшвы Замкавай гары, на рубяжы XVІ-XVІІ стст. уваходзіў у агульную сістэму ўмацаванняў замка.
У XVІ ст. Наваградскі замак меў 7 веж і быў адным з магутнейшых у Беларусі.
Узбраенне гарнізона замка ў 1551 г. складалася з гакаўніц, гармат сярэдняга калібру. Дакументы канца XVІ ст. паведамляюць, што тут меліся фальканет вялікі двухфунтовік, фальканет сярэдні з ядрамі ў 1 фунт і серпянтына, якая страляла паўфунтовымі ядрамі. Каменныя ядры розных памераў знойдзены аўтарам пры раскопках у вежы Шчытоўцы. У 20-ыя гады 27 ядраў знайшлі польскія археолагі.
Пад час вайны 1654–1667 гг. маскоўскія войскі двойчы бралі Наваградак. У 1655 г., у пачатку верасня, яго занялі казакі І.Залатарэнкі. Пры гэтым замак і горад вельмі пацярпелі пад час асады. Часткова ўзноўлены ў 1660 г. замак зноў быў заняты войскамі князя А.І.Хаванскага — на гэты раз без бою: наёмны гарнізон, які не атрымаў своечасова плату за службу, адчыніў браму ворагу. Вежы замка Меская, Калодзежная, Малая брама і Пасадская, а таксама праслы сцен былі разбураны да падмуркаў. Канчаткова ўдар па замкавых мурах нанеслі шведы ў час Паўночнай вайны.
З прычыны моцных разбурэнняў і спусташэння Наваградка сойм Рэчы Паспалітай у 1661 г. вызваліў горад ад падаткаў на 4 гады.
У царскай Расеі не клапаціліся аб ахове старажытных помнікаў ваеннага дойлідства. Аб гэтым сведчыць цікавы факт, які датычыцца Наваградскага замка. У 1802 г. гарадзенскі губернатар Бенігсан даў дазвол наваградскаму гараднічаму Скалону разабраць рэшткі замкавых веж з умовай, што каменнем з іх вымасцяць вуліцы горада. Відаць, работа ішла марудна, бо ў 1828 г. у данясенні Літоўска-Гарадзенскаму губернскаму праўленню паведамлялася, што ў Наваградскім старажытным замку яшчэ ёсць «две башни довольно… крепкие, немного вверху поврежденные, состоящие в ведомстве Новогрудской экономии».
У канцы ХІХ ст. на тэрыторыю замчышча праз пралом у мурах пачалі звозіць з усяго Наваградка смецце, якое пакрыла больш як двухметровым пластам руіны старажытных пабудоў.
У 1906 г. рухнула Касцельная вежа. Дзякуючы намаганням мясцовага аматара старажытнасцей Т. Корзана рэшткі вежы былі падпёрты двума эскарпамі. У гады першай сусветнай вайны абвалілася паўднёвая сцяна Шчытоўкі.
Толькі ў 1921 г. Наваградскі замак быў нарэшце ўзят пад ахову, а ў наступныя 1922–1930 гг. праведзена частковая кансервацыя ўцалелых рэшткаў веж. Прычым сцены Касцельнай вежы былі фактычна складзены нанава.