Выбрать главу

У паўднёвай сцяне Крэўскага замка меўся запасны выхад-праём. Цяпер ён не існуе, паколькі сцяна ў гэтым месцы абвалілася. Але на фотаздымках і малюнках канца ХІХ — пачатку XX ст. ён добра бачны. Яго памеры — 4,26 х 2,84 м.

Заходнюю сцяну ля самага долу праразае яшчэ адзін праём спічастай формы, які мае вышыню каля 2,5 м і шырыню 2,25 м. Некаторыя даследнікі лічаць яго адтулінай для ўпуску вады ў замкавы стаў — сажалку. На нашу думку, тут была запасная брама замка.

Археалагічныя даследаванні, зробленыя на тэрыторыі Крэўскага замчышча, паказалі, што культурны слой тут нязначны. Яго таўшчыня 0,5–0,7 м. Кераміка позняя — ХІV-XVІ стст. Сустракаюцца кавалкі паліванай і непаліванай кафлі, шкло. У шурфах каля веж знойдзена чарапіца, якой пакрывалі дах. У Крэве не ўвесь замкавы двор выкладзены каменем. Толькі ад уваходнай брамы, якая праразала тоўшчу паўночнай сцяны, ішла да малой паўднёва-ўсходняй вежы выбрукаваная дарога шырынёй каля 8 м. Паколькі паўднёва-ўсходні ўчастак замкавага двара быў балоцістым і мокрым, дарогу «забралі» ў каркас з бярвення вышынёй 80 см. Справа ад гэтай дарогі, у паўднёва-заходнім куце двара, верагодна, знаходзілася тая сажалка, аб якой пісалі даследнікі і гісторыкі ХІХ ст.

На замкавым падворку ёсць толькі два ўзвышэнні. Адно прылягае да вялікай вежы, займаючы паўночна-заходні кут двара плошчай 50 х 35 м. Пясчаная выспа забрукавана. Тут, верагодна, стаялі княжацкія гаспадарчыя службы.

На другім пясчаным узвышэнні, насыпаным нізкім паўднёва-ўсходнім куце двара, была пастаўлена пазнейшая малая вежа. Увогуле ўвесь усходні ўчастак тэрыторыі, які прымыкае да ўсходняй сцяны, крыху падвышаны. Асабліва гэта прыкметна з вуліцы. Невялікі вонкавы адхон тут забрукаваны, каб яго не размывала вада става, які з гэтага боку падступаў да самых муроў.

За сваю гісторыю Крэўскі замак быў сведкам многіх гістарычных падзей. У 1382 г. тут, у падзямеллі Княжацкай вежы, быў задушаны па загаду Ягайлы яго дзядзька князь Кейстут, асноўны прэтэндэнт на велікакняжацкі прастол, галоўны праціўнік Ягайлы. У 1385 г. у Крэўскім замку былі прыняты ўмовы аб'яднання Літвы і Польшчы пад уладай Ягайлы (вядомае ў гісторыі як Крэўская вунія). У 1443 г. замак быў узяты войскамі князя Свідрыгайлы, які ваяваў за велікакняжацкі прастол з князем Жыгімонтам. У 1503–1506 гг. замак абкладалі і значна разбурылі войскі перакопскіх татараў. Пазней тут, у Княжацкай вежы, жыў беглы князь Андрэй Курбскі. Аднак ужо ў XVІ ст. вядомы дыпламат Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што Крэва — горад «з пакінутым замкам».

Замак паступова страціў сваё значэнне як абарончы пункт. У XVІІІ ст. значна была разбурана вялікая вежа, дах і перакрыцці праламіліся, абвалілася частка ўсходнян сцяны.

У сярэдзіне ХІХ ст. Крэўскі замак замаляваў мастак Н. Орда. Асабліва пацярпеў замак у час першай сусветнай вайны. Больш за 3 гады Крэва было фактычна на лініі фронту. Замак апынуўся на нямецкім баку абароны. Тут былі пароблены бетонныя сховішчы (у малой вежы і ля паўднёвай сцяны), назіральныя пункты, у час абстрэлу якіх сцены замка і вялікая вежа дужа пацярпелі. Шмат дзе цагляная абліцоўка сцен адслаілася, а месцамі нават паабвальвалася. Паўночная сцяна замка нахілілася да 10 градусаў. У 1929 г. яе ўмацавалі контрфорсам шырынёй у 2 м і закансервавалі. Абліцоўку галоўнай вежы звязалі жалезнымі зацяжкамі, а шчыліны залілі вапнай. Тады ж падмуравалі рэшткі паўночна-ўсходняй сцяны, умацаваныя эскарпам. Правялі шэраг іншых кансервацыйных работ, якія палепшылі стан замка. Дарэчы, некаторыя сучасныя даследнікі Крэўскага замка памылкова лічаць прымураваны ў 1915 г. да паўдневай сцяны нямецкі бункер за яшчэ адну старажытную замкавую вежу. Так гэты бункер трактуецца ў шэрагу апублікаваных прац, падаецца на некаторых сучасных планах замка і нават у рэканструкцыях. Цяпер устаноўлена, што гэтая прыбудова складзена з камянёў, павыбіваных з замкавых муроў снарадамі, прытым на цэментавым, а не на вапнавым растворы. Да таго ж тут выкарыстаны жалезабетонныя канструкцыі, якія да ХІV ст. не маюць ніякага дачынення. Пасля Другой сусветнай вайны стан замкавых муроў значна пагоршыўся. Помнік патрабуе неадкладнай растаўрацыі і кансервацыі.

Геранёны

Паселішча Геранёны згадваецца ў пісьмовых крыніцах пачынаючы з першай паловы XV ст. У 1433 г. Жыгімонт Кейстутавіч, вялікі князь літоўскі, падараваў Геранёны разам з Дзявенішкамі, Меднікамі і Тыкоцінам Яну Гаштольду.

У 1493 г. вялікі князь Аляксандар пацвердзіў прывілеі на права валодаць Геранёнамі Войцаху Гаштольду, тагачаснаму канцлеру Вялікага Княства Літоўскага і віленскаму ваяводу. Мяркуецца, што на рубяжы XV — пачатку XVІ ст. і быў пабудаваны мураваны замак.